Лявон Вольскі — дзеяч культуры, радыёвядучы, мастак, аўтар паэтычных зборнікаў і кнігі прозы «Міларусь»… Але найперш ён музыкант. З яго імем звязаны калектывы Крамбамбуля, N.R.M., Мроя, праекты «Народны альбом» і «Будзьма беларусамі!». Без песень яго аўтарства «Простыя словы», «Тры чарапахі», «Паветраны шар» рэдка абыходзяцца пасядзелкі з гітарай. Музыкант, які збірае тысячы людзей на канцэртах, перажыў перыяды «замарозкі» творчай дзейнасці і «адлігі».

26 верасня Лявон Вольскі разам з беларускімі і польскімі музыкантамі прымаў удзел у канцэрце на адной з буйнейшых канцэртных пляцовак Варшавы, а на наступны дзень выступіў у папулярным клубе ў цэнтры горада. У перапынку паміж выступленнямі ён расказаў карэспандэнту «Вячоркі» пра творчае жыццё ва ўмовах самаізаляцыі, беларускі шоу-бізнес і пра тое, як «Тры чарапахі» стала песняй «на ўсе часы».
Якім стаўся для Вас гэты няпросты і насычаны на падзеі час? Як часта выступаеце ў Мінску і за мяжой?
— Перадусім быў доўгі (амаль два месяцы) перыяд самаізаляцыі і «каранавіруснага псіхоза». 25 сакавіка, на Дзень Волі, мы гралі адзін канцэрт анлайн. Потым яшчэ адзін канцэрт (таксама анлайн) я сам граў на гітары для розных аўдыторый у Злучаных Штатах, Польшчы, і для кожнай аўдыторыі быў свой рэпертуар (яны мне знаёмыя, бо ў розны час я наведваў Нямеччыну, Літву, Польшчу, Злучаныя Штаты). Потым быў канцэрт ужо ва ўмовах інфекцыі — у дворыку бара Lidbeer у Мінску, з захаваннем санітарных правіл: з адлегласцю паміж слухачамі два метры і маскамі. Дзве гадзіны з перапынкам з гітарыстам Паўлам Трыпуцем і ўдарнікам Паўлам Мамонавым гралі акустычны канцэрт.
25 сакавіка, на Дзень Волі, мы гралі адзін канцэрт анлайн. Потым яшчэ адзін канцэрт (таксама анлайн) я сам граў на гітары для розных аўдыторый…
Потым, калі пачаўся перыяд грамадзянскай актыўнасці, з саксафаністам Паўлам Аракелянам граў кропкава на месцах збораў людзей на Пушкінскай і ў іншых месцах сталіцы. У Вільні ўзяў удзел у канцэрце падчас Балтыйскага шляху. Потым мы са Зміцерам Вайцюшкевічам на польскай тэлевізіі спявалі песні ў суправаджэнні аркестра разам з польскімі зоркамі. Быў яшчэ ў Мінску на вялікай пляцоўцы платны канцэрт з 4-тысячнай аўдыторыяй…
Атрымліваецца, артыстычнае жыццё даволі насычанае?
— Усе-такі не такое, як бы хацелася. Зараз, у сувязі з пандэміяй каранавіруса, цяжка праз мяжу праехаць. Пасля папярэдняга выступлення ў Варшаве мы не паехалі назад у Беларусь, каб зноў не стаяць на мяжы. Мы засталіся тут і зараз удзельнічаем у канцэрце на Стадыёне Нарадовым.
Такія «асаблівыя абставіны», як зараз, спрыяюць творчаму ўсплёску ці, наадварот, у артыстаў стан прыгнечаны?
— Гэта залежыць ад асобы. Некаторыя не могуць у спакойным стане працаваць, нешта пісаць. Мне, наадварот, у спакойным стане лепей. Цяпер, канешне, трывожна, неспакойна, шмат спадзеваў. Але адзінкавыя песні пішуцца. Праўда, не буйныя творы ці альбом. Адну песню ў Мінску запісалі два месяцы назад — «Іржавая дзяржава», а ў Вільні запісалі з нашым прадзюсерам песню «Ворагі народа».
Напэўна, ёсць на працягу творчага жыцця песня-доўгажыхар, запатрабаваная і заўседы актуальная? Або іх некалькі…
— «Тры чарапахі» дзіўным чынам зрабілася «песняй усіх часоў і народаў». Яшчэ «Паветраны шар», «Лёгкія лёгкія», з «Крамбабулі» — «Госці», «Абсэнт». Не буду скардзіцца, што мала такіх песень.
