«З мая па ліпень птушаняты-падлеткі пакідаюць гнёзды, каб навучыцца самастойнаму жыццю. Многія знаходзяць іх у траве ля дрэваў і думаюць, што яны згубіліся або хворыя. Ці варта забіраць іх дадому, каб выкарміць?»
Марына Коміна
«Гэта памылка! — адказвае спецыяліст ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Сямён ЛЕВЫ. — Людзі хочуць дапамагчы, а ў выніку атрымліваецца мядзведжая паслуга, і птушка гіне.
Ва ўсім патрэбна трэніроўка, і ў гэты «навучальны працэс» умешвацца нельга. На гнездавым участку дарослыя птушкі лёгка знаходзяць птушанят па крыках, прыглядаюць за імі і кормяць. Таму забіраць ці пераносіць птушанят у іншае месца («ратаваць») нельга. Вы не паклапоціцеся пра іх лепш за бацькоў! Калі побач ажыўленая сцежка, пляцоўка для выгулу сабак або дзіцячая пляцоўка, то лепш акуратна перанесці птушаня (недалёка!) да кустоў ці дрэваў паблізу, пасадзіць на галінку, падкінуць на брыль пад’езда або дах гаража. Бацькі знойдуць яго, а сабакі, каты ці людзі-«выратавальнікі» — не. Спрабаваць пакарміць птушку не варта.
Калі вы ўжо забралі птушаня дадому — як мага хутчэй вярніце яго на месца, дзе ўзялі. Гэта не кацяняты ці шчанюкі. Дзікія жывёлы павінны заставацца ў дзікай прыродзе. Вядома, не кожнае птушаня зможа стаць дарослай птушкай, іх чакае натуральная небяспека. Але гэта — законы прыроды.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.