У 1976 годзе, калі я стаў студэнтам беларускага аддзялення філалагічнага факультэта Брэсцкага педінстытута імя А.С. Пушкіна, у нашай акадэмгрупе было дваццаць чатыры дзяўчыны і адзіны юнак. І першым выкладчыкам да нас у аўдыторыю прыйшоў Уладзімір Андрэевіч Калеснік, каб весці выразнае чытанне і курс старажытнай літаратуры.
Хто такі дантыст?
Аднойчы – гэта за два гады лекцый і практычных заняткаў было толькі раз – прайшлі 15 хвілін, а выкладчыка не было, i дзяўчаты ўжо адпраўлялі мяне ў дэканат, як тут праз акно ўбачылі, што па маленькай вуліцы ад драматычнага тэатра кіруе Уладзімір Андрэевіч. Ён зойдзе ў аўдыторыю, павітаецца і папросіць у нас прабачэння за спазненне, што быў у дантыста і вось так атрымалася. Ён пачне чытаць лекцыю, а тут па студэнцкіх радах паляціць запіска з адным пытаннем: хто такі дантыст? Вось якія мы былі студэнты, і вось як пачыналася наша дарога ў настаўніцтва.
У тыя часы штотыдня па першай праграме тэлебачання ішла перадача «Сустрэча ў Астанкіне». Аднойчы слухачы сустракаліся з акадэмікам Дзмітрыем Ліхачовым. Адна з прысутных спытала ў вучонага, як ён дасягнуў такіх вышыняў? Дзмітрый Сяргеевіч адказаў, што калі ён быў студэнтам, у іх быў выкладчык з беларусаў Абрамовіч, ён заўжды на лекцыйныя і практычныя заняткі прыходзіў з партфелем, у якім быў тузін рэдкіх кніг, якія ён паказваў сваім студэнтам і раіў пачытаць абавязкова. Думаю, не будзе лішнім сказаць, што Уладзімір Андрэевіч, бывала, са свайго вялізнага партфеля даставаў тую ці іншую кнігу і казаў мне: «Гэта табе!»

Калеснік – чалавек Адраджэння
Ірына Жэлянгоўская, загадчыца сектара краязнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага: «Нядаўна ў Мінску праходзіў кніжны кірмаш, у якім чынны ўдзел брала і нашая бібліятэка. Паколькі бягучы год у нашай краіне прысвечаны беларускай жанчыне, то сярод іншага на стэндзе нашае ўстановы былi матэрыялы, якія датычаць жыцця і творчасці Ніны Мацяш, Валянціны Локун, Галіны Малажай. Уладзімір Андрэевіч напоўніцу апекаваўся Нінаю Мацяш, падтрымліваў Валянціну Локун, высока ацэньваў выкладчыцкі талент Галіны Малажай. Уладзімір Калеснік сапраўдны чалавек Адраджэння. У нашым сектары знаходзяцца поўныя выданні твораў пісьменніка, згадкі ягоных калегаў, вучняў і паслядоўнікаў. Прыхільнікі таленту гэтага чалавека ведаюць, што Уладзімір Андрэевіч быў прафесійным фатографам, могуць пазнаёміцца і з гэтаю старонкаю ягонае дзейнасці, а таксама паглядзець ягоныя скульптурныя работы, некаторыя карціны».
У артыкуле «Аўтарскі стыль» энцыклапедыі «Беларуская мова» імя Уладзіміра Калесніка стаіць у адным шэрагу з імёнамі Якуба Коласа і Кузьмы Чорнага, Янкі Брыля і Янкі Сіпакова, Фёдара Янкоўскага і Анатоля Клышкі. Уладзімір Андрэевіч у кожным сваім творы – ці то крытычны артыкул, ці то манаграфічнае даследаванне, ці то проста звычайны невялічкі водгук – імкнуўся, каб фраза была гнуткаю і дагледжанаю, каб кожнае слова займала толькі сваё месца. Пры гэтым, што праўда, ён нярэдка падбіраў словы са свайго слоўніка адметныя, так званыя «залацінкі», тым самым падвышаючы іхні статус.

