Мікола Селяшчук быў узнагароджаны васемнаццаццю дыпломамі на ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсах кніжнай графікі. Творы мастака экспанаваліся ў Беларусі, Расіі, Літве, Эстоніі, Азербайджане, Венгрыі, Польшчы, Балгарыі, Чэхіі, Славакіі, Італіі, Канадзе, ЗША, Грэцыі, Іспаніі, Інданезіі, Бельгіі, Францыі, Шры-Ланцы, Японіі, Фінляндыі, Германіі, Англіі, Партугаліі.

«Машэраўцы». Уладзімір Савіч, Уладзімір Тоўсцік, Валерый Славук, Фелікс Янушкевіч, Мікола Селяшчук, Віктар Альшэўскі. 1988 г.
Жывапіс і графіка Міколы Селешчука захоўваюцца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, калекцыі Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага мастацтва Экватарыяльнай Гвінеі, Галерэі Кастакі ў Афінах (Грэцыя), Галерэі Хагельстам у Хельсінкі (Фінляндыя), Салоне Сціва Каплянскага ў Таронта (Канада), Гандлёва-прамысловым цэнтры Мінеапаліса (ЗША), у Музеі сучаснага рускага мастацтва ў Нью-Джэрсі (ЗША), музеі Мальбарка (Польшча), музеі Шлесбурк (Германія), бібліятэцы Кірылы і Мяфодзія (Балгарыя), а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Грэцыі, Францыі, Фінляндыі, Канады, ЗША, Ізраіля, Літвы, Чэхіі, Славакіі, Расіі, Германіі.
Я трымаю каторы дзень у руках раскошнае выданне: Мікола Селяшчук. Гучанне музыкі нябёсаў. У артыкуле мастацтвазнаўцы Наталлі Шаранговіч чытаем: Мікола быў чалавекам закрытым. У яго ўнутраны сусвет быў забаронены ўваход для большасці сяброў, хоць яны і ведалі яго матулю (бацька памёр у 1981 годзе ва ўзросце 75 гадоў) і нават аднойчы ездзілі на той хутар, дзе нара-
дзіўся Селяшчук. Здавалася б, усё правільна. Многія рысы характару Мікола выхоўваў у сабе самастойна, свядома, імкнуўся да ўвасаблення абранага ідэалу багемнага, свецкага мастака. Мабыць, такім падаваўся яму сапраўдны творца. Загадкавы і дабрадушны адначасова, элегантны і акуратны, цягавіты ў працы і адкрыты для гасцей… Здаецца, ці варта шукаць у гэтых рысах характару нейкае абгрунтаванне ў тых далёкіх часах, калі 4 жніўня 1947 года на невялікім хутары Гусак у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці з’явіўся на свет хлопчык Міколка».
З Міколам Селешчуком доўгія гады сябравала ягоная зямлячка паэтка Раіса Баравікова (в. Пешкі, Бярозаўскі раён), якой і перададзім слова.
Раіса Баравікова, паэтэса. Ён хацеў намаляваць гук…
У маёй хатняй бібліятэцы ў адной з кніжных шафаў ёсць асабліва прыцягальная паліца: на ёй стаяць кніжкі нашых беларускіх пісьменніц. І сярод іх ёсць дзве, якія адразу выхоплівае позірк, — гэта «Пара любові і жалю» Жэні Янішчыц і «Адна» Таісы Бондар. Кніжкі неаднойчы чыталіся і перачытваліся мною, але яны дарагія не толькі сваёй паэзіяй: у іх адзін і той жа мастак, які аздобіў шмат якія старонкі сваім непаўторным талентам, сваім разуменнем душы, паэзіі, натхнення. Імя гэтага мастака – Мікола Селяшчук.

У Парыжы. 1978 г.
«З твайго саду да мяне на агеньчык»
Карціна пад такой назвай была маім першым знаёмствам з творчасцю мастака. У тым далёкім 1977 годзе пра яго яшчэ мала пісалі, мала гаварылі, ва ўсялякім выпадку, у нашым асяродку тагачасных маладых паэтаў імя было малавядомае. У 1978 годзе была запланавана мая другая кніжка паэзіі «Слухаю сэрца». Існуе думка, што пра паэта можна меркаваць па другой кнізе. Мне хацелася, каб яе заўважылі, і мастацкае афармленне тут іграла б не апошнюю ролю. У гісторыі літаратуры былі і такія выпадкі, калі, скажам, на пачатку мінулага стагоддзя кнігі паэзіі ў Францыі раскупляліся дзякуючы віньеткам вядомых мастакоў.
