
Калі аглядваеш біяграфію Георгія Пятровіча Андраюка, то адразу ўзнікае пытанне і даецца адказ: адкуль пачыналася дарога чалавека, якая выкіруе яго на такую высокую і адказную пасаду? Адказ відавочны – Велікарыта, сярэдняя школа. Мне нічога не застаецца, як сесці за руль аўто – і ў Велікарыту.
Аказалася, што Сямён Піліпавіч Кузьміцкі – дырэктар Велікарыцкай СШ (1965-1986) – нарадзіўся ў 1935 годзе ў вёсцы Навасады Жабінкаўскага раёна. У свой час пасля заканчэння сярэдняй школы ў Жабінцы (тады яна ў гэтым горадзе была адна) ён стане ў 1956 годзе выпускніком фізіка-матэматычнага факультэта Брэсцкага педінстытута (аддзяленне матэматыкі) і па размеркаванні трапіць у Велікарыцкую сярэднюю школу. А далей давайце паслухаем непасрэдна майго субяседніка:
— 15 жніўня 1956 года я прыеду ў Велікарыту, прыйду да Георгія Пятровіча Андраюка, які толькі напярэдадні ў ліпені быў прызначаны на пасаду дырэктара школы. Мы хутка дамовіліся аб прыёме мяне на працу, трэба было толькі вырашыць мне жыллёвае пытанне. Георгій Пятровіч прапануе мне пераначаваць у яго, ён з сям’ёю ўжо быў уладкаваны. Знаеце, калі я ад’язджаў з дому, бацька ў дарожную сумку паклаў мне паўлітэрку дамашняе самагонкі, пры гэтым сказаўшы, што дзесьці будзеш у кагосьці начаваць, каб у хату не ўвайшоў з пустымі рукамі. Зразумела, жонка Георгія Пятровіча Раіса Дзмітраўна накрыла, як кажуць у такіх выпадках, абедны стол, ды я выняў загадзя падрыхтаваны пачастунак. Георгій Пятровіч цвёрда запярэчыў, што ён з алкаголем не дружыць, то каб не ягоная палавінка, бутэлька так і засталася б не адкрытаю (шчыра смяецца, а я-то думаю, год тады быў 1956, якраз год нараджэння аўтара гэтых радкоў, а Сямён Піліпавіч расказвае, як быццам гэта было ўчора ці пазаўчора).

Г.П. Андраюк з выпукнікамі сярэдняй школы каля вясковага цэнтра адукацыі і культуры. 1949 год.
Георгій Пятровіч дырэктарам адпрацуе два гады, і яго перавядуць на працу ў Маларыту. Хачу вам сказаць і такое. Тады пачатковыя школы былі ў суседніх вёсках – Дубічне, на Гусаку, у Антанове была спачатку сямігодка, потым пачатковая школа. І калі закрылі школу на Гусаку, то Георгій Пятровіч тут жа паклапаціўся, каб будынак перавезці ў Велікарыту і перабудаваць у інтэрнат. Пройдзе не адзін год, як мы аднойчы сустрэнемся з ім у Брэсце на Савецкай і ён запросіць мяне ў свой кабінет на Міцкевіча, з рабочага стала дастане план будаўніцтва новага корпуса вну і будзе мне ў некаторых дэталях расказваць. А я тут для сябе ўспомніў, што яшчэ ў час працы ў Велікарыце ў яго праяўлялася будаўнічая жылка, клопат тады пра вучняў, а тут пра студэнтаў.

Г.П. Андраюк у роднай сям’і, 1964 год.
Падчас майго дырэктарства Георгій Пятровіч толькі зрэдку наведваў нашу і перш за ўсё сваю школу, ён жа быў чалавек заняты. Валодзя (Сямён Піліпавіч звяртаецца да мяне), можна я назаву маіх інстытуцкіх выкладчыкаў? (Я кіўнуў галавою.) Гэта былі людзі выключна падрыхтаваныя: Гінёў Мікалай Сцяпанавіч, Жамчужны Сяргей Міхайлавіч, Жураўскі Васіль Сцяпанавіч, мы, ягоныя студэнты, між сабою празывалі яго дзядзя Вася… (Смяецца.) Шраер Майсей Рыгоравіч, Осіпаў Яўген Дзмітравіч. Першыя чацвёра ў пераліку даволі складаны вучэбны матэрыял тлумачылі надзіва проста і даходліва, дастаткова было нам, студэнтам, уважліва паслухаць і запісаць лекцыйны матэрыял. Яўген Дзмітравіч быў сакратаром парткама, знаў усіх студэнтаў, па магчымасці дапамагаў кожнаму, у каго быў нейкі клопат. І калі мне з бягучага 17 верасня лісцік календара паказвае на 92-гі год, то ясна разумееш ролю названых вышэй маіх выкладчыкаў і ў вучобе, і ў далейшым жыцці. Не магу не згадаць, што мой інстытуцкі выпуск на 30-годдзе – у 1986-м – сустракаўся ў роднай alma mater.