Мову не трэбака правіць…
Пасля заканчэння інстытута я вярнуся ў БПI ўжо выкладчыкам. І аднойчы сказаў Уладзіміру Андрэевічу, што тое, што яны ўтрох апісалі ў кнiзе «Я з вогненнай вёскі…» адносна знікнення з твару Зямлі вёскі Бабровічы, не адпавядае сапраўднасці. Рэакцыя майго настаўніка была імгненнаю… Мне прыйшлося сцішыць свой ход, выслухаць ягоныя довады паслухмяна. Усе, хто хоць раз сустракаўся з Калеснікам, ведалі, што памяць ягоная была бездакорнаю. Крыху па часе Уладзімір Андрэевіч вернецца да гэтае размовы, прыгадае, што кожны з іх трох – Алесь Адамовіч, Янка Брыль і ён – пісалі сваю кнігу. «Валодзя, я амаль паўтара года часу патраціў над старонкамі кнігі, а аказалася, у канчатковы варыянт увайшло толькі тое, што зрабіў Алесь Адамовіч». І ўжо агульнавядомае, пра што гаварылі і пісалі іншыя: кніга выходзіць – і ўсе рукапісы знічтажаюцца, так вырашыў Адамовіч.
Маёю спадарожніцаю па жыццi стала Таццяна Петруковіч, яе маленькая радзіма – вёска Бабровічы, з якой і пачынаецца «Я з вогненнай вёскі…». І кнігу пачынае роспавед бабровіцкай Барбары Слесарчук. Я добра ведаў бабулю Барбару, але ніяк не мог адказаць на пытанне: чаму ў кнізе Барбара гаворыць не сваім голасам? Адказ на маё здзіўленне-пытанне адшукаецца ў перапісцы Янкі Брыля і Алеся Адамовіча. Аказалася, што запiсы Калеснiка – «з усёй украінскай стыхіяй». Янка Брыль і Алесь Адамовіч вырашылi, што «такое і столькі чытач не адолее ў такім выглядзе. Прыйдзецца зрабіць тут мову чуць болей беларускай і меней украінскай».
Мову не трэбака правіць,
Алесь Міхайлавіч, шаноўны.
Няма ў Вас на гэта права,
Хоць Вы для яе брат кроўны.
Мова, яна ёсць мова,
Не ад Вас яна пачалася.
Мова – яна аснова,
У былым і ў будучым часе.
28, снежань, аўторак, 2010.
Бітвы на Нямізе
Алесь Адамовіч і Уладзімір Калеснік пакінуць нас у 1994 годзе. Я, як сёння, помню той студзеньскі дваццаць шосты дзень 1994 года, быў час якраз паабедны, калі ў дэканат зойдзе Уладзімір Андрэевіч, гляне на мяне – я быў намеснікам дэкана – і спытае, чаго я такі сумны? Да гэтага я паспеў пачытаць некралог, што не стала Алеся Міхайлавіча. І сказаў Калесніку. Калеснік завойкае – ну чаго ён папёрся ў тую Маскву? Па твары майго настаўніка каціліся слёзы. І тут знайшоўся выхад: нехта мне перадаў з Бабровічаў свежае рыбы, я і прапанаваў Уладзіміру Андрэевічу. Ён спытаў: адкуль рыба? Кажу, што аказіяй перадалі жончыны бацькі, з Бабровічаў. – Давай (ён выбраў аднаго найбольшага карася). Зайду дадому, звару юшку і памяну Алеся…
Пішучы Слова пра свайго настаўніка, не магу не згадаць нашай апошняе сустрэчы ў апошнія лістападаўскія дні 1994 года. Сустрэў Соф’ю Міхайлаўну і кажу ёй, што хацеў бы перадаць Уладзіміру Андрэевічу свежых журавінаў, пытаюся, як гэта лепей зрабіць? Соф’я Міхайлаўна кажа: «То прыйдзі, Валодзя, да нас». На другі дзень я быў у Калеснікаў. «Ну што ты новага вычытаў?» А я кажу, што Іван Чыгрынаў арганізаваў спецыяльную экспедыцыю, вынікам якое стала, што бітвы на мінскай Нямізе не было, была на той Нямізе, што на Чарнігаўшчыне. Лепш бы гэтага я не гаварыў! Соф’я Міхайлаўна здолела ўсё-ткі ўлагодзіць нас абодвух.

