Маларыцкі строй – брэнд паўднёва-заходняга рэгіёна Берасцейшчыны. Адпаведны арнамент ёсць нават на помніку тысячагоддзя Берасця. Мясцовая славутасць шмат гадоў заставалася па-за ўвагай, а як толькі была паднятая на шчыт, зноў нешта пайшло не так…
Тайна маларыцкага строю
…Мне пашчасціла нарадзіцца ў тых мясцінах. У дзяцінстве на гарышчы бабулінай хаты знайшоў лапік вышытага ўзору жаночага касцюма. Не мог зразумець, што гэта? Ды і бацькі не надта ведалі. Ніхто ў вёсцы не насіў вопратку з такімі дзіўна-прыгожымі ўзорамі.
Маларыцкі строй быў распаўсюджаны ў XIX – сярэдзіне XX стагоддзя. Затым яго не выкарыстоўвалі. Узоры касцюмаў заставаліся хіба што ў музеях ды скрынях бабуль. Кросны з вясковых хат павыкідалі, амаль ніхто не ткаў. Не дзіўна. У сярэдзіне 1950-х гадоў усё можна было набыць у краме, неабходнасць у няпростым вырабе адзення адпала. Але 1990-я гады, якія цяпер любяць ганіць, прынеслі доўгачаканае беларускае Адраджэнне. Прычым у самых розных сферах.
Вось і ў маларыцкіх Замшанах, што непадалёк ад райцэнтра, стварылі тады «Дом ткацтва». Балазе, знайшлі бабуль, якія не забыліся, як круціць калаўрот і ўпраўляцца з ткацкім станком. І справа пайшла. З часам яна набыла новыя, больш шырокія абрысы.
Раённы цэнтр народнай творчасці на цяперашнім месцы ў Маларыце – новы этап той працы па абнаўленні страчанага. Калі з вул. Савецкай «з’ехала» друкарня, там з’явіліся кросны і экспазіцыя з першых вырабаў. Вырашылі навучаць ткацкай справе дзяцей. І з часам замахнуліся, здавалася, на неверагодное – аднавіць маларыцкі строй.
Але як гэта зрабіць? Так спрабавалі і гэтак – нічога не атрымлівалася. Тады і прыйшоў зорны час Сцепаніды Сцепанюк з Дарапеевічаў. Яна ткацкай справай займалася заўсёды. Як расказвала, навучылася ад маці і бабулі, як і ўсе дзяўчаты на вёсцы. Яе хатка яшчэ 25 гадоў таму нагадвала музей. На падлозе, ложку, вокнах, ля абразоў – усё было тканае: «ходнікі», пакрывалы, навалачкі, ручнікі… Яна проста жыла гэтым. Званне народнага майстра Беларусі (дарэчы, першага на Маларытчыне) нагоніць яе толькі ў 2012-м, у 77 гадоў. У 2019-м стане Ганаровым грамадзянінам Маларыцкага раёна. 17 лютага 2021 года атрымае нагрудны знак «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» ад профільнага міністэрства…
«Эўрыка» прыйшла ў сне
Дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці Валянціна Струнец знайшла нітачку да гэтай таленавітай і апантанай жанчыны, і яна адгукнулася ўсёй душой. Ездзіла ў райцэнтр, праводзіла заняткі і давала майстар-класы. Але церабіла адно – як аднавіць старадаўні маларыцкі строй? Сапраўдны мясцовы брэнд мае сваю ўнікальную асаблівасць. «Кажушком тканы» ўзор амаль аднолькавы з верхняга боку і выварату – арнамент прыгожы і роўны. Дамагчыся такога няпроста.
Ідэя вяртання тэхналогіі продкаў прыйшла да Сцепаніды Аляксееўны нечакана, амаль як да Архімеда. (Пры гэтым адзначым, што яна цвёрда веруючы чалавек.) Вось як «баба Стэпа» (так называюць яе ў Дарапеевічах) апавядала аўтару гэтых радкоў падчас беларуска-ўкраінскага пленэру па ткацтву «Народная творчасць без межаў»:
– Не раз думала, што непісьменныя продкі маглі ткаць такі прыгожы строй, а мы, «грамацеі», развучыліся, не захавалі, – даводзіла яна – На жаль, усе першапачатковыя спробы заканчваліся безвынікова. Апытала ўсіх бабуль, а дакладнага адказу, як стварыць маларыцкі ўзор, так і не атрымала. Страціла апетыт і сон. Станавілася сорамна. Так аднойчы ў творчых пакутах заснула. І… убачыла сон.
