«Ой, прыходзь, вясна, хутчэй, нас сваім цяплом сагрэ-э-эй!..» – цягнуць мелодыю самабытныя жанчыны з Пружаншчыны… На мінулыя выхадныя ладзілі імпрэзу, дзе вучыліся спяваць народныя песні ўсе жадаючыя. Прычым менавіта разам з тымі, хто ўмее гэта рабіць, — носьбітамі неацэннага багацця, якое можа знікнуць. Кажуць, гэта найлепшы спосаб пераняць тое, што яшчэ захавалася.
Ініцыятыву праявілі грамадскія арганізацыі, якія працуюць пераважна з моладдзю. «Спеўны сход» і Студэнцкае энтаграфічнае таварыства з Мінска, культурны цэнтр «Грунтоўня» з Берасця. Завадатарамі сталі вясковыя жанчыны з гурта «Бабіна лета» в. Аранчыцы Пружанскага раёна. Восенню яны ладзілі ў абласным грамадска-культурным цэнтры ўнікальны абрад «Радзіны на баране», а на гэты раз прывезлі спевы, якім іх вучылі матулі і бабулі. Спявалі за працай, у вольны час, калі збіраліся на вячоркі. «Тым больш што не было тэлевізараў і смартфонаў!» – жартавалі прысутныя.
Веснавы спеўны сход
Ну, а цяпер спатрэбілася раздрукоўваць тэксты песень на паперках. Арганізатары раздалі іх усім прысутным. І ўсе разам пачалі спяваць! Аўтэнтычныя мелодыі, паўторы і інтанацыі, што вельмі важна, можна было пачуць непасрэдна ад вясковых выканаўцаў. А гэта запамінаецца вельмі хутка, без фальшу, тым больш калі паўтарыць некалькі разоў. Так што справа пайшла добра.
«Вол бушуе – вэсну чуе», «Ой, ты, жаворонко», «Вэрбо, вэрбо зэлэнэнькая», «Ой ты, вэсна, ты красна» «адрэпеціравалі» за некалькі хвілін. Прычым жанчыны з гурта «Бабіна лета» паспявалі і вучыць, і выступаць са сцэны. Прысутныя разам ладзілі карагоды, і ўвогуле «гукаць вясну» атрымлівалася досыць натуральна. Гарадскія жанчынкі захапілі з сабой нават немаўлят. Відаць, на ўсякі выпадак, каб тыя таксама адчулі мелодыі і галасы. Трэба сказаць, ні адно дзіця падчас спеваў не заплакала…
Як расказаў кіраўнік «Спеўнага сходу» Аляксей Чубат, праект узнік тры гады таму. Галоўная задумка ў тым, каб людзі не проста слухалі песні, а далучаліся да народных традыцый праз жывы ўдзел. І такі падыход знаходзіць водгук аматараў.
Трэба аддаць належнае арганізатарам. Яны ўмеюць працаваць з «чайнікамі». Без павучанняў і напружання. Усё проста: слухай, пераймай, спявай. Вядучая старшыня Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Ганна Сілівончык пераканаўча гаварыла пра тое, што чалавек самавыяўляецца ў спевах. Калі нешта яму замінае гучна і свабодна спяваць, то, відаць, гэта ёсць і ў жыцці. Так што ўменне спяваць гэта яшчэ і пазбаўленне ад закамплексаванасці, як аказалася.
Кіраўнік гурта «Бабіна лета» 81-гадовая Таццяна Піліпаўна Пушко раней працавала настаўніцай. Калектыў стварылі ў 1989 го-
дзе, у 2002-м ён атрымаў званне народнага. Жанчыны збіраюць і захоўваюць вясельныя, купальскія, веснавыя абрадавыя песні. Толькі шкадуюць, што ў калектыве няма моладзі.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.