Паколькі я нарадзіўся і жыву ў Брэсце, то цалкам зразумела, што мяне цікавяць змены, якія адбываюцца ў маім горадзе. Пачуў і прачытаў, што адшукваецца назва для новага комплексу, які будуецца на вуглу вуліц Маскоўскай і Савецкай Канстытуцыі. Гэта мяне не магло не зацікавіць.
Я ведаю, што лічбаю-ахоўнікам з’яўляецца лічба сем – 7. Людзі веруючыя і не толькі, нашыя бацюшкі, калі рэгіструюць машыну, то просяць, каб у нумары была лічба 7. Ёсць такая лічба і ў нашай машыны, у машыне мамінай сястры і ў машыне дзеда. Я заўважыў, што на аўтобусе брэсцкага “Дынама” ў нумары ажно чатыры сямёркі. Існуе і другая думка: не выключана, што святою з’яўляецца лічба восем – 8, перавёрнуты знак бясконцасці.
То мая прапанова наконт назвы комплексу — Калібры, у гонар самай маленькай птушачкі на Зямлі. Яна вельмі хутка лётае, вучоныя гавораць, што да 80 кіламетраў за гадзіну, сілкуецца нектарам (мёдам). Самае галоўнае – калібры можа завісаць у паветры, гэта адзіная птушка ў свеце, якая можа ляцець хвосцікам наперад. Дробныя віды калібры робяць крыламі да 80 узмахаў за секунду. У палёце канцы крылаў апісваюць плоскую васьмёрку.
Надзіва прыгожая птушачка, ёй і сапраўды не трэба аніякага параўнання. Чым не назва для шматфункцыянальнага комплексу?
Глеб БАРЦЕНЕЎ, вучань СШ № 29