Быццам ідзе яна па залітым сонцам лузе, а наперадзе стаяць кросны. Ля іх – жанчына. Ну, думае, зараз усё распытаю. Падышла бліжэй, а жанчына раптам знікла. Толькі і ўбачыла, як увабраны ніткі. Яшчэ падумала, што «трысцінкі» бёрда трэба зрабіць больш «рэдкімі». (Бёрда – адно з асноўных рабочых прыстасаванняў ткацкага станка, мae выгляд «грэбеня» з вузкімі металічнымі пласцінкамі. – Аўт.)
І сапраўды, як аказалася, памылка была менавіта ў гэтым! «Трысцінкі» размяшчаліся вельмі шчыльна і не давалі «перакідвацца» ніткам і ствараць той самы шчыльны «кажушок». Карацей, ткачыху ахінула: Эўрыка!..
Сцепаніда Аляксееўна падхапілася тады на досвітку і адразу – за кросны. «Падшаманіла» бёрда, і ўсё атрымалася! Той раніцай нават не снедала. І ўпершыню за жыццё спазнілася з гаспадарчымi клопатамi. Не магла адарвацца ад кроснаў! Узор выходзіў менавіта такім, як на старадаўніх касцюмах. Яна не стрымалася і… заплакала.
Зробленае за жыццё знікла за 10 хвілін
Ёй суджана было аб’ехаць усю Берасцейшчыну і Беларусь у восемдзесят з гакам гадоў. Іншы раз хацелася сказаць: «Адпачніце! Здароўе – не каменнае»… Раённыя, абласныя і рэспубліканскія «Дажынкі», «Славянскі базар», фестывалі ў Польшчы, Украіне, Расіі… На жаль, з восені мінулага года бабуля цяжка захварэла.
…Яшчэ адна бяда прыйшла на досвітку 7 верасня. Не было і пяці гадзін раніцы, калі палаў полымем увесь дом-музей народнага майстра Сцепаніды Сцепанюк на вул. 17 Верасня. У імгненне вока ў попел і гар пераўтварылася ўсё зробленае за цэлае жыццё: дзявочы куфар з пасагам і нажытым, спадніцы-буркі, кашулі, ручнікі, дзясяткі метраў свежага палатна, «маларыцкі строй», які прыгатавала сабе на смерць… Гаспадыня цудам выбралася з вогненнай пасткі праз акно. Дачка Валянціна Гатоўчыц лічыць, што адбылося замыканне электраправодкі. Аддзел па надзвычайных сітуацыях высвятляе прычыну пажару. Як паведамляецца, разлікі прыбылі на месца праз 10 хвілін, але ўжо палаў дах хаты. Суседзі прачнуліся, калі пачаў «страляць» ад перагрэву шыфер…
Цяпер майстрыха знаходзіцца ў хаце дачкі, якая жыве непадалёк. Яе жыццю нішто не пагражае, акрамя ўзросту і цяжкасці перажытых успамінаў. Уратаваць удалося няшмат: пасведчанне майстра, граматы, медаль ды ордэн «За вернасць Бацькаўшчыне» работы Міколы Кузьміча, некаторыя іншыя рэчы. Хаты-музея няма і ўжо не будзе ў такім аўтэнтычным выглядзе. Драўляная пабудова не падлягае аднаўленню. Нехта лічыць – дзіўны пажар… Зрэшты, як паглядзець.
Многія задаюцца пытаннем, што можна зрабіць, каб дапамагчы? Актыўнічаюць сацсеткі. Збор сродкаў ініцыявала супольнасць этнографаў у Беларусі і Польшчы, далучаюцца жадаючыя. Сапраўды, неяк няёмка ў такой сітуацыі сядзець склаўшы рукі. Зрэшты, сама майстрыха, як і яе дачка, нічога не просяць. Валянціна Іванаўна шкадуе пра адно: былі планы ў матулінай хаце стварыць музей народнага ткацтва. Экспанатаў назбіралася шмат. Цяпер не атрымаецца?.. А можа, такое надзвычайнае здарэнне паскорыць увасабленне гэтай смелай ідэі, і Сцепаніда Сцепанюк паспее ўсё пабачыць на свае вочы?
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.