Ф.Д. Клімчук нарадзіўся 27 лютага 1935 года ў вёсцы Сіманавічы (мясц. Сымоновычы) Драгічынскага раёна. Скончыў Пінскі настаўніцкі інстытут, гістфак Мінскага педінстытута імя М. Горкага. Навучаўся ў аспірантуры пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Да лінгвагеаграфіі Заходняга Палесся». Аўтар больш чым двухсот навуковых прац у вобласці дыялекталогіі.
У складзе аўтарскага калектыву атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь 2000 года ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук за цыкл прац «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (у пяці тамах). Пераклаў на гаворку роднага сяла творы Л.М. Талстога, М.В. Гогаля, Новы Запавет і інш.
«Я памятаю моўную псіхалогію сваёй вёскі: па-руску можаш размаўляць недзе там, у горадзе, але з маці — барані божа! Гэта лічылася грахом. Абавязкова на сваёй. Толькі пры такім стаўленні, лічу, яе можна захаваць і надалей», — кажа Фёдар Клiмчук.
– Фёдар Данілавіч, як Вы прыйшлі да разумення такога вялікага значэння гаворак?
– У першую чаргу была цікавасць. Заўсёды лічылася, што «вышэйшы гатунак» – гэта літаратурная мова, ніжэйшы – «вясковая». Яшчэ недзе ў старэйшых класах у маёй душы выспеў пратэст: я лічыў, што гэта не зусім так. Якая багатая палеская мова! І вельмі шкада, што яна знікае.
– Таму сталі аспірантам Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук?
– Яшчэ ў юнацтве я запісваў песні, каб проста іх спяваць… Пазней напісаў ліст у Акадэмію навук, дзе выказаў свае думкі наконт значэння мясцовай мовы. Мне вельмі паважліва адказалі і параілі займацца вывучэннем заходне-палескіх гаворак. Потым шмат гадоў супрацоўнічаў з Мікітам Талстым, праўнукам вялікага рускага пісьменніка, які шмат гадоў узначальваў палескія экспедыцыі. Мікіта Ільіч збіраў лексіку, духоўную культуру. Затым наладзіліся зносіны з украінскімі вучонымі, якія займаліся вывучэннем у тым ліку мясцовых гаворак. Было відавочна, што народнае багацце можна і трэба захаваць.
– Якія навуковыя працы найбольш запомніліся?
– Адна з асноўных работ – «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», які выйшаў у пяці тамах, быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй. У яго падрыхтоўцы прымалі ўдзел 29 аўтараў, 6 з іх сталі лаўрэатамі, у тым ліку я. Памятная таксама праца над слоўнікам беларускіх гаворак Паўночна-Заходняй Беларусі і яе памежжа. Тады выязджалі ў экспедыцыі ў Літву, Латвію. У Прыбалтыцы выявілі дзве вёскі перасяленцаў з брэсцкага рэгіёна. Яны захавалі сваю мову, песні. Працяглай і прадуктыўнай была праца над «Агульнаславянскім лінгвістычным атласам», які ўключае гаворкі большасці славянскіх краін. Было шмат выступленняў на навуковых канферэнцыях не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах.
– А як прыйшлі да ідэі перакладаць літаратурныя помнікі на «вясковую мову»?
– Спачатку ставіўся да гэтай працы як да хобі. Пазнаёміўся з расійскай літаратурай, часопісамі на народнай мове. Пад уражаннем гэтага, натхнёны, вырашыў паспрабаваць уласныя сілы. Перакладаў творы на гаворку вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна, найбольш мне вядомую.
– Складана перакладаць вядомыя літаратурныя творы на мікрамову?
– Па-рознаму было. Нешта складаней, нешта прасцей давалася. Спачатку прачытваў пераклады бацькам. Здаралася, перакладзеш фразу даслоўна, а яны адхіляюць. Маўляў, «в нас так ны скажуть». Даводзілася пачынаць нанава, працаваць да таго часу, пакуль «рэцэнзенты» не ўсклікалі: «А вот это нашэ!» Слоўнікавага запасу мне, ураджэнцу вёскі, хапала, галоўнае было – правільна і да месца падабраць словы. Дапамагалі аднавяскоўцы і калегі.
