Адна з самых важкіх для мяне даследчыцкіх працаў у беларускім літаратуразнаўстве – зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Здалёк і зблізку» вялікага пісьменніка і праўдалюбца Алеся Адамовіча. Цяпер, калі мы аніяк не можам вызначыцца з нацыянальнаю ідэяю для нашае краіны, мне прыгадваецца з кнігі Алеся Адамовіча наступнае. Даследчык расказвае, як у свой час амерыканцы спрабавалі вырашыць задачу, сутнасць якой у тым, каб з дапамогаю аднаго-двух твораў паведаміць-перадаць сваім нашчадкам найбольш глыбокае і поўнае ўяўленне аб чалавеку, аб людзях, аб цяперашняй цывілізацыі.
Капсулу з нержавеючай сталі і шкла, зараджаную рознай інфармацыяй, яны закапалі глыбока ў зямлю, каб нашыя нашчадкі меркавалі пра нас не па руінах і асколках… Дык вось, з твораў мастацкай літаратуры нашым нашчадкам амерыканцы «паслалі» «Вайну і мір» Льва Талстога. Далей Алесь Адамовіч задае пытанне: «А калі б беларусам прыйшлося выбраць адзін твор, якому аддалі б перавагу?» І сам жа адказвае: «У тым якраз і справа, што сярод самых значных, прыкметных твораў сучаснай беларускай літаратуры, здаецца, няма таго, які здольны гаварыць за ўсіх і сказаць усё, як сказала «Новая зямля» пра цэлы народ, яго лёс, яго сацыяльны, нацыянальны, псіхалагічны, этычны, эстэтычны воблік».
Гэтая думка прыгадалася мне зусім не выпадкова, бо перада мною на маім пісьмовым стале самавітае выданне паэмы «Новая зямля» ў перакладзе на рускую і польскую мовы, якое час ад часу я здымаю з паліцы дамашняй бібліятэкі. Пераклад на рускую мову зрабілі такія вядомыя рускія паэты і перакладчыкі, як Сяргей Гарадзецкі, Яўген Мазалькоў, Міхаіл Ісакоўскі. Мне надта імпануе, што Чэслаў Сэнюх, аўтар польскага перакладу, нарадзіўся 9 ліпеня 1930 года на той жа самай прынёманскай Наваградчыне, зямлі Міцкевічаў, легендарнай зямлі волатаў (маці Стэфанія, з уніяцкіх Смыкаў, паходзіла з наднёманскай вёскі Ваўкарэзь).
Якуб Колас пасля напісання «Новай зямлі» (1911-1923) так ацаніў сваю працу: «Лічу, што славянскімі народамі будзе з цікавасцю прачытана гэта паэма. Яна – асноўная тэма ва ўсёй маёй паэтычнай творчасці». Больш за тое, сучаснік Якуба Коласа класічны беларускі пісьменнік Кузьма Чорны парываўся нават адкінуць усе свае замыслы, каб толькі прозаю пераказаць «Новую зямлю».
Напрыканцы не магу яшчэ раз не спаслацца на Алеся Адамовіча: «Такія творы паяўляюцца не так ужо і часта, яны – «шчаслівы выпадак» у літаратуры. Як і бывае, але які доўга можа і не «здарыцца». Таму што і талент, які нараджае падобнае, — таксама «шчаслівы выпадак». Але ў той жа час творы такія можна лічыць і аб’ектыўнай заканамернасцю, паколькі яны – адказ на патрэбу, на гістарычную патрэбу ўсякага народа паэтычна заявіць свету пра сваё быццё, пра свае праблемы і пачуць, як адзавецца рэха ў адказ».
У нашыя неспакойныя дні, калі мы імкнемся стварыць моцную і квітнеючую Беларусь, адбудоўваем сваю Бацькаўшчыну, давайце будзем памятаць узвышана-афарыстычныя радкі з незабыўнай «Новай зямлі»:
Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля – аснова ўсёй айчыне.






Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.