Падхапiлi пачатае Андраюком
Калі я ўважліва слухаў расказ Сямёна Піліпавіча, ягоная спадарожніца па жыцці Любоў Сяргееўна – па адукацыі настаўніца рускай і беларускай мовы і літаратуры – уважліва праглядала матэрыялы двух папярэдніх выпускаў «Вячэрняга Брэста», дзе ў рэдакцыйным праекце апавядалася пра Платона Саевіча і Міколу Селяшчука, людзей наскрозь велікарыцкіх: першы як міністр асветы паклапоціцца пра будаўніцтва ў Велікарыце школы, (дарэчы, яна цяпер носіць ягонае імя), а другі да трынаццаці гадоў, пакуль Колева сям’я з хутара не пераедзе ў Брэст, будзе вучнем школы. І тут яна дазволіла толькі аднойчы перабіць аповед свайго мужа: «Вы ведаеце, – яна звяртаецца да мяне, – я была сведкай, як вырашалася пытанне пра будаўніцтва школы ў Велікарыце. Тады школа знаходзілася ў будынку паштовай станцыі, чатыры класы. У нас у класе было столькі вучняў (43 чалавекі), што не памяшчаліся ў журнальны спіс. І тут да нас прыязджае міністр асветы, ён нарадзіўся зусім побач, у Новым Раматове. Прыехаўшы да бацькоў, заехаў і да нас. Паглядзеў на тыя ўмовы, у якіх мы вучымся, і сказаў – я добра гэта запомніла, – што пабудуе нам новую школу. І надзіва хутка па часе ў 1953 годзе пасля першай чвэрці мы, дзеці, перайшлі на заняткі ў новую школу».
А яшчэ Сямён Піліпавіч згадвае мне імёны настаўніка і разам з тым завуча школы Юрыя Васільевіча Паталкова, радуецца кожнай сустрэчы з былым настаўнікам фізкультуры Аляксандрам Якаўлевічам Кавальчуком, вядомым нашым берасцейскім дыктарам. Гэта ягоным голасам і сёння гучаць абвесткі ў грамадскім транспарце абласнога цэнтра, больш таго, я клапатліва захоўваю ў сваім дамашнім архіве адносна невялічкую заметку Юрыя Васільевіча пра Аляксандра Кавальчука, ягоная заметка называецца «Голас горада». І першы, і другі былі не толькі маімі інстытуцкімі выкладчыкамі, Юрый Васільевіч выхавае не адно пакаленне філолагаў, чытаючы ім курс рускай літаратуры, Аляксандр Якаўлевіч будзе весці ў нас, у філолагаў, практычныя заняткі па выразным чытанні (лекцыі будзе чытаць незабыўны Уладзімір Андрэевіч Калеснік). Штораз, бываючы на брэсцкім стадыёне падчас футбольных матчаў «Дынама», шчасліва радуюся, што дыктар на стадыёне той жа самы – Аляксандр Кавальчук.
Ужо з-пад Кузміцкага крыла многія выпускнікі Велікарыцкай сярэдняй школы спраўдзілі свой высокі жыццёвы чын. Зараз я вам згадаю шэраг такіх імёнаў, яны ў нашым горадзе, як кажуць, на слыху, далібог пералік гэты будзе няпоўны: акадэмічны фізік Іван Міхайлавіч Гарчарук, дырэктар дывановага камбіната Сяргей Харытонавіч Федарук, дырэктары берасцейскіх школ Уладзімір Мікалаевіч Вашчула і Еўдакія Аляксандраўна Селівонік, кіраўнік турыстычнай установы «Аўтатур» Іван Міхайлавіч Гапанюк, выключны іжынер-электрык былога аўтарамонтнага завода Канстанцін Сцяпанавіч Абрамук, ёсць сярод выпускнікоў школы дактары навук і генералы, выбітныя кіраўнікі розных арганізацый і ўстаноў.
