– Ідэя брэсцкага мурала – паказаць віхуры беларускай гісторыі і з‘яднаць з вобразам дзяўчыны-беларускі. За аснову дызайна яе вопраткі браўся кобрынскі традыцыйны строй, але па задуме – гэта сучасная дзяўчына, якая шануе традыцыі, але глядзіць у будучыню. Важна адзначыць і вобраз вады. Старажытнае Бярэсце, як і большасць беларускіх гарадоў, узнікла на беразе гандлёвай ракі. Роля рэкаў для развіцця нашай цывілізацыі – вельмі значная. Птушкі на малюнку – гэта ідэі і памкненне наперад, а замак – рамантычная стылізацыя Берасцейскага замка, зробленая па матывах гістарычных рэканструкцый. Аднавіць сапраўдны выгляд замка навукоўцы дагэтуль не могуць – не хапае крыніц і матэрыялаў археалагічных даследаванняў. Але мэта праекта – зацікавіць жыхароў і гасцей горада гэтым сярэднявечным помнікам, бо з замкам звязана шмат сюжэтаў з гісторыі Брэста, – распавялі мастакі.
Берасцейцы, што жывуць у ваколіцах былой «Юбілейкі», ўжо прызвычайваюцца да суседства з «Зямлёй пад белымі крыламі». Аўтары мурала кажуць, што мінакі падыходзілі да іх і дзякавалі за працу, а некаторыя нават частавалі печывам.

– Есць і тыя, хто прыймаў нас за супрацоўнікаў камунальных службаў і прасіў заадно зрабіць капітальны рамонт дома, – смяюцца хлопцы.
Усяго праца заняла больш за тыдзень. Гэта крыху болей, чым звычайна, бо надвор’е гэтымі днямі ў горадзе было не дужа спрыяльным для вулічнага мастацтва.
«Традыцыі дзеля будучыні» – сацыяльна-культурніцкі праект, в межах якога мастакі, дызайнеры і ілюстратары ствараюць 12 муралаў у 12 гарадах Беларусі. Праект ініцыяваны ў гонар 100-годдзя «Беларусбанка» і рэалізуецца арт-суполкай Urban Myths. У кожным горадзе аўтары праз пераасэнсаванне гісторыі і фальклору імкнуцца стварыць муралы, якія б заахвоцілі беларусаў рухацца наперад, абапіраючыся на багаты культурны бэкграўнд краіны.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.