З нагоды адкрыцця тэатральнага фестывалю «Белая вежа» Брэст наведаў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. У нашым горадзе ён прабыў два дні і завяршыў візіт у нядзелю, 8 верасня, пасля адкрыцця выставы малых формаў графікі. Варта адзначыць, што Барыс Уладзіміравіч быў адзіным чалавекам, хто на выставе размаўляў па-беларуску. Уласна, аб мове мы і пачалі гутарку з міністрам падчас караценькага інтэрв?ю.
– Барыс Уладзіміравіч, ваш папярэднік прынцыпова размаўляў выключна па-беларуску…
– Я ў гэтым не бачу ніякай праблемы. Мы можам размаўляць на той мове, якая зручная для вас. У нас дзве афіцыйныя мовы, і мы можам абраць для гутаркі любую з іх.
– Але ж застанемся на беларускай. І менавіта аб стане матчынай мовы будзе першае пытанне. Ці не падаецца вам, што яна па кроплі выціскаецца з ужывання?
– Ёсць рэчы, на якія мы не можам паўплываць. І як гэта ўсё развіваецца сёння, так яно і будзе. І не трэба рабіць тут нейкай трагедыі. Але ж мову варта ведаць. Чаму? Усё проста: колькі моваў ты ведаеш, столькі разоў ты і чалавек. Таму трэба як мага болей размаўляць. З іншага боку, існуюць правілы этыкету: на якой мове да цябе звяртаюцца, на такой і трэба адказваць.
– Гэта ваш першы візіт у Брэст?
– Не, канешне. Але ж Брэст быў першым рэгіёнам, што я наведаў на пасадзе міністра. Гэта было ў студзені, калі я прыязджаў на пасяджэнне аблвыканкама.
– У нашай культуры, на жаль, сёння няпростае становішча, таму што трэба працаваць па ўсіх напрамках. А аб чым міністэрства клапоціцца ў першую чаргу?
– Тут нельга сказаць дакладна, за што трэба брацца ў першую чаргу. Жыццё паказвае, што трэба займацца ўсім і адразу. У нас існуе праграма «Культура», рэалізуецца праграма «Замкі Беларусі», перажывае вялікую мадэрнізацыю студыя нацыянальных фільмаў. І ўсё гэта працуе.
– Дарэчы, пра фільмы. Некаторы час у краіне ішло шмат размоў пра камерцыялізацыю кіно. Як ажыццяўляецца гэты працэс?
– Я б нават не ўжываў гэтае слова – «камерцыялізацыя». Сапраўды, кіно ва ўсім свеце жыве па законах рынку. І мы таксама павінны гэта ўлічваць у сваёй дзейнасці. Але калі дзяржава клапоціцца пра густ і павышэнне ўзроўню эстэтычнага развіцця свайго народа, яна павінна падтрымліваць тыя праекты, якія нясуць у сабе духоўнасць. І тут фінансы адыходзяць на другі план. Таму адбываецца такая падвоенасць. З аднаго боку, мы павінны зарабляць грошы, з іншага – выхоўваць людзей.
– Дарэчы, аб выхаванні. Без іроніі варта адзначыць, што беларуская анімацыя – адна з лепшых у свеце. Але ж беларускі глядач амаль не ведае яе. Чаму так адбываецца?
– Ведаеце, я супраць такіх абагульненняў. У гэтым годзе мы адзначаем 40-годдзе стварэння студыі анімацыі. І за гэты час мы атрымалі шмат узнагарод, у тым ліку міжнароднага ўзроўню. Таму казаць, што беларускую анімацыю не ведаюць, не зусім правільна. Зараз у нас набліжаецца міжнародны фестываль «Лістапад», у межах якога будзе праходзіць дзіцячы фестываль «Лістападзік». І ў гэтым годзе ён пройдзе пад знакам святкавання 40-годдзя студыі анімацыйных фільмаў.
– Дзякую за размову.





Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.