Мне тады хацелася, каб маю ўласную невядомасць кампенсавала гучнае імя мастака. Але ці пагодзіцца вядомы мастак аформіць кнігу маладога паэта! Трэба, каб нешта супадала ў іхнім жыцці, пачуццях, успрыманні свету. На той час я жыла ў суседстве з мастачкай Ірынай Кузняцовай. Мы сябравалі. Я і звярнулася да яе з просьбай параіць добрага мастака. Яна адразу ж сказала: Мікола Селяшчук! І я ўспомніла матылёў на карціне з вельмі паэтычнай назвай, што давала магчымасць для фантазій, іншымі словамі, развівацца ўяўленню. Пагадзілася. І літаральна праз некалькі дзён Ірына пазнаёміла нас на нейкай выставе ў Палацы мастацтваў.

Мікола Селяшчук з маці. 1983 г.
Я адразу ж загаварыла пра кніжку, пра тое, якой мне яна бачыцца, пра вершы, што складаюць рукапіс, і ў нейкі момант спынілася, стала няёмка ад сваёй шматслоўнасці. Мікола ўвесь час маўчаў, толькі пасміхаўся надзвычай яснай усмешкай, калі іскрыцца ўвесь твар, іскрацца вочы. Папрасіў у мяне нумар тэлефона і развітаўся. Я так і не зразумела, ці згодны ён узяць рукапіс на мастацкае афармленне, ці не. Праз некалькі дзён ён патэлефанаваў, сказаў, што рукапіс у яго, што ў выдавецтве пагадзіліся, каб ён быў мастаком гэтай кніжкі, праўда, у яго ёсць умова, каб я не ўмешвалася, каб не прасіла нешта дарабіць, перарабіць… І я не бачыла афармлення да самага выхаду кніжкі, а калі яна выйшла, настолькі была ўсцешаная, задаволеная, што нават забылася падпісаць яе Міколу. Мужчынскі профіль, профіль жанчыны ў капялюшыку – на вокладцы, дзе пераважалі блакітны і срэбны колеры, а між старонак – віньеткі з дзівосным садам – найтанчэйшая графіка, як толькі ён і змог выпісаць, дзівілася я.
Праз колькі часу Коля вельмі далікатна выказаў сваю крыўду, маўляў, адкуль такая няўдзячнасць: не знайшла хвіліны, каб падпісаць мастаку кніжку, а магла б і верш напісаць, — спрабаваў жартаваць ён. У мяне няшмат прысвячэнняў, у творчасці звычайна сыходзіла з фантазій пачуццяў — атрымлівалася пра каханне. А тут, як ні дзіўна, верш з’явіўся, і эпіграфам да яго стала назва ўсё той жа карціны…
З твайго саду да мяне на агеньчык.
Мікола Селяшчук, алей
У мяне палянка ёсць за садам,
многа там шыпшыны і травы,
дам табе высокую пасаду –
будзь майго бяссоння вартавым!
Упадзе ў траву пялёстак клейкі,
задрыжыць расінка на плячы, —
адгукнуся голасам жалейкі,
каб не сумавалася ўначы.
Перадам з душы ўтрапёнасць слову,
што ірвецца спуджана здалёк,
у шыпшыннік, пад тваю ахову,
быццам саду лёгкі матылёк.
