Берасце XVI-XVII ст. Iлюстрацыя Паўла Татарнікава.
Камянец XIII ст. Iлюстрацыя Паўла Татарнікава.
Выйшла з друку новая кніга Уладзіміра Арлова і мастака Паўла Татарнікава «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі». Можна сказаць, гэта вядомая чытачам кніга «Краіна Беларусь» таго ж аўтара, толькі ў фармаце для дзяцей і падлеткаў. Яна ў двух частках, першая з якіх ахоплівае перыяд ад з’яўлення на нашай зямлі старажытнага чалавека да паўстання Тадэвуша Касцюшкі 1794 года, пасля паражэння якога Беларусь увайшла ў склад Расійскай Імперыі. На 223 старонках свежага фаліянта ў цвёрдай вокладцы – каля 200 ілюстрацый: партрэты гістарычных асоб і гістарычныя панарамы.
У новай кнізе толькі маляваныя ілюстрацыі (у адрозненне ад «Краіны Беларусь», дзе ілюстрацыйны матэрыял аўтэнтычны). Над імі каля шасці гадоў працаваў наш зямляк, ураджэнец Брэста Павел Татарнікаў. Творчасць гэтага мастака вядомая далёка за межамі краіны. Ён – лаўрэат прэстыжных міжнародных прэмій, двойчы стаў уладальнікам вышэйшай еўрапейскай узнагароды для кніжных ілюстратараў – прэміі «Залаты яблык» Браціслаўскага біенале (параўноўваюць з «Оскарам» для кінематаграфістаў). Беларускі графік ілюстраваў кнігі Шэкспіра, Дзюма, Андэрсэна, кітайскі эпас, беларускія народныя казкі… Яго працы захоўваюцца ў музеях Беларусі, Германіі, Іспаніі, Японіі і іншых краін. У інтэрв’ю «ВБ» мастак расказаў пра сваю творчасць і стасункі з родным горадам.
Пра новую кнігу
Павел, ці чакалі Вы, што кніга «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» будзе мець такі поспех? Яна разыходзіцца не толькі ў Беларусі, але і ў ЗША, Канадзе, Турцыі, Бразіліі, Галандыі…
– Я нейкім чынам здагадваўся, што яна будзе карыстацца попытам, таму што на рынку не тое што не хапае – няма падобных кніг для дзяцей і падлеткаў, папулярных і багата ілюстраваных. Нечаканым стаў ажыятаж: я ўпершыню ў Беларусі бачыў, каб за тры дні пасля выхаду кнігі разышлася палова накладу (3 тысячы экземляраў кнігі для дзяцей – даволі вялікі наклад).
Вы досыць доўга – аж 6 год – працавалі менавіта над гэтай кнігай…
– Гэта даволі ўмоўны адрэзак часу. Сама ідэя выкарыстаць мае панарамныя мастацка-гістарычныя рэканструкцыі з’явілася, калі некаторыя з іх былі гатовыя. Шчыльна менавіта над гэтай кнігай я працаваў 4 гады.
У якой тэхніцы рабіліся ілюстрацыі?
– Большая частка – гэта акварэль на паперы (традыцыйная для мяне тэхніка). Арыгіналаў ілюстрацый значна больш, чым змешчана ў кнізе, хоць яна і немалая. Некаторыя значна паменшаны.
Дык, можа, варта зрабіць выставу ў Брэсце, напрыклад, у галерэі на вул. Савецкай?
– Выстава вымагае значных сродкаў. Напрыклад, гэты праект – каля 200 ілюстрацый, 70 разгорнутых панарам, гэта значыць, трэба 70 рам. Мастак звычайна не мае магчымасці набыць столькі рам са шклом для сваёй выставы. А трэба яшчэ знайсці транспарт, каб прывезці, развесіць – і потым у адваротным парадку… Аднак гэта – не справа толькі самога мастака. Хаця ў Гародні, у галерэі «Крыга», напярэдадні Новага года адбылася выстава па гэтым праекце.
Атрымліваецца, у Гародні ёсць рамы, а ў Брэсце няма?..
