І не толькі. Бо ў серыі «Мая беларуская кніга» выдавецтва «Папуры» выйшла ўжо больш за 50 (калі дакладна — 51) хрэстаматыйных і малавядомых твораў беларускіх пісьменнікаў, а таксама легенд і народных казак.
Прадавец кнігарні Жана Карпіевіч задаволена: падборка беларускай класікі карыстаецца попытам.
Найперш звяртае на сябе ўвагу падбор твораў. Тут у якасці дарадцаў і, так сказаць, літаратурных гурманаў выступілі Уладзімір Арлоў (гісторык, паэт, віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра), Міхась Тычына (літаратуразнаўца, пісьменнік, доктар філалагічных навук), Пятро Васючэнка (пісьменнік і літаратуразнаўца), Лявон Баршчэўскі (філолаг і грамадскі дзеяч). Вы не засняце за чытаннем і дакладна будзеце ўдзячныя складальнікам за нефармальны падыход. Толькі самае цікавае! А калі ўявіць, што вы захапіліся і прачыталі ўсю серыю (што, дарэчы, рэальна), то, божа ж мой, дзіўная з вамі здарыцца рэч…
Канешне, у гэтай серыі знайшлося месца класікам.
Ад Адама Міцкевіча («Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве») і да Ніла Гілевіча. У гэтай выдатнай падборцы: «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чазенія», «Ладдзя роспачы» ды іншыя творы Ула-дзіміра Караткевіча, вершы і паэмы Янкі Купалы і Якуба Коласа, узнёслая паэзія Максіма Багдановіча. Вы чыталі «Альпійскую баладу» Васіля Быкава і «Мёртвым не баліць». А ці знаёмыя з такім творам, як «Пакахай мяне, салдацік»? А такія імёны і такія творы вам вядомы: Кастусь Тарасаў («Пагоня на Грунвальд», «Тры жыцці княгіні Рагнеды»), Алесь Адамовіч («Венера, або Як я быў прыгоннікам»), Саламея Пільштынова («Авантуры майго жыцця»), Вайніслаў Казімір Суліма-Савіч-Заблоцкі («Полацкая шляхта»)… А можа, самы час стрэсці з сябе стомленасць даросласцю і ўзнавіць у памяці выдатныя рэчы Янкі Маўра — «У краіне райскай птушкі», «Амок» і «Сын вады»?..
Распачалі серыю «Мая беларуская кніга» ў 2015 годзе. Тады меркавалася, што ўсяго будзе выдадзена 26 кніг. “Перавыканалі” амаль удвая. І, як нам растлумачыў галоўны рэдактар выдавецтва Мікалай Курловіч, гэта яшчэ, прынамсі, не ўсё.
Кожная кніга выдаецца накладам па 2-2,5 тыс. экзэмпляраў. Яны ў мяккай вокладцы і, па сённяшніх мерках, танныя: 5 рублёў (тыя, што выйшлі раней) і 7 рублёў. Гэта адпавядае дэмакратычнай скіраванасці выдатнай серыі.
Распаўсюджваецца «Мая беларуская кніга» праз крамы «Белкнігі». У Брэсце, у краме «Іскра», даволі вялікі развал гэтых кніг, апошнія з якіх з’явіліся на паліцах пад канец 2016 года.
…Калісьці аўтар гэтых радкоў атрымала «пяцёрку» па беларускай літаратуры, працытаваўшы здзеклівую абразу недобразычліцаў, што ўсіх класікаў беларускай літаратуры магла б умясціць адна лава ў сялянскай хаце. І аргументавана абвергла выказванне (што спадабалася выкладчыку). Што ж, калі лава такая вялікая і калі на яе ўсадзіць такіх пісьменнікаў…
Фота Аксаны КАЗЛЯКОЎСКАЙ
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.