Калі аддала Міколу падпісаную кніжку разам з тым вершам, ён прабег вачыма па радках, збянтэжыўся, пачырванеў, я і сама адчула сябе ніякавата, і гэтае пачуццё нейкай недагаворанасці, двухсэнсоўнасці не пакідала нас многія і многія гады. Цяпер з адлегласці, ва ўзросце больш чым сталай жанчыны, мне здаецца, што тады мы ўвайшлі ў нейкі надзвычай прыгожы сад, пабачылі ў тым садзе дзівосны плод, але ніхто не адважыўся сарваць яго, і калі потым у розныя часы мы ўжо паасобку зазіралі ў той сад, дык таго дзівоснага плода ўжо не знаходзілі, там засталося адно: тайна ўваходу ў сад…
Той сад трывожыў. У доме, дзе я жыла (цяперашні праспект Незалежнасці), ішоў капітальны рамонт. Аднойчы будаўнікі запыталіся, маўляў, у які колер хочаце пафарбаваць падлогу? Маем толькі дзве фарбы: карычневую і зялёную. Выбягаю ў булачную, а тут на праспекце – Коля. Пытаюся ў яго: «У які колер пафарбаваць падлогу?» «Ну, вядома, у зялёны! – адказвае з іскрынкамі ў вачах. – Колер саду». І падлогу пафарбавалі ў зялёны колер, нават не зялёны, а нейкі цёмна-салатавы.
Адной позняй восенню пісьменніца Алена Кобец-Філімонава са сваёй дачы з Бярэзінскага раёна прывезла чараты. І не якія-небудзь асобныя сцябліны, а сапраўдныя снапы пад два метры. Адзін з такіх снапоў дастаўся мне. Паставіла яго ў куток пакоя. Калі адчынялася фортка і ўрываўся ўжо марозны скразняк, ён кранаў ужо высахлае лісце, чараты пачыналі шамацець, утвараўся ні на што не падобны гук… І вось аднаго разу заходзіць да мяне Мікола, адчыняе фортку, і гэты гук пабег па чаратах.. Ён не адразу зразумеў, што, адкуль? Услухоўвася, потым сказаў: «Я хацеў бы намаляваць гэты гук»…
Што да Ірыны Кузняцовай, мы па-ранейшаму сябруем. І калі нядаўна я запыталася ў яе, чаму тымі ўжо далёкімі гадамі яна не задумваючыся назвала імя Міколы Селешчука, Ірына адказала: «Тады, у 1977 годзе, ён ужо скончыў тэатральна-мастацкі інстытут, аддзяленне графікі, яго адразу ж пасля заканчэння інстытута прынялі ў Саюз мастакоў. У сваёй творчасці ён паспяхова спалучаў сучасны стыль і народныя традыцыі. Вельмі часта тым часам, калі размова ішла пра народныя традыцыі і беларускае мастацтва, меліся на ўвазе пэўныя арнаменты, пэўны беларускі менталітэт, як разумела тагачаснае партыйнае кіраўніцтва. Былі пэўныя стэрэатыпы ў адлюстраванні таго ранейшага жыцця, побыту. Як правіла, гэтае замкнёнае кола нельга было разамкнуць.

Каля палатна. 1983 г.
Мікола Селяшчук быў першым, хто парушыў гэты стэрэатып. Ён сваёй аўтарскай творчаю моваю апаэтызаваў вобраз сучаснай Беларусі і ўвёў новае разуменне нават ва ўспрыманні беларускага строю. Для яго была важнай не гістарычная дэталь, а духоўная повязь з продкамі. Не праз знешняе, а праз духоўнае – да глыбока нацыянальнага. Ён нават у вобразы птушак уводзіў дэталі беларускага нацыянальнага строю, напрыклад, боты, пояс… Мне здавалася, што духоўныя вобразы Селешчука абавязкова супадуць з паэзіяй, напоўненай унутранай духоўнасцю. Нельга скідваць з вагаў і глыбокі прафесіяналізм мастака, яго надзвычай тонкую натуру і асабістае тонкае разуменне свету, паэзіі, яго любоў да навакольнай прасторы, да жанчыны, урэшце. Таму, добра ведаючы цябе і яго, думала, што вы маглі ў творчасці толькі дапоўніць адно аднаго».
«Бы на карціне Селешчука»
«Знайшоў свой непаўторны аўтарскі стыль», «мастак-філосаф, мастак-наватар»… Падобнае даводзілася чуць шмат ад каго. Пра гэта гаворыць і адзін з сяброў Міколы Селешчука фотамастак Яўген Коктыш: «Коля – чалавек, які ў сваёй галіне вызначыў цэлы напрамак для наступных мастакоў. Зараз часта бачу: пад Колю… Пад Колю… Усе чакаюць, калі прыйдзе другі Селяшчук. Тое, што ён – геній, на жаль, адкрылася ўжо толькі пасля смерці. Ён для мяне як Пушкін у сусветнай паэзіі».