– Ну, так. Звычайная праблема для галерэй: не ўсе маюць свае рамы, каб рабіць выставы графікі ці фотавыставы. У Гародні, дарэчы, іх купіў для выставы спонсар.
Пра беларускую гісторыю
Такая кніга вымагае шмат даследчыцкай працы. Напрыклад, на адной з ілюстрацый – зала вялікакняскай канцылярыі, што месцілася ў віленскім Ніжнім замку. Там дакладна пададзены дэталі: фігуры канцлера Яўстаха Валовіча, Льва Сапегі (тады яшчэ падканцлера), пісараў, адмысловы стол-піраміда і нават каты, якія ахоўвалі дакументы ад мышэй і пацукоў…
– Даследчыцкая праца – гэта асаблівасць такіх мастацка-гістарычных рэканструкцый. Трэба паглядзець і архіўныя матэрыялы, і археалагічныя, тапаграфічныя, неабходны кансультацыі гісторыкаў. Частка рэканструкцый, якія я рабіў, з’яўляюцца дакладна рэтраспектыўнымі – іх нельга назваць у строгім сэнсе навуковымі. На некаторых размешчаны аб’екты, якія ў адзін час разам ніколі не існавалі. Насамрэч я не навуковец і вольны прапанаваць свой погляд, які я бачу цікавым.
Што ў нашай гісторыі Вас асабліва здзівіла ці ўразіла?
– Адзінае, што магу сказаць: гэтая тэма невычэрпная, і працы для мастакоў хопіць яшчэ не на адно пакаленне. Таму што ў нас навуковы матэрыял непараўнальна слабейшы, чым у некаторых суседзяў, і не накоплены матэрыял візуалізацыі гісторыі.
Якой Вам найперш падаецца гісторыя Беларусі? Трагічнай? Ці, можа, рамантычнай, якой яна бачыцца ў творах Уладзіміра Караткевіча?
– Да любога гістарычнага перыяду можна падысці дыялектычна. І рамантыка ёсць, і прыгодніцтва, і гераізм. Але аб’ектыўна наша гісторыя ў кантэксце еўрапейскай напоўнена трагізмам. Бясконцасць канфліктаў, якія змянялі краіну і накладвалі свой адбітак на гісторыю.
Пра творчасць і сям’ю
Дзе Вы працуеце?
– У мяне некалькі месцаў для творчасці. Прыязджаю ў Брэст да мамы, там у бацькоўскім доме ёсць майстэрня. Ёсць майстэрня і ў маім доме ў Мінску. Ёсць хатка ў вёсцы, за 90 кіламетраў ад Мінска.
А які любімы час для творчасці: ранак ці вечар?
– Вечар, а часам і позні вечар, калі дзіця кладзецца спаць і нішто не замінае. Дарэчы, наш сын Ян, якому чатыры з паловай гады, двойчы адзначаны ў кнізе: партрэцік яго двухгадовага і яшчэ фігурка дзіцяці ў дзень народзінаў. Я тады скончыў працу над рэканструкцыяй Камянца, там у кутку сядзіць жанчына, корміць дзіця. Якраз у гэты час жонка была ў радзільні.
Ці хацелі б Вы, каб сын прадоўжыў сямейную традыцыю і стаў мастаком?
– Гэта яшчэ далёка наперадзе. Канешне, ён малюе, як усе дзеці. Я бачу, навыкі малявання неблагія для яго ўзросту. Натуральна, бо ў яго ёсць пробны матэрыял: любыя фарбы, любыя пэндзлі.
Што неабходна, каб стаць паспяховым: талент, праца, настойлівасць бацькоў, можа, супраціўленне абставінам? У Вас ёсць «формула»?
– Каб такая формула была, усе б даўно былі паспяховымі. Увогуле, Бог усіх надзяляе талентамі, але толькі праца гэтыя таленты раскрывае. Ёсць біблейскае правіла, што такое талент і чаму яго нельга закопваць у зямлю. Талент – гэта найбольшая рымская манета, за якую ў часы Рымскай Імперыі можна было пражыць усё жыццё. Нельга закопваць у зямлю талент, таму што ён павінен пракарміць цябе ўсё жыццё.