Вы чалавек з пачуццём гумару, іроніі… Зараз, у гэтым эмацыйным спектры, ёсць месца такому настрою?
— Безумоўна, нават у турме ёсць месца для гумару. Смешнае побач з трагічным — так і бывае. На мой погляд, даволі смешна выглядае ўсё гэтае змаганне са сцягамі, з мураламі. Стараюцца, выпальваюць, зразаюць, а назаўтра ўсё зноў, як грыбы, вырастае. Грыбніца ёсць — зноў усё ўзышло. У ціхароў, міліцыі, якая гэтым займаецца, у камунальных службаў вельмі шмат працы.
Безумоўна, нават у турме ёсць месца для гумару. Смешнае побач з трагічным — так і бывае. На мой погляд, даволі смешна выглядае ўсё гэтае змаганне са сцягамі, з мураламі…

Што найбольш уразіла: якія сустрэчы, выпадкі?
— Зараз вельмі насычаны час на навіны, заўсёды нешта адбываецца. Тым болей, як ні дзіўна, мы яшчэ ездзім, сустракаемся. Да прыкладу, рэжысёр сённяшняга канцэрту, ён жа рабіў першыя тры сумесныя канцэрты ў Варшаве з польскімі зоркамі — у 2006, 2007 і 2008 гадах. Не бачыліся з 2008-га, і зараз: «О, прывітанне!». Як бы і не было гэтай паўзы. Знаёмы таксама шмат з кім з выступоўцаў, і з новымі пазнаёміліся. А на вуліцах Мінска ўразілі людзі: народ быццам выйшаў з комы. Гэта вельмі ўсцешвае.
Цяжкавата быць такім запатрабаваным чалавекам? На цябе ўсе глядзяць па-іншаму, чакаюць адказу на тое, што хвалюе…
— Я не павінен весці людзей. Я — не палітык, я некампетэнтны ў гэтай вулічнай барацьбе. Сам я магу выйсці — і ў той жа час не магу браць на сябе адказнасць. Але магу дапамагаць людзям песнямі. І я гэтым займаюся ўсе гэтыя амаль 30 гадоў.
…Хацелася б дажыць, каб усё стала на свае месцы, каб сучасная музыка была не толькі ў інтэрнэце, дзе яна зараз у асноўным знаходзіцца, а каб яна была на сцэнах…
Трэба ж яшчэ элементарна зарабляць на жыццё, каб рэалізаваць свае асабістыя і творчыя планы.
— У нас (я маю на ўвазе артыстаў, з якімі працаваў і працую) і не было вельмі шмат гэтай працы ў Беларусі. Было 10 гадоў поўнай забароны, калі проста нельга было выступаць, бо камусьці ўсё гэта не падабалася. Была «адліга», а затым другая забарона, яшчэ больш жорсткая. Таму мы не спадзяёмся ні на якія «рэгаліі» кшталту «Славянскага базара» ці тэлевізіі. Нам гэта і не трэба.
Творчая свабода, розныя пляцоўкі — няўжо не вабяць?
— Хацелася б дачакацца такога часу, калі ў Беларусі будзе нармальны, з чалавечым тварам, шоу-бізнес. Калі можна спакойна ехаць у тур, напрыклад, у абласныя цэнтры. Таму што да Жабінкі, напрыклад, ты ніяк не даедзеш, нават не акупіцца: у нас апаратура, шмат затратаў. Гэта Дарафеева можа паставіць дзве калонкі і спець на камбайне, быццам бы ўжывую. Музыканты стаялі і рабілі выгляд, быццам граюць на гэтых гітарах. У нас усё іграецца ўзапраўду, таму гэта досыць дорага. Хацелася б дажыць, каб усё стала на свае месцы, каб сучасная музыка была не толькі ў інтэрнэце, дзе яна зараз у асноўным знаходзіцца, а каб яна была на сцэнах. Урэшце, каб была нармальная канкурэнцыя.
Калі Вы апошні раз выступалі ў Брэсце?
— Амаль год таму ў адным з клубаў. Засталіся прыемныя ўражанні ад сустрэчы.
Сёння будзеце спяваць «Тры чарапахі»?
— Натуральна.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.