Сапраўды, у Колі шмат паслядоўнікаў. Калі на нейкай выставе позірк учэпіцца ў нешта знаёмае, міжволі кальне: «Бы ў Селешчука…» Яго вобраз, яго дэталь, зрэшты, манера. Гэтае «бы» аднойчы заляцела і ў мой верш «Даўняя мелодыя», які ўвайшоў у кнігу «Каханне», што была выдадзена ў 1987 годзе:
Жаліцца скрыпка зусім як калісьці,
навошта было называць дарагім?..
Шэпча арэшніку тонкае лісце
пра тайнае нешта… у леце другім.
Выблісне ўся ў незабудках лагчына,
і бераг агучыць усплёскам рака,
гляджу на акно, там смяецца жанчына,
бы на карціне Селешчука.
Узнесены к небу будынак на кручы,
жаласна-жаласна скрыпка гучыць…
Хай плача, бо, можа, жанчыну навучыць,
як тут небяспечна смяяцца ўначы.
Калі дзесьці ў сярэдзіне васьмідзесятых прачытала гэты верш Міколу, ён неяк дзіўна пасміхнуўся і сказаў: «А на маіх карцінах жанчыны не смяюцца». Магчыма… Але ад іх не адарваць позірку. Ён маляваў шмат розных жанчын, і ўсе як адна – вытанчаныя, бліскучыя, неверагодна прыгожыя, бы не з гэтага свету. Чаго толькі варты адзін шэдэўр «Канец сезона туманаў»! Але мне чамусьці думаецца, што ў яго не было сваёй герцагіні Альбы.
Яны прайшлі праз яго пэндзаль, як праз туман, не ўсведамляючы, што іх маляваў геній, што яны будуць прыцягваць цікаўныя позіркі, поўныя захаплення, у музеях і галерэях Грэцыі, Фінляндыі, Экватарыяльнай Гвінеі, Польшчы, Германіі… Мне ж асабіста вельмі шкада, што багата твораў Міколы Селешчука апынулася ў шматлікіх прыватных зборах многіх і многіх краін свету. Ці вернуцца яны калі-небудзь у Беларусь? Што думаюць іх уладальнікі, якія пачуцці перажываюць, гледзячы і чытаючы назвы палотнаў кшталту: «Занесеныя да яго», «Спякотны вечар з вясёлкай на крэсле», «Не хадзі за мной, я сама заблудзілася» ці тыя ж «Вандроўнікі»? Селяшчук сам любіў вандраваць, пра гэта згадвае яго блізкі сябар, доктар, старшыня Беларускага таварыства ўрачоў Аляксандр Цярэшчанка: «З 1975 года Коля жыў у мяне ў Ратамцы разам з мастакамі Славуком, Ганяевым. Мы ездзілі на выставы ў Вільнюс, у Рыгу… Вандравалі па Беларусі: Мірскі замак, Нарач, Брэст… Там, у Брэсцкай вобласці, заязджалі да Міколавай маці «на трускалкі». Мне здаецца, што ў яго творчасці ўсё з хутара пад Брэстам. Мне дасюль помняцца тыя трускалкавыя палі – вядро клубніц за 10-15 хвілін!..»
Да так званай перабудовы даволі часта сутыкалася ў самых розных месцах з Селешчуком і я: у Доме літаратара, на выставах, у выдавецтве, на нейкіх урачыстых вечарынах, ці проста зрэдку забягала да яго ў майстэрню, якую ён дзяліў з мастакамі Уладзімірам Тоўсцікам і Уладзімірам Савічам. Перабудова ўнесла свае карэктывы. Пачалося няўстойлівае жыццё. Пісьменніку ўжо немагчыма было пражыць вольным мастаком, трэба было шукаць месца ў якой-небудзь з рэдакцый для пастаяннага заробку. Часу, які заставаўся пасля службовай працы, хапала толькі на сям’ю і ўласную творчасць. З пачатку дзевяностых мы маглі не бачыцца гадамі, толькі даляталі чуткі: Селяшчук атрымаў Дзяржаўную прэмію, мінскія мастакі выязджалі ў Вільнюс на выставу, дык у Мінску абрываліся тэлефоны, маўляў, ці прывязе свае работы Селяшчук… Да яго прыйшоў сапраўдны, вялікі поспех, і ён ужо займаўся толькі жывапісам.