Ваша жонка Ірына – прыгажуня. Дзе яна працуе?
– Дзякуй Богу, не ў сферы мастацтва. Яна – эканаміст, і яе дапамога неацэнная. Я ўвесь час прыгадваю верш Губермана: «Чтобы души своей безбрежность художник выполнил сполна, нужны две мелочи – прилежность и работящая жена». Жонка шмат мне дапамагае і церпіць, што не заўсёды прыношу грошы ў сямейны бюджэт.
Бедны мастак – гэта не пра Вас? Часам жа скардзяцца… Ці выгадна з матэрыяльнага боку супрацоўнічаць з замежнымі выдаўцамі?
– У гэтым сэнсе я паспяховы мастак, у мяне выдаўцы стаяць па тры гады ў чарзе. Але ў асноўным з-за мяжы, таму што нашых няма.
?…
– З дзяржаўнымі выдавецтвамі я не працаваў ужо 16 гадоў. І гэта не мая пазіцыя, гэта пытанне не да мяне. Дарэчы, зборнік беларускіх народных казак чамусьці больш цікавы за межамі, чым нашым выдавецтвам. Апошні зборнік выдаваўся ў Маскве.
Ці хапае ў Вас часу на сяброўскія сустрэчы? Ці любіце бавіць час у шумных кампаніях? На самотнага мастака Вы, здаецца, не вельмі падобны.
– Так, я люблю кампаніі, сяброў, сваякоў. Што не дзіўна: спецыфіка работы такая, што я ўвесь час адзін, часам хочацца сустрэцца, паразмаўляць.
Падарожжы любіце?
– Вельмі. Часцяком бываю за мяжой. Люблю хадзіць па зімовым лесе. Дарэчы, я зараз сяджу ў сваёй майстэрні, і ў мяне перад акном заснежаны лес. Ён мяняецца кожны дзень. Туды пайсці – гэта найлепшае падарожжа.
Пра Брэст
– У Брэсце я часцяком бываю. Мае бацькі былі мастакамі. Мама і зараз жыве ў Брэсце, на Бярозаўцы. У яе цудоўная майстэрня. Калі я прыязджаю, месяцы па два сяджу там, працую. Там таксама шчасце.
Вам прапаноўвалі калісьці выканаць дызайн гадзінніка на стэле Брэсцкага тэатра лялек. Ці ўзяліся б за гэту працу зараз?
– Гэта было даўно, гадоў 10 таму. Былі сустрэчы з былымі кіраўніком тэатра, галоўным архітэктарам. Але гэта тэма адышла, і інтарэсу да яе няма. Гэта не мая справа.
Калі б іншае што прапанавалі?..
– Спачатку хай прапануюць…
Што, на Ваш погляд, варта было б Брэсту пераняць у сталіцы – у яе творчым, мастацкім складальніку?
– Выконваць закон, які ёсць. Ёсць манументальная рада пры Міністэрстве культуры, на якой праходзяць зацвярджэнне ўсе гарадскія ландшафныя скульптуры. Не павінна ўсё вырашацца на густ аднаго ці некалькіх чалавек. Калі гэта нават не мастакі. Калі б выконваўся закон, нізкаякасныя ў мастацкім плане формы не з’яўляліся б на вуліцах горада. Хаця, як некаторыя кажуць, «людям же нравится». Я лічу, што тысячагадовы горад абавязаны ставіць на сваіх вуліцах толькі сапраўдныя шэдэўры.
Зараз Вы працуеце над другой часткай кнігі «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Касцюшкі да Рагнеды»?
– Так, але ёсць і яшчэ праекты. Напрыклад, блізкія да заканчэння ілюстрацыі да дзіцячай кнігі па лібрэта оперы Карла Орфа «Die Kluge» («Умница»), у аснове якой казка братоў Грым. Не канчаецца і тэма мастацка-гістарычнай рэканструкцыі, бо шмат чаго яшчэ не ахапіў.
Поспехаў Вам! І дзякуй за шчырасць.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.