Пакідаючы гэтую ўтульную інтэлігенцкую сям’ю Сямёна Піліпавіча і Любові Сяргееўны Кузьміцкіх я паспеў заўважыць краем вока, што ў гаспадароў дома ладная дамашняя бібліятэка. Яшчэ мяне парадавала, што іхняя ўнучка Вольга – нядаўняя выпускніца факультэта пачатковых класаў Брэсцкага ўніверсітэта, а гэта значыць, што працяг дзівоснай настаўніцкай дынастыі Кузміцкіх забяспечаны.
Так ужо сталася ў маім жыцці, што мае выкладчыцкая і журналісцкая дарогі ідуць побач, дапаўняючы адна другую. Для чаго гэта я? У адной з папак у маёй дамашняй бібліятэцы захавалася сапраўды рэдкае інтэрв’ю з Георгіем Пятровічам Андраюком, яно датуецца кастрычнікам 1995 года, калі Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт святкаваў паўвекавы юбілей. Вось яно, перад вамі.
Рэктарскі хлеб
— Георгій Пятровіч, вы ў інстытуце амаль што з пачатку ягонага заснавання. І, канечне, Вам ёсць што прыгадаць у юбілейныя дні.
Сам я з трэцяга выпуску, гэта 1950 год, нас было 38 выпускнікоў. Зазначыў бы агромністую цікавасць да вучобы кожнага, сапраўднае імкненне да ведаў.
Амаль што дзевятнаццаць гадоў быў рэктарам. Прыгадваецца, што ў тыя часы нам бачылася ясная перспектыва: усталёўвалася матэрыяльная база: пабудавалі цяперашні галоўны корпус, спартыўны комплекс, будынак, дзе зараз размяшчаецца факультэт замежных моў, лодачную станцыю, дарэчы, яна цалкам узведзена на сродкі, што меў інстытут ад гаспадарча-дагаворнай дзейнасці. Безумоўна, істотным козырам было супрацоўніцтва з Інстытутам касмічных даследаванняў. Зазначу, што ў той час мэтанакіравана выдзяляліся сродкі не толькі на стварэнне матэрыяльнай базы, але і на навуку. Ішла гаворка і пра будучы ўніверсітэт.
— Георгій Пятровіч, я хацеў бы задаць пытанне вось якое, пытанне да вас як выкладчыка ад свайго колішняга студэнта. Была ў Вашай біяграфіі важкая камандзіроўка ў ЗША, напамін пра якую варты сённяшняга юбілею.
Так, сапраўды, такі факт меў месца. У канцы васьмідзясятых дэлегацыя ад Міністэрства адукацыі СССР у складзе чатырох чалавек – рэктары Варашылаўградскага і Куйбышаўскага педінстытутаў, Пскоўскага ўніверсітэта і ваш субяседнік – мелі выключную магчымасць наведаць Злучаныя Штаты Амерыкі. Там мы знаёміліся з пастаноўкаю вучэбнага працэсу ў вышэйшых навучальных установах, для прыкладу – у Калумбійскім універсітэце Нью-Ёрка. Сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі, прачытанне планаў навучання, знаёмства з матэрыяльным забеспячэннем і многае іншае калі не ў літаральным сэнсе, то апасродкавана знаходзіла выхад непасрэдна ў маёй практычнай дзейнасці на пасадзе рэктара. Увогуле, скажу вам, гэта быў даволі цікавы і змястоўны час.
Колькі слоў адносна другога пытання ў інтэрв’ю. Часова гэта было заканчэнне васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Паколькі Георгій Пятровіч у маёй акадэмічнай групе вёў лекцыйныя і практычныя заняткі па такой дысцыпліне, як навуковы камунізм, то ягоны аповед пра вышэйзгаданую ягоную вандроўку ў США нам, студэнтам-старшакурснікам, быў не толькі цікавым і пазнавальным, але, прынамсі, помніцца і дагэтуль. Сёння варта пра гэтае ведаць і цяперашнім і студэнтам, і выкладчыкам.
