Пытанне з “правакатыўных”: які ўрок больш карысны – па фізічнай культуры ці па літаратуры? Адказ мае быць такі, што не зашкодзяць ні адзін, ні другі. Фізра мацуе постаць, чытанне загартоўвае розум. Між іншым, пакаленню зумераў карысна будзе ведаць, што Біл Гейтс, адзін з найбагацейшых людзей свету, што зарабіў мільярды ў галіне высокіх тэхналогій, аніяк не быў выдатнікам, калі вучыўся ў школе. Як па-нашаму, “ціхі троечнік”. Таму што днямі, а калі-некалі і ўначы, чытаў. І не адно фізіку ды алгебру. Гейтс мог бы следам за М. Горкім сказаць: усім добрым у сабе я абавязаны кнігам.
З такой нагоды цікава паглядзець, што ўяўляе сабой такая школьная дысцыпліна, як беларуская літаратура. Сёння шкаляры вывучаюць літаратуру сем гадоў, з 5 па 11 клас. Праграмы навучання амаль не адрозніваюцца ад тых, што панавалі у школах СССР. Захаваны ўвесь корпус творцаў ад Купалы з Коласам да Шамякіна з Мележам. Бясспрэчныя класікі. Пытання, каго браць у класікі, а хто і абыдзецца, не ўзнiкала. Беларуская літаратура невялікая, маладая (першыя творы датуюцца канцом ХІХ стагоддзя) і, што там, больш сялянская. З аксакалаў роднага слова адно Іван Шамякін у некаторых раманах напісаў пра гарадскіх жыхароў. А так усё больш – “Зрання старая Ганна тупала каля печы”. З пункту гледжання гісторыі літаратуры “суполка класікаў” мае права на месца ў школьнай праграме. А што далей?
Па словах розных тутэйшых творцаў, з літаратурай у нас усё “норм”. Пісьменнік піша, чытач чытае, кніжкі выдаюцца. Але дастаткова наведаць бібліятэку ці кніжную краму, каб спытаць: дзе тыя кніжкі, што напісалі пісьменнікі? Пэўна, чытачы зачыталі. Нас вучылі, і гэта праўда, што літаратура – працэс, мэйнстрым, у якім майстры слова перадаюць эстафету таленавітым пачынальнікам. Ствараецца ўражанне, што ў нас гэты працэс неяк вельмі замарудзіўся. Часам дакумент можа даць больш інфармацыі, чым заўзяты краснабай.
Існуюць і амаль штогод аднаўляюцца праграмы па беларускай літаратуры для школ. Возьмем для прыкладу праграмы для Х-ХІ класаў. Гэта перыяд сучаснай літаратуры. У раздзеле “Беларуская літаратура 1966 – пачатак 1990 гг.” сустракаюцца прозвішчы знакамiтых літаратараў – Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, нашы землякі – Яўгенія Янішчыц, Алесь Разанаў, Георгій Марчук. У раздзеле, што тычыцца перыяду ад 1990 года да сёння – ніводнага прозвішча паасобку. Адно падзелы “паэзія”, “проза”, “драматургія”. І стосы прозвішчаў, не менш за дзесятак у кожнай “намінацыі”.
Такім чынам, персоны сённяшніх творцаў для вывучэння выбірае настаўнік альбо вучань.
Іван АРЛОЎ