«Сад на капялюшыку каханай»
Была сярэдзіна дзевяностых гадоў. Набліжаўся мой першы даволі сталы юбілей. У выдавецтве «Мастацкая літаратура» запланавалі нават не томік, а цэлы том маіх выбраных вершаў у «залатой» серыі «Паэзія ХХ стагоддзя». Складала кнігу, ніяк не давалася назва. Але неяк гартаю часопіс «Беларусь» і на разгортцы «Вернісаж» бачу: «Восень», Мікола Селяшчук. Жанчына ў капелюшы, на якім, ну далібог жа, — сад. І штосьці затрапятала, закруцілася думка. У мяне ўжо даўно быў напісаны верш з радкамі: «А ты малюеш зноўку сад на капялюшыку каханай…» Вось яно – гатовае мастацкае афармленне, і назва проста выскоквае з гэтых радкоў: сад на капялюшыку каханай.
Ад Міколы патрэбен толькі слайд гэтай карціны, каб яна легла на вокладку, ну а верш, ён можа стаць пралогам усёй кнігі. Пачала расшукваць Селешчука, але натрапіць на яго аказалася даволі цяжка. Помніцца пачатак жніўня таго горкага 1996 года. Быў на дзіва спякотны дзень, спускаюся ў метро на «Акадэмічнай» і адразу ж на пероне ўгледжваю Селешчука, крычу: «Коля! Коля!» Усё тая ж зіхоткая ўсмешка, тыя ж іскрынкі ў вачах… І мая думка: «А раптам не пагодзіцца даць слайд на вокладку, усё ж такі палатно, не графіка?» Пра тое пра сёе, а потым і пра кніжку. «Ад цябе толькі спатрэбяцца шрыфты ў сярэдзіну і некалькі заставачак», — пераконвала яго я. А пераконваць і не трэба было, ён вельмі хутка пагадзіўся. «Як я разумею, гэта не гарыць. Скажы ў выдавецтве, што ўсё зраблю восенню, бліжэй да зімы», — сказаў ён. Я згодна кіўнула, і мы перайшлі на нешта іншае, прагульваючыся туды-сюды… Хто з нас тады мог ведаць, што гэта была апошняя выпадковая сустрэча, апошняя гаворка… Трошкі больш як праз месяц Міколы Селешчука не стала. У Італіі ў Тырэнскім моры яго накрыла так званая хваля-забойца.
Нярэдка ёсць штосьці фатальнае ў жыцці творцаў, калі яно абрываецца ў самы непадыходзячы для гэтага момант. Скажам, Джэк Лондан многія і многія гады марыў пра свой уласны дом і, калі нарэшце пабудаваў гэты дом, «Дом Ваўка», неўзабаве памёр. Міша Пташук вельмі хацеў трапіць у Галівуд, сустрэцца са Спілбергам… Трапіў, нават з’явіўся заманлівы праект, і праз вельмі кароткі час – аўтамабільная катастрофа! Не ведаю, пра што марыў Коля Селяшчук, чаго ён хацеў? У яго была тая вышыня, дзе ўжо плячыма падпіраеш неба, на якой можна проста працаваць… Але такою была воля лёсу, каб Беларусь страціла свайго вялікага Мастака.
