З турнірнага пункту гледжання апошняе гандбольнае «класіка» рэгулярнага чэмпіянату не мела ніякага значэння — «Мяшкоў Брэст» ужо даўно датэрмінова ўзяў першае месца. Аднак матч усё роўна чакаўся гарачы. Асабліва для заўзятараў, для якіх клуб падрыхтаваў шмат сюрпрызаў.
Па-першае, у сераду быў Дзень роднай мовы, таму на арэне гучала беларуская музыка, а публiка падтрымлівала хлопцаў па-беларуску. Па-другое, сустрэча праходзіла пад афішай «БГК і ратавальнікі Брэста — за бяспеку разам!» Сяброўства з МНС пачалося яшчэ падчас здымак навагодняга роліка, а зараз перарасло ў ідэю правесці сумесны матч.
Атрымалася выдатна! Перад арэнай стаяў спецтранспарт, унутры інтэрактыўныя гульнявыя зоны, а на трыбунах каманду разам з «Зубрам» падтрымлівалі маскоты МНС. Але галоўная неспадзеўка здарылася ў перапынку. Ратавальнікі спусціліся з-пад купала арэны і падарылі кветкі дзяўчатам з групы падтрымкі БГК Stars. Было эфектна!
Эфектным атрымаўся і сам гандбол.У нас, дарэчы, дэбютаваў Арсень Драгашэвіч. Адзначым таксама вяртанне пасля працяглай рэабілітацыі Паўла Андрэева. У той жа час па медыцынскіх паказаннях адсутнічалі Ілля Усік, Аляксей Салаўёў, Аляксей Шынкель, Юсэф Ахмед Хасан, Андрэй Юрынок і Валянцін Куран. На жаль, Куран на адной з трэніровак зламаў руку і прапусціць паўтара-два месяцы.
Аднак нават без ключавога плэймэйкера мяшкоўцы спраўляліся добра. Гульня пачалася з сэйва Дзяніса Забалоціна і хуткага гола Эдуарда Яраша. Доўгі час падапечныя Эдуарда Какшарова ўтрымлівалі перавагу ў адзін мяч. Але потым СКА вырваўся наперад на +2. Аднак БГК хутка зраўняў, а да перапынку зноў атрымаў перавагу — 17:15. Нават нягледзячы на дзесяць галоў Ігара Бяляўскага.
На старце другой паловы брэстаўчане павялічылі адрыў да +3, і ён захоўваўся прыкладна да 45 хвіліны. Затым армейцы зноў актывізаваліся — і канцоўка атрымалася нервовай. У духу папярэдніх «класіка». Але мы ўсё ж такі перамаглі!
Прэс-служба «Мяшкоў Брэст»
Фота Генадзя КАЗЛОЎСКАГА
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.