У мінулую пятніцу, 29 лістапада, у Палацы культуры вёскі Астрамечава Брэсцкага раёна адбылася прэзентацыя чарговага, ужо чацвёртага, краязнаўчага альманаха «Астрамечаўскі рукапіс».
Намеснік старшыні Брэсцкага райвыканкама Людміла Жуковіч, рэдактар і ўкладальнік альманаха Аляксандр Ваўковіч, іншыя выступоўцы ў адзін голас гаварылі аб тым, што гэта ўнікальная з’ява. На ўсім абсягу Беларусі толькі ў Брэсцкім раёне выдаецца штоквартальны краязнаўчы альманах, у якім знаходзіцца месца для шматлікіх матэрыялаў пра гісторыю і культурную спадчыну рэгіёна.
Навуковымі кансультантамі выступаюць знакаміты Адам Мальдзіс з Мінска, Іна Швед, таксама доктар філалагічных навук, якая зараз кіруе вучэбнай фальклорна-краязнаўчай лабараторыяй БрДУ імя А.С. Пушкіна – гэта гонар для мясцовага выдання. І гэта не «святочныя генералы». Так, менавіта прафесар Адам Мальдзіс на старонках «Астрамечаўскага рукапісу» расказаў аб тым, як адзін з найстарэйшых музычных твораў Беларусі эпохі Рэнесансу атрымаў назву «Полацкі сшытак». Сапраўды ён быў створаны ў нашым Астрамечаве.
Адкрываючы імпрэзу ў гонар новага нумара альманаха, прафесар БрДУ імя А.С. Пушкіна Уладзімір Сенькавец падкрэсліў, што патрэбны далейшыя навуковыя даследаванні, але ўжо сення практычна няма сумненняў у тым, што адзін з самых значных музычных твораў эпохі Рэнесансу на Беларусі створаны менавіта ў берасцейскім Астрамечаве.
Безумоўна, выявіць праўду было немагчыма без энтузіястаў. Неяк няёмка словам «энтузіяст» называць кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства «Астрамечава» Аляксея Скакуна. Менавіта ён падтрымаў намаганні мясцовых краязнаўцаў і, што казаць, падтрымаў не толькі словамі, але і дапамогай з выданнем штоквартальніка. А як абысці ўвагай дырэктара раённага Дома рамёстваў Таццяну Лук’янчук, якая ўжо пятнаццать гадоў збірае матэрыялы аб вёсцы.
На старонках чарговага нумара «Астрамечаўскага рукапісу» знайшлося месца і для вытрымак з кнігі Юзэфа Крашэўскага «Адзенне мяшчанаў і сялянаў з ваколіц Берасця, Кобрыня і Пружанаў», і для «Дыялектных прыказак і прымавак Астрамечаўскага рэгіёна» ад жыхара вёскі Лышчыцы Міхаіла Мартынчука, мясцовых песень, якія запісалі студэнткі БрДТУ пад кіраўніцтвам Іны Швед, і іншыя цікавыя артыкулы.
Ідэя выдання рэгіянальнага краязнаўчага альманаха заслугоўвае павагі. Бянтэжыць адно: тыраж выдання – 99 экзэмпляраў…





Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.