Наогул, тут ёсць праблема – які алфавіт ці, дакладней, транскрыпцыю ўжываць? Трэба, каб людзі чыталі так, як слова вымаўляецца. Напрыклад, рускае «и» ва ўкраінскай мове абазначае гук «ы», а калі ўзяць беларуска-украінскае «і», то яго як «ы» ўжо ніхто не прачытае. І такіх тонкасцей шмат.
– На Ваш погляд, пераклады на мікрамове адрасаваны жыхарам глыбінкі ці наадварот?
– Цяжка адказаць на гэта пытанне. Пэўна, што адным гэта цікава, іншым – не.
Палеская мiкрамова – кадыфікаваная літаратурная мова на аснове заходне-палескіх гаворак Беларусі. Спробу яе стварэння рабілі ў 1980-1990 гады шэраг палескіх філолагаў і літаратараў. Належыць да славянскіх мiкрамоў. Лексічна і граматычна вельмі блізкіая да ўкраінскай мовы, аднак носьбіты заходне-палескіх гаворак, як правіла, сябе з украінцамі не атаясамліваюць. Рэдкія прыклады нерэгулярнага пісьмовага ўжывання мясцовых гаворак адзначаны на Палессі ўжо ў XVI і XVII стст. Фарміраванне непасрэдна палескай літаратурнай мовы пачалося ў 1988 годзе дзякуючы намаганням філолага і паэта Мікалая Шаляговiча (Мыколы Шыляговыча). |
– Наколькі багатая заходне-палеская мова?
– Мова – найвялікшае багацце, яшчэ да канца не ацэненае. Праўда, калі раней лічылі, што гаворкі – гэта дрэнь, іх трэба знішчыць, то зараз такой тэндэнцыі ўжо няма. Літаратурная мова, лічу, другасная пасля гаворак. Таму што яна пайшла з гэтых самых гаворак. І ў шмат якіх краінах на «мясцовай мове» выдаюць газеты, часопісы, пішуць раманы, існуе свой тэатр. Як доўга пратрымаюцца гаворкі – цяжка сказаць. Не сакрэт, насельніцтва старэе, знікаюць цэлыя вёскі.
На жаль, мова сучаснай моладзі нашмат бяднейшая за мову пажылых людзей. Хаця большасць палешукоў не забываюць свае карэнныя словы. Гаворку, якую мне аднойчы давялося пачуць у вёсцы Гарадная Столінскага раёна, інакш як цудам не назавеш. Вуснамі вяскоўцаў, здавалася, гаварыла сама гісторыя. Больш такога я нідзе не чуў. Я думаю, яшчэ прыйдзе час, калі ўсё гэта народнае багацце будзе ацэнена належным чынам. Галоўнае, каб не было позна.
– І ўсё ж чаму бяднее вясковая мова? З чым гэта звязана?
– Хутчэй за ўсё з нашай агульнай культурай, ды і розныя пласты насельніцтва змешваюцца. Тыя, хто гавораць па-свойму, быццам баяцца, каб з іх не смяяліся, і не выкарыстоўваюць поўны слоўнікавы запас роднай вёскі. Маўляў, лепш прамаўчу. Багатая мова не ў сталіцах, а на ўскраінах, дзе жыве карэннае насельніцтва.
– Фёдар Данілавіч, Вы ўзначальваеце заходне-палескае навукова-краязнаўчае таварыства «Загароддзе». Якія мэты ставіць перад сабой арганізацыя?
