«Беларускi вянок» — гэта традыцыйнае для студэнтаў свята, на якім навучэнцы і выкладчыкі дзеляцца вынікамі сваёй навуковай працы i цалкам аддаюцца роднай культуры.
Адкрыццё фестывалю суправаджалася выставай «Мамін ручнік». Яе экспанаты – уручную вышываныя ручнікі, прывезенымі студэнтамі з фальклорнай практыкі.
Кожнае лета, калі студэнты і выкладчыкі ездзяць па вёсках і збіраюць народныя песні, прымаўкі, легенды і іншае, некаторыя жыхары дораць факультэту рэчы, якія нясуць гістарычную каштоўнасць. Факультэцкая калекцыя ўжо даволі ўражвае, а яе галоўным здабыткам лічыцца сапраўдны ткацкі станок. У дадатак да ўсяго сёлета студэнты ўсталявалі рэкорд па колькасці прывезеных ва ўніверсітэт прадметаў культуры. На выставе 23 сакавіка студэнты другога курса прэзентавалі першакурснікам свае вынікі даследаванняў у фальклорных экспедыцыях.

24 сакавіка адбылася прэзентацыя навуковай манаграфіі «Беларускі літаратурны працэс ХХ-ХХІ стагоддзяў. Канцэпцыі, творцы, жанры», падрыхтаванай выкладчыкамі кафедры беларускага і рускага літаратуразнаўства і журналістыкі пад рэдакцыяй прафесара, доктара філалагічных навук Зоі Пятроўны Мельнікавай і дацэнта, кандыдата філалагічных навук Людмілы Міхайлаўны Садко. Выкладчыкі расказалі студэнтам пра гісторыю стварэння манаграфіі, яе канцэпцыю і мажлівасці выкарыстання ў навуковай дзейнасці.
Творчая сустрэча з пісьменнікам Мікалаем Сянкевічам і яго братам, доктарам філалагічных навук, прафесарам Васілём Іванавічам Сянкевічам адбылася на філалагічным факультэце 25 сакавіка. Вядома, студэнтам-філолагам трэба быць знаёмымі з творчасцю мясцовых пісьменнікаў. Таму падобныя мерапрыемствы праводзяцца рэгулярна. Цікавасць у навучэнцаў выклікала апавяданне пра навуковым шлях прафесара.
26 сакавіка адбылося паэтычнае свята «У вянок беларускай жанчыне», прысвечанае Году беларускай жанчыны. Тады ж правялі і ўзнагароджанне па выніках фестывалю. Узнагароды атрымалі пераможцы конкурсаў эсэ і найлепшыя збіральнікі факультэта.

Дар’я ЗУБАРЫК






Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.