У пятніцу, 1 лістапада, вядомаму берасцейскаму паэту і тэлежурналісту Міколу Пракаповічу споўніцца 65 гадоў. Гэта калі глядзець у пашпарт і энцыклапедыі. Але Мікалай Мікалаевіч ужо паспеў адзначыць памятную дату, бо сапраўды ён нарадзіўся 21 кастрычніка. Як атрымалася блытаніна, ён расказаў карэспандэнту «ВБ».
– Мікола, як атрымалася, што ў цябе адразу два дні нараджэння – фактычны і фармальны?
– Спецыяльна я бацькоў не распытваў. Але па нейкіх намёках, па іншых звестках, дарэчы, і з біяграфій сваіх сяброў, магу выказаць такое меркаванне. Нарадзіўся я ў 1948 годзе ў бацькоўскай хаце ў колішняй вёсцы Пугачова, якая даўно ўвайшла ў межы Брэста. Дзіця трэба зарэгістрававаць. Калі ты не зробіш гэтага ў тым жа каляндарным месяцы, то павінен заплаціць вялікі штраф. А бацькі павезлі дакументы ў сельсавет ужо ў лістападзе. Натрапілі на добрага старшыню, які і параіў зарэгістраваць мяне ўжо «лістападаўскай» датай.
– Ты вядомы і як паэт, і як тэлежурналіст. Кім з іх ты сябе больш адчуваеш?
– Ведаеш, калі паступаў на беларускае аддзяленне факультэта мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна (сучасны БрДУ), то ў першую чаргу думаў вучыцца на паэта, а не на настаўніка. Але, безумоўна, было патрэбна працаваць па размеркаванню. Настаўнічаў у Асабовіцкай васьмігадовай школе Пінскага раёна. Да гэтага ні разу не быў на Пінскім Палессі. У гэты цудоўны край закахаўся адразу. Які там неймаверны каларыт, якія людзі! Дарэчы, мясцовыя жыхары называлі мяне «вучыцелёк»: не таму, што малы ростам, а таму, што быў маладым настаўнікам. Безумоўна, у той час і пазней, калі ўжо непрацяглы час працаваў на радыё, а затым на тэлебачанні, то лічыў сябе ў першую чаргу паэтам. Праца на тэлебачанні была дзеля заробку, паэзія – для душы. Дарэчы, адно цягнула другое. Ад сустрэч з людзьмі, ад ведання нацыянальных абрадаў нараджаліся і вершы, і тэлепраграмы.
– На тваім рахунку тры выдадзеныя персанальныя зборнікі паэзіі, удзел у шматлікіх калектыўных зборніках. Але, калі не памыляюся, апошняя твая персанальная кніга «Мяжа надзеі» была надрукавана двадцаць год таму, у 1993 годзе. Тэлевізійная журналістыка перамагла?
– Шчыра кажучы, апошнія гадоў пятнаццаць я адчуваю сябе ў першую чаргу журналістам. Дарэчы, нейкі час спрабаваў сябе не толькі на тэлебачанні, але і ў друкаваных выданнях. І вельмі ўдзячны газеце «Вячэрні Брэст» і персанальна яе галоўнаму рэдактару за магчымасць праявіць сябе на старонках вядомага выдання. Але зразумеў, што менавіта тэлежурналістыка з’яўляецца тым заняткам, які мяне захапляе, дае магчымасць выказаць тое, што ляжыць на душы, і тое, чым хочацца падзяліцца з гледачамі. Тым больш што з’явіліся новыя тэхналогіі, фактычна магчымасць рэпрэзентаваць гатовы «прадукт», не залежаць ад вялікай каманды. Хаця ўвогуле без каманды сёння зрабіць нешта добрае немагчыма.
Працяг у № 88 «Вячэрняга Брэста» ад 1 лiстапада.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.