З беларускай мовай сталася так, што яна сiлкавалася з дзвюх, так бы мовiць, крынiц: з маўлення сялян i з твораў паэтаў i пiсьменнiкаў. А тыя шукалi адметныя словы ў сваiм, часцей за ўсё вясковым дзяцiнстве. Нездарма класiк напiсаў: усе мы з хат… Дарэчы, беларускiх пiсьменнiкаў, што нарадзiлiся ў горадзе, на пальцах можна пералiчыць.
Падставай для з’яўлення гэтых радкоў стала кнiга, лепш сказаць, кнiжачка (140 старонак) «Адчыненая хата. Вершы паэтаў Брэстчыны». Выдадзена ў Мiнску ў вераснi мiнулага года выдавецкiм домам «Звязда». Па часе гэта апошняя кнiга тутэйшых аўтараў. Калi будзе наступная хаця б такая самая, цi будзе наогул, невядома. Бо калi паэты яшчэ так-сяк заводзяцца ў асяроддзi творцаў, то раманiсты з навелiстамi не стаяць чэргаю ў тыя два часопiсы, што друкуюцца ў краiне беларускай моваю.
Я не самотны, я кнiжку маю, напiсаў у свой час Максiм Багдановiч. Сказана з тае нагоды, што з трох паэтаў, чые вершы складаюць кнiгу «Адчыненая хата», два ўжо пайшлi з гэтага свету – Алесь Каско i Васiль Сахарчук. Iван Арабейка ў год выхада зборнiка адзначыў 80-годдзе. У традыцыях беларускай паэзii, берасцейскiя творцы разважаюць пра мiнулае i сучаснасць, паэзiю i ўнутраны свет вершаскладальнiка, бацькоўскi кут i повязь пакаленняў, сапраўднае сяброўства i, канечне, каханне. Бо яно, як мала што iншае, падштурхоўвае юнака да паэзii.
З вышынi пражытага Iван Арабейка звяртаецца до маладзейшых сябраў па пяру:
Не думайце, што я астыў,
Што крах, закончана дарога.
Манаха клiча манастыр,
А мне вось тут блiжэй да Бога.
Алесь Каско шмат часу аддаў прафесii журналiста, працаваў у газеце, на тэлебачаннi. Можа яшчэ i таму ў яго паэзii шмат грамадзянскага, сацыяльнага гучання. Гэта калi i лiрыка, то, так бы мовiць, мужчынская:
Звiняць i травы ўсе, i дрэвы – Спас,
I неба ўсё – адным празрыстым звонам.
Але… ты раптам ловiш дысананс:
Такi прыдаўся час крычаць варонам!
I твой настрой ляцiць мiжволi
З-пад купалоў блiскучых, залачоных
Да яблыкаў на ручнiку, што звiс
Крыламi на руках жанчыны ў чорным.
Васiль Сахарчук таксама працаваў у галiне сродкаў масавай iнфармацыi, вершы пачаў пiсаць яшчэ ў школе, як i яго калегi i сябры па кнiзе, аб якой гаворка. Толькi адно адрозненне – паэт любiў i вялiкiя формы, напiсаў некалькi паэм. Валодаў методыкай «белага верша», твора без класiчнай рыфмы:
Жанчыны абагаўляюць люстэрка.
I калi пiльна,
доўга i засяроджана глядзець
на яго бяздонную паверхню,
можна ўбачыць сваё шчасце,
i гэта iм удаецца
ў ноч на Каляды.
Так, нашы класiкi, i жывыя i ўжо не, – яны з хат. Але ў iхнiх твораx вы не знойдзеце анi кветкi правiнцыялiзму, хоць нiхто з iх не мае лiтаратурнай aдукацыi. Мiж iншым, расiйскi драматург Леанiд Зорын зазначыў: з усiх славянамоўных лаурэатаў Нобелеўскай прэмii па лiтаратуры – Iван Бунiн, Барыс Пастэрнак, Мiхаiл Шолахаў, Аляксандр Салжанiцын, Iосіф Бродскi, Святлана Алекciевiч — нiводзiн не вучыўся ў Лiтаратурным iнстытуце iмя М. Горкага ў Маскве.
Iван АРЛОЎ
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.