З-пад Калеснікавага крыла
Уладзімір Андрэевіч любіў жарты, i да гэтага часу сярод ягоных вучняў яны працягваюць жыць. Так, ягоны вучань паэт Алесь Каско згадвае наступнае: «Круглы стол» ва універсітэцкім навуковым цэнтры імя Калесніка. Ужо хвілін дзесяць трымае слова Уладзімір Гніламёдаў:
– …дык не адразу і згадаеш, каго можна паставіць з ім побач… Поруч… Поплеч… М-м, пра што гэта я казаў?
– Сінонімы падбіралі, — з усмешкаю «падказвае» Алесь Разанаў.
Ад сябе дадам, што абодва – Уладзімір Гніламёдаў і Алесь Разанаў – выйшлі з-пад Калеснікавага крыла, першы ў пераліку стане філолагам-акадэмікам, а другі – геніем.
Яшчэ адзін досціп з таго ж Алеся Каско: «З «Полымем» у руках звоніць у дзверы да Ул. Калесніка Сцяпан Крываль. Уладзімір Андрэевіч выйшаў: — Табе чаго? – Я, во, надрукаваўся. – І вырашыў пахваліцца гэтым пасярод ночы? – Вырашыў так: Вы прачытаеце, і калі апавяданне спадабаецца, дык дасце мне тры рублі да Маларыты.

«Ствараў на Берасцейшчыне поле»
Алесь Разанаў, паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы (з успамінаў). «Уладзімір Калеснік быў больш чым асоба: сваёю рупліваю дзейнасцю, грунтоўнай адукаванасцю, шматграннай таленавітасцю, выдатнасцю ён ствараў на Берасцейшчыне поле, у якім усё таленавітае, адданае творчасці, справе беларускай культуры і асветы атрымлівала заахвочванне і здабывала самасцвярджэнне, і быў гэтым полем.
Безумоўна, ён лічыўся з ідэалагічным надвор’ем, што панавала ў краіне, але ў сваіх выказваннях і меркаваннях заўсёды ішоў да асабістага досведу, ад чалавечай маралі і ў скрытай, а то і ў адкрытай спрэчцы творцаў і ідэолагаў аддаваў відавочную перавагу творцам.
Неяк, калі я з трыма аднакурсніцамі адбываў студэнцкую практыку на Пружаншчыне, у Харэўскай школе, за якую гадзіну да пачатку заняткаў да нас на сваім «Масквічы» заявіўся з праверкай Уладзімір Калеснік. Я ўжо карпеў над канспектам, бо звечара не падрыхтаваўся да сённяшніх урокаў, а мае каляжанкі ў суседнім пакоі яшчэ дагледжвалі сны. Было тут перапалоху!.. Але дарма мы баяліся. Праверка аказалася на самой справе дасведчанымі парадамі старэйшага таварыша маладзейшым.
Наступныя дні ў мяне былі вольныя, і, калі Уладзімір Калеснік прапанаваў паехаць з ім у Брэст, я з задавальненнем згадзіўся. Дыхала восенню, вечарэла, і над самай атуленай лесам дарогай, якою мы ехалі, вісела велізарнае чырвонае сонца. Вісела доўга-доўга, і, прыцягнутыя яго таямнічай сілай, змоўклыя, мы ехалі насустрач, ці наўздагон, яму. Ехалі доўга-доўга.
Мне і цяпер часамі здаецца, што з Уладзімірам Калеснікам мы едзем у сонца».

«Асветнік-гуманіст абуджаў у нас пачуццё годнасці»
Васіль Жуковіч, паэт. «Уладзімір Андрэевіч… Уладзімір Калеснік… Тое, чым прасякнута была яго педагагічная дзейнасць і чым магічна ён уздзейнічаў на моладзь, называлася нацыянальнай ідэяй; ён з’яўляўся яе мужным носьбітам і самаадданым правадніком. Дасканала ім прамаўляліся змястоўныя лекцыі і праводзіліся заняткі па старажытнай беларускай літаратуры, фальклоры, гісторыі эстэтычных вучэнняў і нарматыўнай эстэтыкі. Але не толькі чытаючы названыя курсы, асветнік-гуманіст абуджаў у нас пачуццё годнасці, любоў да цудоўнай літаратурна-мастацкай спадчыны Бацькаўшчыны, да яе зямлі, мудрых і мужных сыноў і дачок, дэманстраваў сваю грамадзянскую пазіцыю, а яшчэ свой здаровы мастацкі і эстэтычны густ – ён усяго гэтага бліскуча дасягаў і на занятках па выразным чытанні (такі курс у інстытуце ўкараніўся па яго ініцыятыве). Заняткі тыя можна назваць выняткам з правіла, глытком свежага паветра…
Памятаю, калі я, студэнт, трапіў у Берасці ў больніцу, ён даў грошай майму аднакурсніку Сяргею Сайко, каб меў з чым праведаць мяне. Успамін пра гэта адразу нагадвае і такі эпізод: у 1990 годзе ў Мінску я выпадкова сустрэў Уладзіміра Андрэевіча, ён выходзіў з будынку архіва. Калі даведаўся з гутаркі, што я наважыўся праведаць Міхася Рудкоўскага ў Навінках, дзе хворы паэт ляжаў пасля цяжкай аперацыі, дастаў з бумажніка і, як я ні адмаўляўся ўзяць, даў 25 рублёў, якіх хапала не толькі на чорную ікру, а й на іншыя далікатэсы і прысмакі.
Пры ўдумліва-крытычным паглядзе на рэчаіснасць яму дужа карцела бачыць станоўчае і нават нешта ідэальнае ў суайчынніках, у сем’ях, найперш – у сваіх былых вучнях. І ён знаходзіў элемент ідэальнага, мудрым словам педагога падтрымліваў ці заахвочваў яго.
Чым больш гадоў няма з намі У.А. Калесніка, тым больш пераконваешся, як былі б дарэчы сёння ягоныя грамадзянская смеласць, прафесарская мудрасць, пісьменніцка-даследчыцкая актыўнасць і кампетэнтнасць, шчырасць і шчодрасць таленту. Зрэшты, чаму былі б, калі засталася яго літаратурная спадчына, а ў ёй – жывая душа творцы, дзейсная энергія праўды, дабра, гармоніі».

