Пасля канферэнцыi, калi Уладзiмiр Калеснiк пазнаёмiў мiнскага госця з Валянцiнай, тая сказала Караткевiчу: чаму б i вам не напiсаць якi-небудзь дэтэктыў? «Якi?» – спытаў Караткевiч, ён i сам любiў гэты жанр лiтаратуры. А яна i кажа: хаця б такi, як «Дзiкае паляванне караля Стаха». Гэту аповесць Валянцiна чытала ў часопiсе «Нёман» i не звярнула ўвагу на прозвiшча аўтара. Тут Караткевiч засмяяўся i дамовiў: дык гэта ж я напiсаў!
Уладзiмiр Караткевiч запрасiў Валянцiну да сябе ў Мiнск. Але потым успомнiў, што якраз на прызначаны дзень трэба ехаць на вяселле да сябра-лiтаратара. Сябры ж i параiлi: бяры яе з сабою. То было iнтэрнацыянальнае вяселле: беларус браўся шлюбам з украiнкай. Святкавалi традыцыйна – з выкраданнем нявесты, дзяльбой караваю. Крыху падпiўшы, таварышы Караткевiча з маладзейшых проста за сталом сказалi Валянцiне: раз дрэнна гаворыш па-беларуску, ты яму не пара.
Былi жаночыя слёзы. Уладзiмiр Караткевiч з Валянцiнай не сталi чакаць канца гулянкi, вярнулiся ў Мiнск. Да гонару Валянцiны Бранiславаўны трэба сказаць, што яна, жанчына рашучая i настойлiвая, неўзабаве стала гаварыць па-беларуску нават лепей, чым тыя, хто яе папракаў, што зазначылi такiя дзеячы мастацтва, як Арсень Лiс ды Рыгор Барадулiн. Нейкi час каханыя жылi, так бы мовiць, на два дамы, на два нават гарады. Валянцiна Бранiславаўнa ў Брэсце чытала лекцыi па гiсторыi КПСС, Уладзiмiр Сямёнавiч у сталiцы працаваў над творамi. Нарэшце 18 лютага 1971 года адбыўся iхнi шлюб. Гiсторык Уладзiмip Караткевiч жартаваў: сто дзесяць год з адмены прыгоннага права, а мяне, стойкага ворага ўсялякага прыгону, звязалi путамi Гiменея.
Пасля вяселля Валянцiна Бранiславаўна працавала ў Iнстытуце мастацтва, этнаграфii i фальклору Акадэмii навук БССР. Янa бясконца ездзiла ў экспедыцыi, абаранiла не адзiн помнiк архiтэктуры, пiсала артыкулы i брашуры. Тое, што зрабiла Валянцiна Караткевiч для падрыхтоўкi «Збору помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi», для таго, каб ён iшоў «без купюр», можна смела назваць навуковым подзвiгам, грамадзянскай мужнасцю.
На жаль, лёс падараваў гэтай прыгожай пары толькi дванаццаць год сумеснага жыцця. Пасля цяжкай хваробы ў 1983 годзе Валянцiна Бранiславаўна пайшла з жыцця. Уладзiмiр Сямёнавiч Караткевiч перажыў яе крыху больш чым на год.
У тыя гады студэнцкая моладзь сталiцы пачала рабiць пэўныя захады да нацыянальнага адраджэння. Стваралiся суполкi «Майстроўня», «Талака». Быў намер прыцягнуць да гэтай важнай справы аўтарытэтных дзеячоў культуры, у тым лiку Уладзiмiра Караткевiча. Толькi ён пры ўсiм жаданнi не здолеў дачынiцца да нацыянальнага руху.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.