У якасці істотнага дапаўнення да гэтага каротка-змястоўнага выказвання нашага рэктара льга дабавіць і наступнае, асабліва гэта будзе да месца, калі цяперака шырока адзначаецца васьмідзесяцігоддзе берасцейскай вну. Сутнасць дапаўнення ў наступным. Першая палова 80-х ХХ стагоддзя ў гісторыі Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна характарызавалася рознанакіраванасцю і актыўнасцю развіцця. Аб’ектыўнай адзнакай праяўленай актыўнасці стала ў 1983/1984 навучальным годзе прызнанне інстытута ў Брэсце пераможцам Усесаюзнага спаборніцтва сярод каля 200 педагагічных навучальных устаноў СССР і ўзнагароджанне пераходным Сцягам Міністэрства асветы СССР і ЦК прафсаюзаў работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў.
Гэтая аксіёма аніколі не мае пярэчанняў, сутнасць яе ў тым, што пра свайго былога выкладчыка ніхто найлепей не скажа слова, як яго выхаванец ці калега.

Працоўнае выхаванне студэнцкай моладзі, наладжанае ў студэнцкіх будаўнічых атрадах (13 атрадаў у 1971 годзе з дыслакацыяй на аб’ектах Казахстана і Малдавіі, на Урале і Смаленшчыне, пазней – на будаўніцтве Саяна-Шушанскай ГЭС).
От выпускника до ректора
Таццяна Аляксандраўна Гераськіна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры агульнага і рускага мовазнаўства.
– Моё знакомство с Георгием Петровичем состоялось в 1969 году, когда я начала работать в институте. В это время Георгий Петрович был секретарём парторганизации в институте, пользовался большим авторитетом и заслуженным уважением преподавателей, сотрудников, студентов.
Когда Г.П. Андреюк стал ректором, он продолжил преподавать на родном филологическом факультете. И здесь мне довелось познакомиться с ним как с коллегой. Мы неоднократно оказывались в одной комиссии на госэкзаменах у студентов заочного отделения. Я, молодая преподавательница, с большим интересом наблюдала, как он вёл себя во время ответов выпускников. Георгий Петрович невозмутимо, не перебивая, выслушивал всё, что отвечали заочники. А иногда, надо сказать, звучали ошибки, нелепые вещи. После того как билет был изложен, экзаменатор переходил к уточнению по одному или второму вопросу, а иногда и по обоим. Сколько же выдержки, терпения требовалось, чтобы так хладнокровно, спокойно принимать экзамен! Я.А. Чернявская советовала мне учиться у ректора, как следует принимать экзамены. И я, конечно, училась, считая поведение старшего коллеги идеальным.
Вспоминается один случай. Меня назначили заместителем декана. Эта должность только появилась, приравнивалась к общественному поручению. Близился Новый год, а 31 декабря было рабочим днём. И я взяла на себя смелость, с согласия декана Л.П. Смольяновой, сделать его выходным, т. е. преподнесла подарок преподавателям, студентам, сотрудникам факультета. Всё просчитала, разбросала занятия на другие дни и заслужила восторг студентов и благодарность коллег. Однако накануне на лекцию должен был прийти Г.П. Андреюк, и я с опаской ждала, как он отреагирует на моё самоуправство. А Георгий Петрович похвалил меня, что хоть на одном факультете в институте подумали о людях, позаботились о том, чтобы праздник стал желанным, радостным.
Встречались мы и в неформальной обстановке, на родительских собраниях в школе: младшая дочь Георгия Петровича и моя старшая учились в одном классе. Он был прекрасным отцом, гордился своими детьми.
Большой заслугой ректора было строительство нового корпуса. Немало здоровья, я думаю, потратил на это дело.
Г.П. Андреюк был руководителем честным, принципиальным. Преподавательская среда – это всегда сложный организм, но он умел ладить с людьми.
Георгий Петрович Андреюк был первый «свой» ректор, выпускник нашего института.
Кожух Іван Рыгоравіч, прафесар матэматыкі, дэкан матэматычнага факультэта (1995-2000 гг.)