«Ягонае ўсмешкі не хапае сёння»
Уладзімір Ягоўдзік, пісьменнік. «Я сяджу ў рэдакцыі. Тэлефонны званок: «Калі маеш час, дапамажы мне». Сустракаемся на тралейбусным прыпынку. У руцэ Калесніка – вядро з цэментам і кельмай. Выходзім каля могілак на былой Маскоўскай вуліцы. І потым некалькі гадзін парадкуем забытую сваякамі магілку паэта Міколы Засіма. Я толькі пасабляў: прынёс пяску і вады. Але той цёплы жнівеньскі дзянёк пачатку 80-х і сёння стаіць перад вачыма, нібыта мы сустракаліся пазаўчора».
Валянцін Смаль, выкладчык БрДУ імя А.С. Пушкіна. «Для кожнага чалавека Уладзімір Андрэевіч умеў знайсці слова, усміхнуцца, каб на душы было лёгка. Памятаецца, як ужо старшакурснікі, мы, хлопцы, не ў гуморы прыселі ля аўдыторыі, а па калідоры ішоў якраз Уладзімір Андрэевіч. Ён сказаў толькі адну фразу, але мне запомнілася назаўсёды: «Ну што, як дзяды старыя паселі?» Гэтых слоў і ўсмешкі было дастаткова, каб загаіць любую душэўную рану. Ягонае ўсмешкі сёння не хапае нам, як не хапае яго аптымізму ў наш складаны час».
«Яго магутны інтэлект даваў сілы на ўзлёт»
Яўгення Гаронькіна, заслужаная настаўніца Рэспублікі Беларусь. «Найперш запомніліся заняткі па выразным чытанні. Уладзімір Андрэевіч дзе з гумарам, а дзе і патрабавальна адносіцца да нас, прынамсі, да выбару намі мастацкіх твораў для дэкламацыі. Карыснасць такіх заняткаў адчуеш адразу, як толькі пераступіш школьны парог у якасці настаўніка. Паколькі абсалютная большасць у нашай акадэмічнай групе былі дзяўчаты, то нам імпанавала сама постаць нашага выкладычка: вочы жывыя, прышчураныя, і ўсмешка, такая прытаемная і як бы нешта прыхоўвае, і хочацца хутчэй пачуць, што ён зараз скажа. Непасрэдна падчас працы настаўнікам у СШ № 15 горада Брэста, калі Уладзімір Андрэевіч прыводзіў студэнтаў на педагагічную практыку, яго паважлівыя адносіны не толькі да настаўнікаў, але і да сваіх студэнтаў, пры гэтым яго магутны інтэлект падвышаў нас, даваў сілы на ўзлёт».
Пра Уладзіміра Андрэевіча Калесніка і як выкладчыка, і як пісьменніка ўжо многае сказана, напісана. Я перакананы, што павінен па хуткім часе з’явіцца «Слоўнік мовы Уладзіміра Калесніка», што мой настаўнік заслугоўвае выдання ў серыі «ЖЗЛ». Закончыць свае развагі хацеў бы словамі маскоўскага беларуса Аляксея Каўкі, які неяк сказаў так: а вось у Брэсце Беларусь на плячах трымае адзін чалавек – Уладзімір Калеснік.
Уладзімір БАРЫСЮК






Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.