Журналіст «Вячоркі» пабываў у адзінай на Берасцейшчыне гарадской школе, дзе амаль усе прадметы выкладаюць па-беларуску
Сярэдняя школа № 4 ў Іванаве — можна сказаць, сучасніца нашай незалежнай краіны. Упершыню яна адчыніла свае дзверы ў снежні 1991 года. У той час беларуская мова мела статус адзінай дзяржаўнай. Тады працэс пераводу навучання на родную мову толькі набываў моц. Такіх школ было даволі шмат, нават у гарадах. Аднак чацвёртая іванаўская выдзялялася яшчэ трывалым музычным ухілам. І вельмі добра, што гэтыя традыцыі захаваліся і сёння, амаль праз тры дзесяцігоддзі.
«Нас не спынялі складанасці, звязаныя з навучаннем. Нашы настаўнікі, нягледзячы на цяжкасці, пайшлі на тое, каб вучыць нават ангельскую мову па-беларуску. Гэта патрабавала дадатковых высілкаў, шмат працы асабістай», — успамінае першы дырэктар школы Рыгор Сыраватка і дадае: «Звычайна ж, праблема з мовай у першую чаргу ў нашых галовах. Як мы самі сябе настроім, так яно і пойдзе».
Сённяшнія педагогі (а калектыў настаўніцкі значна амаладзіўся апошнім часам) ганарацца тым, што школа мае сваеасаблівы адбітак унікальнасці. Некаторыя з іх нават перайшлі на мову ў паўсядзённым жыцці. А цяперашні дырэктар Яўген Стасюк звяртае ўвагу на тое, што вучняў тут з кожным годам становіцца ўсё больш. Зараз іх 782, а яшчэ некалькі гадоў таму было каля 600. І прычына тут не толькі ў дэмаграфіі.
«Недзе да 2013 года колькасць вучняў у нас змяншалася. Некаторыя бацькі нават пыталі, чаму мы не пераводзім школу на расейскую мову. Затым сітуацыя пачала кардынальна змяняцца. Вучыцца ў нас стала прэстыжна. Ужо некалькі год набіраем ажно чатыры першыя класы, раней было два. Адназначна мы і далей будзем выкладаць толькі па-беларуску», — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай працы Валянціна Калодзіч. Дарэчы, яе дачка таксама скончыла гэтую школу, а цяпер працуе тут настаўніцай англійскай мовы. І шмат у каго з педагогаў дзеці навучаліся менавіта ў чацвёртай іванаўскай.
Адзінаццацікласніцы Ганна і Настасся вучацца ў гэтай школе з першага класа. Іх не пужае тое, што неўзабаве прыйдзецца, хутчэй за ўсё, пераходзіць на рускую, на якой вядзецца навучанне бадай ва ўсіх айчынных ВНУ. Дзяўчынкі кажуць, што рускую яны і так добра ведаюць, а вось беларуская была б не такой выдатнай, калі б не штодзённыя размовы на ёй з настаўнікамі ды сябрамі. Вучні паміж сабою на перапынках размаўляюць у тым ліку па-беларуску. А навучанне на роднай мове аніяк не ўскладняе ім жыццё.
«Ведаю, ёсць меркаванне, што вучням, якія закончылі беларускамоўную школу, паступаць у ВНУ складаней, чым выпускнікам расейскамоўных школаў, — разважае Яўген Стасюк. — Дарэчы, гэта адзін з галоўных аргументаў некаторых бацькоў, што ўздымалі пытанне аб пераводзе адукацыі на рускую мову. Але ў тым, што гэта не так, мы ўжо шмат каго пераканалі. І найлепшым аргументам становяцца не толькі перамогі нашых вучняў на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, шматлікія дыпломы розных конкурсаў, але і высокія балы пры паступленні. Так, у мінулым годзе наша выпускніца Ганна Дзядзюк набрала 100 балаў і стала студэнткай Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта. Так што галоўнае — якасць навучання. А выхаванне на беларускай… Гэта сапраўды надае вялікі сэнс таму, што мы робім».
З такой пазіцыяй цяпер пагаджаюцца і многія бацькі. Жыхарка Іванава Марына, якая выхоўвае двух сыноў, жыве побач. Яна кажа, што хлопцы абавязкова пойдуць у гэтую школу. «Я цудоўна ведаю многіх настаўнікаў і разумею, што мае дзеці атрымаюць добрыя веды. А калі па-беларуску, гэта толькі плюс. Я проста ўпэўнена, што наша мова будзе развівацца і набываць папулярнасць», — кажа жанчына.
Дарэчы, раскрываць таленты навучэнцаў вельмі дапамагае музычна-харэаграфічнае аддзяленне. Ёсць сярод іх і стыпендыяты прэзідэнцкага фонду падтрымкі адоранай моладзі. А два дзіцячыя калектывы — хор «Асоль» і музычны тэатр — маюць статус узорных.
Ну і, канешне, вялікім гонарам для вялікай школьнай сям’і было тое, што 25-ы юбілейны Дзень беларускага пісьменства, які ладзіўся ў верасні 2018 года ў Іванаве, распачынаўся менавіта з урачыстай лінейкі на тэрыторыі школы. Вельмі сімвалічна.
Фота Барыса Паўлоўскага
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.