– Мэта адна – захоўваць заходне-палескія гаворкі, наколькі гэта магчыма. Прыхільнікаў арганізацыі, на жаль, не так шмат. Работу можна ўбачыць там, дзе на месцах праяўляюць ініцыятыву, праводзяць навуковыя канферэнцыі, сустрэчы. У гэтым сэнсе мог бы выдзеліць Лунінец, Драгічын, Белаазёрск. «Загароддзе» – гэта тое, што знаходзіцца за гарадамі – невялікія паселішчы, умацаванні. Карэнным берасцюкам будзе больш зразумелым слова «місто». Дарэчы, як украінцам і палякам. Некалі «і Хомск був «місто», і Бэрэсць». Нават прымаўка склалася: «В місты, як в тісты (цесце. – Аўт.) (маўляў, вельмі добра), а бэз грошэй ныма чого йісты». Лічу, для брэсцкага рэгіёна патрэбна літаратурная мікрамова, друкаваныя матэрыялы на ёй. Ёсць людзі, якія пішуць вершы на мясцовых гаворках, але надрукаваць іх у газетах практычна немагчыма. Да таго ж няма спецыяліста, які б мог праверыць такое пісанне.
– Наколькі гаворкі здольны ўзбагаціць літаратурную мову?
– Сувязь тут непасрэдная, таму што гаворкі падхарчоўваюць літаратурную мову. Калі не будзе гаворак, мова стане мёртвай. І такія прыклады ў свеце ёсць.
– Але нават беларуская мова не ўжываецца так шырока, як хацелася б…
– Беларускую мову мёртвай не назавеш, хаця небяспека такая назіраецца. Некалькі дзясяткаў год таму ў Мінску часта чулася так званая «трасянка», а ў Берасці на вуліцах можна было пачуць гаворкі. Зараз ужо зусім не тое. Раней людзі размаўлялі і не саромеліся. Я не кажу пра райцэнтры – там і зараз захоўваюць мясцовую мову.
– Узнікае пытанне: што рабіць, каб захаваць заходне-палескую мову?
– Гэта няпроста, але не трэба траціць надзеі. Ёсць такая хвароба – нацыянальны нігілізм – варожасць да ўсяго свайго. На мой погляд, яна найбольш характэрна для беларусаў і ўкраінцаў. Успомніце, што Пушкіна ў маленстве вучылі французскай мове, а не рускай. Але з цягам часу ўсё гэта перарасло. Так бу-дзе і ў нас. Я памятаю моўную псіхалогію сваёй вёскі: па-руску можаш размаўляць недзе там, у горадзе, але з маці – барані божа! Гэта лічылася грахом. Абавязкова на сваёй. Толькі пры такім стаўленні, лічу, яе можна захаваць і надалей.
Аповесць М.В. Гогаля «Страшная помста». Пераклад Ф. Клiмчука:
«Ды́вный Дніпр в ты́ху пого́ду, як спокы́йно й пома́лу нысэ́ чырыз лісы́ й го́ры по́вны во́ды свойі́. Ны зворухнэ́; ны захробосты́ть. Ды́высся й ны зна́йіш, йдэ чы ны йдэ ёго́ вэ́лычна шырыня́, і здае́цьця, бы вэсь вы́лытый вiн з шкла і бы сыня́ва люстрана́я доро́га, быз мі́ры в шырыню́, быз конця́ в довжыню́, лыты́ть і в’́е́цьця по зылё́ному сві́ты. Лю́бо тоды́ й гаря́чому со́нцёвы огля́нутысь з высочыні́ і опусты́ты лучі́ в хо́лод шклянэ́йі воды́, і ліса́м, шо коло бэ́рога, я́сно освыты́тысь в во́дах. В зылё́ных ку́чырах воны́ збы́лысь ра́зом с полёвы́мы квытка́мы коло во́дэй і, нахылы́вшысь, ды́влецьця на самы́х сыбэ́, шо в воді́, і ны нады́влецьця, і ны наті́шецьця самы́мы собо́ю, і всмі́хуюцьця тым, шо в воді́, і выта́ють йіх, маха́ючы голле́м. В сырэ́дыну Дніпра́ воны́ ны посмі́ють гля́нуты: ныхто́, кро́мы сонця й сыня́вого нэ́ба, ны ды́выцьця в ёго́. Ма́ло яка́я пту́шка долыты́ть до сырэ́дыны Дніпра́. Пы́шный! Ныма́ рыкы́ такэ́йі, як вiн, на всім сві́ты».
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.