І трошкі менш як праз год народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў напіша пра Міколу ў артыкуле «Ён быў з’явай у мастацтве»: «Яму Бог даў уменне маляваць, працаваць, і ён быў добраахвотным астрожнікам свайго прызвання. Ён нагадваў зоркавага хлопчыка… Некаторыя мастацтвазнаўцы сёння ўсё ж не могуць даць той высокай ацэнкі, якой заслугоўвае гэты Майстар. Ён пайшоў далёка наперад. Будзе ісці час, будуць з’яўляцца новыя формы, жыццё ж не стаіць на месцы. І Коля заўжды будзе сучасным… А нам, хто ведаў яго блізка, здаецца, што ён і цяпер сярод нас…»
Я не была на пахаванні Міколы Селешчука. Мне хацелася помніць яго жывым. А кніга лірыкі «Сад на капялюшыку каханай» выйшла ў 1998 годзе. Са слайдам карціны «Восень» дапамог Яўген Коктыш. І пралогам да кнігі лёг верш:
Я памаўчу. Ты гавары
сваёю шапатлівай мовай,
пакуль завейнасцю ліловай
ноч да канца не дагарыць.
Нішто не вернецца назад.
Пачуцці нашы ў дымцы цьмянай,
а ты малюеш зноўку сад
на капялюшыку каханай.
Кране тугою краявід
пад боскім зоркавым кілімам,
і плакаць хочацца наўзрыд
аб нечым тайным, немагчымым…
Уладзімір Басалыга, мастак. У Селешчука ёсць адна праца, прысвечаная ваеннай тэме. Там стаяць тры салдаты. Называецца карціна «Вярнуліся». Ён яе зрабіў вельмі адметна ад астатніх сваіх прац. Не перагружаў колерам, нібы задумваў зрабіць гіперрэалістычнае фотапалатно. Карціна не вельмі яркая, не такая імпульсіўная, як заўсёды, без лішніх дэталей. Трое вайскоўцаў стаяць і спакойна ўзіраюцца ў вочы гледачу. Драматызм работы – менавіта ў гэтым спакоі людзей, якія, магчыма, ужо загінулі. Карціна вызначыла новы на той момант пункт гледжання на Вялікую Айчынную. Маладзейшае пакаленне глядзела не так напружана на ваенныя падзеі. Ніхто, безумоўна, не адвяргаў, што дзядам і бацькам выпаў такі страшны лёс – выстаяць у вайне. Але і адлюстроўвалі яе не толькі гераічнымі і пераможнымі творамі. Яны звярталі ўвагу, наколькі важнае жыццё, наколькі яно каштоўнае.
І яшчэ адна якасць Міколы Селешчука. У розных пачварных, гіпертрафіраваных, нават карыкатурных вобразах Мікола не губляў пачуцця прыгажосці.
Вось такая зорачка бліснула на нашым мастакоўскім небасхіле. Яго жыццё доўжылася так коратка ў параўнанні з гістарычным і касмічным часам, але і гэтага моманту хапіла, каб ён пакінуў пасля сябе моцны след у мастацтве.
Гаўрыла Вашчанка, народны мастак Беларусі. На самай справе нам многае прадвызначае лёс. Мастак ніколі не выбірае тры пазіцыі: маці, радзіму і час. Калі творца адчувае свой час, ведае, як яго выявіць, ён застаецца ў гісторыі. Калі губляе адну з пазіцый – згадкі пра яго застануцца хіба што ў навуковых даследаваннях. Ніхто ніколі не выкрасліць з гісторыі, напрыклад, Марка Шагала, падабаецца ён або не, бо ён цалкам выказаў менталітэт яўрэйскага народа. Або Сальвадор Далі, чые падсвядомыя фантазіі пабудаваны на чыста іспанскай глебе. Так і Мікола Селяшчук. Яго героі тутэйшыя, ландшафты – пазнавальныя, мясцовыя. А ён сам ва ўсіх сваіх творах застаецца беларусам.
Колькі б разоў не суправаджаў экскурсійную групу ў Белавежскую пушчу, заўсёды, праязджаючы па дарозе вёску Дзмітровічы, думаеш, што непадалёк ад вёскі быў хутар Забалацце, радзіма паэта Васіля Жуковіча, у якога ёсць такія балюча-запамінальныя радкі:
Італія – краіна маёй мроі.
Нашто забрала тваё мора
Жыццё мастака майго земляка?
Ці здолее хто і калі вызначыць месца і ролю хутара ў гісторыі нашай нацыі?!
