Тры дні будуць працягвацца святочныя мерапрыемствы ў гонар 269-й гадавіны з дня нараджэння славутага земляка, нацыянальнага героя ЗША і Польшчы, ганаровага грамадзяніна Францыі Тадэвуша Касцюшкі. У мерапрыемствах прымуць удзел дыпламаты з ЗША, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Швейцарыі, вялікая дэлегацыя чакаецца з Польскага фонда імя Т. Касцюшкі, а таксама шматлікія беларускія гісторыкі і краязнаўцы.
Як паведаміў старшыня Брэсцкага міжраённага грамадскага гісторыка-культурнага аб’яднання імя Т. Касцюшкі Леанід Несцярчук, у аўторак госці наведаюць Брэсцкую крэпасць, для іх будзе арганізавана пешая экскурсія па вул. Савецкай, далей яны пераедуць у вёску Малыя Сяхновічы Жабінкоўскага раёна, дзе наведаюць раённы гісторыка-краязнаўчы музей і ўскладуць кветкі да помніка герою. Завяршыцца дзень знаёмствам з творчасцю ансамбля «Пескаўскія весялухі» Дома культуры вёскі Пескі Бярозаўскага раёна. Другі дзень, 3 лютага, будзе прысвечаны наведванню мясцін, звязаных з жыццём яшчэ аднаго славутага ўраджэнца Беларусі Адама Міцкевіча (у сядзібе Завоссе Баранавіцкага раёна і музеі у г. Навагрудак), а таксама Мірскага замка. Асноўныя мерапрыемствы пройдуць у дзень нараджэння славутага земляка, 4 лютага, у Малых Сяхновічах і каля Дома-музея Касцюшкі ў Косаве Івацэвіцкага раёна.
Юрась Рубашэўскі
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.