– У маёй памяці Георгій Пятровіч застаўся як вельмі добры кіраўнік інстытута, адносіўся з належнаю павагаю да выкладчыкаў, якія мелі розныя погляды на сучаснасць. Можна падкрэсліць, што пры ягоным кіраўніцтве была закладзена аснова, каб інстытут стаў універсітэтам. Успамінаю і такі выпадак, які меў дачыненне да маёй працы. Пэўны час я быў куратарам на падрыхтоўчым аддзяленні. Адзін з будучых настаўнікаў папрасіў у мяне дазволу перавесціся з матэматычнага на філалагічны профіль. Мы разам з юнаком пайшлі да рэктара. Георгій Пятровіч прыняў нас ветліва, выслухаў, потым паглядзеў адпаведныя інструкцыі і даў згоду для пераводу. Той хлопец паспяхова адвучыўся на філалогіі.
Добрыя ўспаміны пра Георгія Пятровіча Андраюка, бо ён быў справядлівы кіраўнік, вызначаўся клопатам як пра студэнтаў, так і пра выкладчыкаў, іншых супрацоўнікаў вну.
Жуковіч Сяргей Канстанцінавіч, старшыня студэнцкага прафкома Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (1972-1978).
– У гады майго студэнцкага старшынства на розныя сходы, куды запрашаўся рэктар, то разам абазязкова трэ было быць кіраўніку студэнцкай моладзі. Мне добра помніцца, што побач з Георгіем Пятровічам заўсёды быў старшыня студэнцкага прафкама будучых настаўнікаў Юры Іваноў. Гэта, як гаворыцца, так. Ужо сёння з вышыні свайго ўзросту помніцца Георгій Пятровіч, як надзвычай вытрыманы, тактоўны кіраўнік, даволі просты ў звычайным абыходжанні, але разам з тым ў ім праглядвалася своеасаблівая мудрасць, уласцівая чалавеку – скажам – не па гадах. Такое згадваецца праз гады, яно вартае пераймання, каб самому, маючы прыклад, уздымацца вышэй у сваім развіцці. Я даволі часта іх згадваю: майго рэктара прафесара Ігара Дзмітрыевіча Белагорцава і Георгія Пятровіча Андраюка: яны назаўсёды ўвашлі ў так званы пантэон берасцейскай эліты, пакінуўшы нам, ягоным нашчадкам, велічныя храмы навукі – новыя карпусы інжынерна-будаўнічага і педагагічнага інстытутаў.
Падрыхтаваў Уладзімір БАРЫСЮК
Георгій Пятровіч АНДРАЮК
Нарадзіўся 23 лютага 1929 года ў вёсцы Выгнанка Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1947 годзе паступіў у Брэсцкі настаўніцкі інстытут, які закончыў з адзнакаю ў 1950 годзе, а ў 1954 годзе закончыў філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага інстытута імя А. С. Пушкiна па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура». Два гады працаваў асістэнтам на кафедры рускай мовы, затым дырэктарам Велікарыцкай СШ Маларыцкага раёна, дырэктарам Маларыцкага дзіцячага дома, лектарам Маларыцкага РК КПБ (1959-1963 гг.). З 1963 па 1966 год Г. П. Андраюк вучыўся ў аспірантуры Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС і па заканчэнні абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Фарміраванне інтэлігенцыі ў перыяд пабудовы эканамічнага фундамента сацыялізму ў СССР (1921-1932 гг.)». Пасля заканчэння акадэміі нядоўгі час быў намеснікам загадчыка Дома палітасветы Брэсцкага АК КПБ.
З 1967 года ўся далейшая працоўная дзейнасць Георгія Пятровіча звязана з Брэсцкім педінстытутам, дзе ён пройдзе ўсе ступені выкладчыцкай лесвіцы: старшы выкладчык, дацэнт, загадчык кафедры гісторыі КПСС і навуковага камунізму, а з 1970-га па 1989 год быў рэктарам вну. У сувязі з наступленнем пенсійнага ўзросту Г. П. Андраюк па ўласным жаданні сыдзе з пасады рэктара і будзе працаваць дацэнтам кафедры навуковага камунізму (1989-1991), кафедры паліталогіі, сацыялогіі і тэорыі сацыялізму (1991-1992), кафедры культуралогіі (1992-2000).
Г.П. Андраюк быў ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981), знакамі «Выдатнік вышэйшай школы» (1973), «Выдатнік народнай адукацыі» (1975), Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1978), ЦК ЛКСМБ (1982), Міністэрства адукацыі БССР (1989).
Памёр 16 студзеня 2006 года.