Пасляслоўе
У час падрыхтоўкі артыкула ў друк я наведаю бацькоўскую сядзібу Міколы Селешчука, гэта вёска Пугачова, якая сёння ў межах Брэста, вуліца Чачэрына, 20. З той памятнай да дробязей маёй сустрэчы з маці Міколы Настассяй Фёдараўнай прайшло больш чым сямнаццаць гадоў. Мяне сустрэне і пазнае зажураная нявестка Селешукоў Ганна, жонка ягонага брата Андрэя. Аказалася, што іх падвор’е апусцела, гаспадар яго Андрэй адышоў у лепшы свет сёмага красавіка бягучага года, яму было семдзесят тры. Пасля размовы з Ганнаю я паспеў заўважыць, што на іх сядзібе жыве ўсё тая ж невялікая копанка, дзе штогод дзікая качка выводзіць качанят, у гэтым годзе яны ўжо вывеліся, а цяперака люстраную гладзь сімвалічнага азярка ўпрыгожваюць белыя гарлачыкі…
З Пугачова я накіруюся да Селешукоў на Камяніца-Жыравецкія могілкі. Так ўжо выйшла, што сённяшняя мая гарадская сядзіба знаходзіцца на ўскрайку горада, у накірунку да Камяніцы-Жыравецкай, і я час ад часу бываю ў гэтым некропалі: там спачываюць дарагія мне людзі, з якімі разам працавалася ў вну, газеце, мае настаўнікі па школе,
пісьменнікі, родзічы, аднакласнік… І кожны раз, бываючы там, я наведваю апошні прытулак Міколы Селешчука. Побач з Міколам спачывае ягоная маці, Настасся Фёдараўна, якая перажыве сына на 14 гадоў. У лічаных кроках ад іх побач з магілаю бацькі спачыў Андрэй. На помніку Міколы Селешчука надпіс кароткі і лаканічны: Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Акадэмік жывапісу…
Падрыхтаваў Уладзімір БАРЫСЮК
Мікалай Міхайлавіч СЕЛЯШЧУК
Нарадзіўся 4.9.1947 у вёсцы Велікарыта Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці, беларускі мастак. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1976). Працаваў як жывапісец, графік, майстар экслібрыса. У творчасці імкнуўся паказаць непарыўную сувязь вытокаў нацыянальнай культуры і сучаснага мастацтва, спалучаў сюррэалістычную манеру выканання з вобразамі беларускага народнага фальклору і этнаграфіі. Яго кніжная графіка адметная насычанасцю дэкаратыўнымі дэталямі, фантастычнымі выявамі, архітэктурнымі помнікамі, прадметамі побыту і адзення, гульнёй фактур і святлаценяў. Адмаўленне ад апавядальнасці ўласціва афармленню кніг «Бацькаў дар» (1984), «Прагны багацей», «Індыкала-Кудыкала» Р. Барадуліна (абедзве 1986, залаты медаль біенале кніжнай ілюстрацыі ў Браціславе, 1989), «Казкі беларускіх пісьменнікаў» (1988), «Сымон-музыка» (1988-90) і іншых. Графічныя прыёмы, пэўныя сюжэты часта пераносіў у станковы жывапіс, якому ўласцівы алегарычнасць, метафарычнасць мастацкай мовы, часам філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці. Вялікую ўвагу ў творах аддаваў спалучэнню фактуры фону, абстрактных элементаў з колеравымі і фігуратыўнымі, што паступова ўзмацнілася ў 1990-я гады: «Наведванне сядзібы Агінскага ў Залессі» (1978), «Памяці Максіма Багдановіча» (1981), «Матылькі тут не жывуць» (1982), «Бацька памёр» (1982-84), «Канец сезона туманаў», «Позняя восень» (1984), серыя «Казачны калейдаскоп» (1984-85), «Свята ІУ», «Хвіліна маўчання» (абодва 1989), «Гучанне музыкі нябёсаў» (1990), «Прагулка», «Калі цвіце язмін» (абодва 1991), «Метамарфозы» (1992), «Злашчасны вечар», «Люблю цябе сустракаць» (абодва 1994), «Спякотны вечар з вясёлкай на крэсле» (1995), «Вяртанне на Радзіму. Шоп-тур» (1996) і іншыя. Працаваў у станковай графіцы. Дзяржаўная прэмія Беларусі 1992. Памёр 25.09.1996.





