Яшчэ некалькі дзесяткаў год таму адрыўныя календары былі неад’емнай часткай хатняга інтэр’еру. На спецыяльнай каляндарнай паштоўцы альбо проста на цвіку яны віселі на сцяне амаль што ў кожнай хаце, прычым на самым відным месцы, і былі адначасова падказчыкамі дзяржаўных і рэлігійных свят, дарадцамі ў медыцынскіх, кулінарных справах… Адным словам, крыніцай інфармацыі на ўсе выпадкі жыцця.
Больш за 50 год купляў, выкарыстоўваў, а потым і захоўваў адрыўныя календары ў сваім сямейным архіве жыхар аграгарадка Агарэвічы Ганцавіцкага раёна Іван Валошын.
– Мала таго, што збіраў, на працягу многіх год на кожным лісточку адзначаў, на яго погляд, самыя важныя, самыя значныя падзеі свайго вясковага жыцця, – заўважае загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В.Ф. Праскурава Таццяна Маляўка, ідэйны натхняльнік выставы і яе арганізатар.
А запісы яшчэ тыя! Без добрай усмешкі чытаць іх проста немагчыма.
«23 лютага. Рэзалі дровы ў клубе», «13 ліпеня. Касілі сабе сена ў Карчах», «28 жніўня. Капалі калодзеж Сідарэвічам», «3 студзеня. Ацялілася кароўка». Далей – цікавей. «Ездзіў у вёску Ганцавічы на свяжыну», «З Жэнікам выпівалі», «Пасля Вялікадня, апахмяляліся», «Хадзілі ў кіно», «Прывёз сена, п’яны спаў».
– Па запісах у календары не падумайце, што Іван Валошын – гэта чалавек, які злоўжывае спіртнымі напоямі, – пазіраючы на тое, як усміхаюся, чытаючы запісы на лістках календароў, заўважае Таццяна Уладзіміраўна. – У вёсцы Іван Адамавіч і яго жыццёвая спадарожніца Праскоўя Рыгораўна, па вясковаму цётка Пася, – людзі паважаныя. Жыццё хораша пражылі, трох дзетак сваіх годнымі людзьмі выгадавалі.
Па словах работнікаў бібліятэкі, незвычайная выстава з самымі звычайнымі календарамі карыстаецца вялікай папулярнасцю ў чытачоў. Есць нават тыя, хто ўжо па некалькі разоў пералістаў календары, усміхаючыся на запісы ў іх.
– Людзі прызнаюцца, што чытанне гэтае iм настрой падымае, – кажа Таццяна Маляўка.
Перад светлым, добрым святам – Вялікаднем — выстава календароў з калекцыі Івана Валошына пераехала з райцэнтра ў яго родныя Агарэвічы.
– Жыхары вёскі, чытачы бібліятэкі з вялікай цікавасцю ўспрынялі выставу, – прызнаецца бібліятэкар Агарэвіцкай сельскай бібліятэкі Валянціна Мініч. – Старыя, пажоўклыя ад часу календары – гэта не проста экспанаты, для людзей гэта нешта іншае, як частка іхняга жыцця.
Галіна МІКАЛАЕВА
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.