У аддзеле кнiг для дзяцей і моладзі абласной бібліятэкі імя М. Горкага ў сераду, 22 сакавіка, адбылася прэзентацыя трохтомнай дзіцячай энцыклапедыі «Францыск Скарына».
Выданне прэзентаваў аўтар, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша. Ён падкрэсліў, што тэксты — гэта невялікія апавяданні пра той ці іншы аспект жыцця і дзейнасці беларускага першадрукара. У першым томе, «Чалавек-энцыклапедыя», гаворыцца: «Можна толькі здзіўляцца таму, як Скарына спалучаў розныя накірункі дзейнасці: ён быў і дыпламаваным лекарам, і батанікам, перакладчыкам, пісьменнікам, выконваў справы сакратара афіцыйных асоб. Некаторыя кажуць, што нават і разведчыкам». Другі том, «Чалавек свету», прысвечаны падарожжам першадрукара, мясцінам, якія ён наведваў, людзям, з якімі сустракаўся. Трэці том «Чалавек-легенда», прадстаўляе выданні Скарыны ў шырокім гісторыка-культурным кантэксце. Раздзелы прысвечаны рукапіснай кнізе, узнікненню кнігадрукавання, аналізу пражскіх і віленскіх выданняў Скарыны, тэхналогіі стварэння кніг. Надрукавана вельмі густоўна (выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі»), агулам змешчана звыш 300 ілюстрацый. Пачытаць пра асветніка будзе карысна і дарослым — шэраг матэрыялаў публікуюцца ўпершыню. Аляксандр Суша таксама расказаў і аб іншых выданнях, прысвечаных Францыску Скарыну, падарыў брэсцкай бібліятэцы некалькi кніг.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.