Цікава, што «Вітэкачы» – гэта пяць непрафесійных артыстаў, аматараў этнамузыкі. Iх выступленнi перад гледачамi на гарадскіх пляцоўках сталi вынiкам нефармальных сустрэч i спеваў народных песень разам з гараджанамi, якiя таксама любяць фальклор.
– Iніцыятывы, звязаныя з этнамузыкалогіяй, якiя першапачаткова з’явіліся ў Брэсце, патрабавалi развiцця. Прайшло некалькі майстар-класаў у чатырох раёнах Брэсцкай вобласці з удзелам дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў, ураджэнкі Брэсцкай вобласці Ірыны Мазюк. Пасля пачалiся штотыднёвыя сустрэчы з жадаючымi паспяваць традыцыйныя народныя песнi. У працэсе i з’явілася ідэя выступаць перад іншымі людзьмі, – расказвае аб гурце яго ўдзельнік Віктар Місіюк.
У канцэртах гучаць песні, праходзяць майстар-класы па народных танцах з Кобрынскага, Жабінкаўскага, Брэсцкага, Маларыцкага, Бярозаўскага, Камянецкага, Пінскага, Іванаўскага раёнаў – рэпертуар ансамбля вельмi разнастайны. Большасць звязаная з пэўнымі сезонамі альбо з традыцыйнымі дзеяннямі, напрыклад, з хрэсьбінамі цi вяселлем. «Мы імкнемся выконваць музычныя творы на тэму сямейных традыцый, песнi, якія кранаюць душу, па-свойму зачароўваюць», – кажа Віктар Сяргеевiч.
– А як вы знаходзіце рэпертуар для сваіх выступленняў? – пытаюся ў суразмоўцы.
– Некаторыя ўдзельнікі ансамбля любяць вандраваць, бываюць у этнаграфічных экспедыцыях і прывозяць свежыя песні. Таксама мы выконваем творы, якія па пэўных прычынах не выкарыстоўваюць іншыя спевакі.
На канцэрце звяртаюць на сябе ўвагу незвычайныя касцюмы артыстаў. Па словах спевакоў, у калекцыі ансамбля ёсць арыгінальныя рэчы, на аснове якіх яны самi ствараюць сабе вопратку для выступленняў. I музычныя інструменты гурта сапраўды народныя – «Вітэкачы» граюць на скрыпцы, гармоні, бубне, барабане і лютні.
Дзе можна ўбачыць i пачуць гурт? Як паведамiлi яго ўдзельнiкi, у бліжэйшы час яны будуць выступаць на гарадскіх пляцоўках, потым будзе творчы перапынак, але прыхільнікі народнай творчасці заўсёды могуць знайсці шмат музычных твораў з рэпертуару ансамбля ў Інтэрнэце. Праз Інтэрнэт таксама можна далучыцца да гурта.
– У Інстаграме ёсць старонка «Спевы Брэста». Калі напісаць яе адміністратару, то вы зможаце наведваць вечары, на якіх мы выступаем, – паведамiў прадстаўнiк групы.
Святлана СЁМІНА
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.