Сёмы кастрычнік запар у Брэст наведваюцца знакамітыя беларускія літаратары. Уладзімір Арлоў, Алесь Разанаў, Вольга Гапеева, Ірына Герасімовіч… І вось зноў: «Тыдзень нямецкай мовы і культуры ў Брэсце» значную частку сваёй праграмы прысвяцiў… беларускай літаратуры. Гэта самае цікавае і адначасова самае незвычайнае ў гэтай цудоўнай кастрычніцкай традыцыі. На культурны «агеньчык», які на працягу дзесяці дзён старанна і плённа падтрымлівалі прадстаўнікі мінскага Інстытута Гётэ, Нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD), пасольства Германіі ў Беларусі (і іншых шматлікіх устаноў), на гэты раз «прыляцеў» паэт і перакладчык з Мінска Андрэй Хадановіч.
Хадановіч у сучаснай беларускай літаратуры з’ява адносна свежая. Як кажа сам аўтар: «Апошнія гадоў дваццаць я пішу, апошнія гадоў дванаццаць я не саромеюся гэтага паказваць, апошнія гадоў дзесяць я друкуюся ў кніжках».
Напярэдадні сустрэчы з чытачамі ў абласной бібліятэцы імя Горкага з літаратарам давялося трошкі паразмаўляць.
Аўтар павінен быць актыўным
– Мне здаецца, што сённяшні аўтар, калі ён думае пра чытачоў, пра заўтра літаратуры, павінен быць актыўным. Адрывацца ад сваёй хатняй пісаніны і хадзіць на сустрэчы, калі яго запрашаюць. Адказваць на пытанні, якія яму задаюць. І чытаць, чытаць, чытаць… Пакуль ёсць людзі, якім цікава яго слухаць. Спадзяюся, што гэта «пакуль» будзе існаваць заўсёды.
І гэта вельмі важна. Мне б хацелася, каб самой беларускай мовы ў беларускай прасторы было як мага больш. Я гатовы для гэтага рабіць нейкія пасільныя намаганні. Мяне трохі бянтэжыць, калі літаратура лічыцца чымсьці анахранічным, далёкім, вечным, класічным. Мне хочацца ўсімі магчымымі сродкамі (часам нават хуліганствам і правакацыяй) нагадваць, што літаратура – гэта занятак жывых людзей, прызначаны для жывых людзей. Хочацца паказаць і растлумачыць, што пісьменнік гэта не нейкая бронзавая істота. Ён з такой жа самай скуры, касцей, нерваў, як і чытач. І я выкарыстоўваю любую магчымасць зрабіць працэс чытання, слухання інтэрактыўным, напружаным і цікавым.
Працяг – у № 87 «Вячэрняга Брэста» ад 30 кастрычнiка.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.