Неверагодна, але ўсе свае выдатныя работы Іван Піліпавіч стварае з дапамогай сякеры. Здавалася б, грубага інструмента для мастацтва. Як кажа сам, «сячэ» ўсё жыццё. Вяскоўцы пазнаюць сябе ў драўляных скульптурах… Мае шмат узнагарод, выставы ладзіліся ў розных краінах. З’яўляецца Ганаровым грамадзянінам Столінскага раёна.
На юбілейнай выставе будуць прадстаўлены скульптурныя кампазіцыі, графічныя і жывапісныя работы Івана Супрунчыка. Усе яны адлюстроўваюць даўнія абрады, народныя святы і традыцыі. Майстар выканаў іх у дрэве або намаляваў.
Цікава, што займацца з фарбамі (а дакладней, з вугольчыкамі), скульптурай Іван пачаў з дзевяці гадоў. Яго ніхто не вучыў. У Цераблічах да 1956 года не было нават электрычнасці. Ды гарачае жаданне ведаў перамагло. Ён пешшу хадзіў за 18 кіламетраў у Давыд-Гарадоцкую бібліятэку, каб пачытаць кнігі пра мастакоў і мастацтва. Потым працаваў мастаком-афарміцелем у калгасе «Праўда», маляваў транспаранты, лозунгі. Скончыў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. У Церабліцкай сельскай бібліятэцы адпрацаваў 36 гадоў… Вучыўся ў Завочным народным універсітэце мастацтваў (Масква) на факультэце малюнка і жывапісу… Але сапраўдным натхненнем і захапленнем заўсёды была і застаецца творчасць.
Наведаць выставу можна да 13 лістапада.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.