Дзе Ганка начавала
Было тое тады, калi Хрушчоў сышоў, а Брэжнеў у Крамлi ўладкаваўся. Маршрут да камунiзма акрэслiлi, але жылi пакуль сцiпла. Зiмы на Палессi да мелiярацыi былi як мае быць. З вечара сяляне печ натопяць, а пад ранiцу ў хаце ўжо сцюдзёна. У Аўдоццi муж недзе сабакам сена касiў, яна з чатырма дзецьмi апекавала гаспадарку. З вечара яна i дзецi ўладкавалiся спаць на печы. Дачцэ Ганцы было тады чатыры гады, месца на «ложку» дасталася з краю.
Ранкам Аўдоцця паднялася ў прыцемках, агледзела дзяцей – няма Ганкi. Нi на печы, нi дзе-небудзь у хаце. Мацi выйшла на двор, пагаласiла малую. Не адзываецца. Аўдоцця пабудзiла дзяцей. Тыя пайшлi па вясковай вулiцы. Хутка амаль уся вёска шукала Ганку. Не адшукала.
Аўдоцця прыйшла дадому палiць у печы – у хляву раўла худоба, на лаве глядзелi на патэльню дзецi. Аўдоцця скамечыла газету, паклала сухiя дровы – хутка загуляла б у печы гарачае полымя. У апошнi момант заўважыла жанчына за дровамi скурчаную постаць Ганкi. Праз якую хвiлiну тая сядзела мiж братоў i сясцёр i не разумела, чаму яны так радуюцца, а мамка цiшком выцiрае слёзы. Высветлiлася, што вечарам Ганка змерзла на краi агульнага ложка, спусцiлася на падлогу. I дапетрыла: адсунула заслонку печы, залезла ў яе жэрава i прыстроiлася на цёплых яшчэ цаглiнах…

Жалезны конь з драўляным сэрцам
З даўнiх часоў, асаблiва савецкiх, у вёсках ды невялiкiх гарадках самым пажаданым асабiстым транспартам у мужыкоў быў матацыкл. Пажадана, канешне, з каляскай – каб было куды пакласьцi штось, як едзеш з гасцявання ад цешчы. I вось два браты з заможнага пасёлка вырашылi купiць «Урал» — магутны савецкi матацыкл менавiта з каляскай i трыма коламi. У сябе на малой радзiме тое, што трэба, не знайшлi. Паехалi ў вялiкi горад. Пахадзiлi па крамах для спартоўцаў ды аўтааматараў – нiчога.
Пашчасцiла на аўтамабiльным рынку. Паблукалi крыху, потым нейкi дзяцюк падвёў братоў якраз да прадаўца. Каля яго той самы пажаданы «Урал», аж ззяе новай зялёнай фарбай! Купiлi, паперы аформiлi, завялi – тарахцiць, як мае быць. Асядлалi набытага «каня» i выправiлiся дадому. Але ж, як выехалi з горада, матор зачыхаў ды й заглох. Усё, быццам, у парадку, акумулятар iскру дае, бак паўнюткi, а матор не заводзiцца. Дахаты прыйшлося паўзцi з мiласцi шафёраў грузавых машын, што бралi на буксiр пасёлкавых недалэг.
Удома рухавiк раскрылi, а там замест поршняў – старанна выструганыя драўляныя цылiндрыкi. Потым, калі адшукалi па рынках вобласцi патрэбныя запасныя часткi для матацыкла, злосць на хцiвых прадаўцоў крыху прайшла. Але толькi крыху. Таму што гандаль меў месца акурат 1 красавiка – у мiжнародны дзень дурня.

З сякерай – а не Раскольнiкаў
Гэта ўжо амаль свежая гiсторыя, калi i да Беларусi дайшоў сацыяльна-эканамiчны тэрмiн «неперспектыўная вёска». У адным сяле, няважна дзе, жыхароў засталося столькi, што не толькi брыгаду – звяна з iх не сабярэш. Ды i тыя, што ёсць, узростам такiя, – нават па нашых новых законах, – пенсiянеры адназначна. Часам прыязджалi ў вёску былыя землякi, што атабарылiся ў гарадах. Найчасцей летам i ўвосень – па гароднiну i садавiну. Сярод iх быў i злачынца. Праўду сказаць, ля бацькоўскiх мaгiл паводзiў сябе цiха, але хто там ведае, што ў яго ў галаве?
Дамы ўдаўца Мiколы i ўдавы Марылi стаяць побач. Суседства ў iх добрае, падтрымлiваюць адно аднаго. Аднойчы познiм восеньскiм вечарам Мiкола, трохi падпiўшы, ляжаў на канапе, спрабаваў глядзець тэлевiзар. Раптам у вакно штосьцi нямоцна стукнула – нiбыта хтосьцi каменьчыкам кiнуў. Спачатку Мiкола не надаў увагi. Але потым брамкнула зноў. Тут у Мiколы пачалiся фантазii. Ён падумаў: не iначай, да Марылi ломiцца якi злодзей, вось яна i кiдае каменьчыкi, просiць такiм чынам дапамогi. Як салдат па трывозе, Мiкола ўсхапiўся, ногi – у боты, у руку сякеру.
Да суседкi лiчаныя крокi. Хвiлiны не прайшло, Мiкола ўжо там. Хата не замкнёная, светла. Але гаспадынi няма. А вось i яна ў кажушку, з кошыкам, у кошыку дровы. У вачах – вялiкае здзiўленне. На самой справе нiякай трывогi Марыля не падымала, нiхто яе не патурбаваў. Проста пад ветрам голая галiна грушыны стукала ў вакно. Пасмяялiся старыя, а потым сталi жыць на дзве хаты. Зiмой у Мiколы, там цяплей, з вясны да восенi ў Марылi – дзе садавiна i гароднiна.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.