8 студзеня па вуліцы Савецкай у Берасці прагульвалася Каляда з Казой. Павіншаваць гараджан са святам прыехалі калядоўшчыкі з Мінска і Маларыцкага раёна Берасцейшчыны. Сталічныя моладзевыя гурты «Горынь» и «Рутвіца» прадстаўлялі студэнцкае этнаграфічнае таварыства. Нашы бліжэйшыя землякі — народны ансамбль песні и музыкі «Хаціславяне» і дзіцячы клуб аматараў фальклора «Вясковая табала» — адны з самых моцных калектываў па абрадавай народнай творчасці.
Гараджане па-рознаму ставіліся да артыстаў на вуліцы, нехта ўдзельнічаў у танцах і карагодах, а нехта збягаў. Пасля адбыўся двухгадзінны фальклорна-этнаграфічны канцэрт «Засвяціла зорка з неба да зямлі» цыкла «Рух зямлі» у выставачнай зале на Савецкай. Госці і ўсе жадаючыя слухалі цудоўныя народныя песні нашых бабуль, задобрывалі Казу, пачыналі варажыць.
Шчыра кажучы, хочацца, каб у кватэры прыходзіла менавіта такая Каляда, а не тая, што ведае толькі адно-два выслоўі накшталт «Давай, дзядзька, каўбасу, а то хату разнясу!..» Зрэшты, народныя традыцыі раяць радавацца ў гэтыя дні любым калядоўшчыкам і гасцям…
Свята было арганізавана абласным грамадска-культурным цэнтрам.
Вiдэа Мiкалая Чаберкуса.
Сяргей Мошчык
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.