Іван Кірчук — незвычайны чалавек. Яго стыль і глыбокае веданне народнай спадчыны ўражваюць і захапляюць. Беларускі музыкант, кампазітар, фалькларыст, пісьменнік, выкладчык… Лідар этна-трыа «Троіца». Старшы выкладчык культуралогіі і псіхолага-педагагічных дысцыплін інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. З’яўляецца аўтарам праграм для навучэнцаў і студэнтаў. Больш за 60 разоў выступаў з монаспектаклем «Дарожка мая…» у розных краінах. Нядаўна ў рамках курса «Мова нанова» сустрэўся з берасцейцамі, адказаў на пытанні журналіста «Вячэрняга Брэста».
Іван Іванавіч, як вы ўвогуле прыйшлі да такого «нямоднага» некалі накірунку?
— Я не планаваў займацца фальклорам. У мае юнацкія гады ўсе захапляліся рок-музыкай, якая была забаронена. У Лідзе, дзе я нарадзіўся, мае сёстры навучаліся ў музычнай школе, ігралі гамы, арпеджыа… І я не «пераносіў» музыку, бо хацеў іграць і слухаць зусім іншае. У 1973 годзе бацька таксама «піхнуў» мяне ў музычнае вучылішча. Магчыма, ён адчуваў, што буду займацца музыкай. У 1985 годзе скончыў універсітэт культуры па спецыяльнасці «Дырыжор народнага хору». У свой час спяваў у гурце «Валачобнікі» Станіслава Дробыша. У 1980 годзе ў Мінск прыязджаў ансамбль Дзмітрыя Пакроўскага з Масквы. І ён мне адкрыў вочы… Я пачуў розныя манеры спеваў, яны прывезлі «вертеп» (русск.). І я ўсім гэтым «захварэў», пачаў шукаць беларускія народныя песні без кампазітарскай апрацоўкі.
Як кажуць, пайшлі ў народ?
— Будучы студэнтам, паехаў на практыку ў в. Сарачы Любанскага раёна Мінскай вобласці. Пелагея Міхайлаўна Шмялёва спявала мне з дзесяці гадзін раніцы да першай гадзіны ночы. Так я пачаў збіраць і вывучаць фальклор. Затым выкладаў у культасветвучылішчы, педагагічным універсітэце імя М. Танка. Студэнты-завочнікі прывозілі шмат запісаў. Відавочна, што былі яны і з Берасцейшчыны. Так удалося сабраць вялікі архіў.
Песні лечаць
Кажуць, што некалі вяскоўцы нават лячылі адзін аднаго песнямі. Збяруцца, паспяваюць, і чалавек адчувае сябе лепш. Ці праўда?
— Скажу, што нашы продкі ўвогуле мала хварэлі, бо прымалі ўдзел ва ўсіх абрадах гадавога кола. Яны выходзілі на падворак і спявалі. У час Каляд, на Купалу, іншыя святы. На кожную пару года былі свае спевы. І яны не падобныя на песні Пугачовай ці Кіркорава (усміхаецца. — Аўт.). Кожная з іх гучыць як мантра, як малітва. І, дзякуючы ім, нашы продкі былі здаровыя. Увогуле чалавек прыходзіў на Купалле, спяваў, скакаў праз агонь, піў нейкія зёлкі і адчуваў сябе добра да наступнага свята. А мы, на жаль, хварэем… У кожнага велізарны «талмуд» рэцэптаў. У маёй 96-гадовай бабулі да самай смерці не было медыцынскай карткі.
Усё ж тое, як вы паказваеце беларускі фальклор, напрыклад, у монаспектаклі «Дарожка мая…», можа здзівіць. Незвычайныя маскі, адзенне, музычныя інструменты…
— Калі б я жыў на вёсцы, то захоўваў бы яе традыцыі, іграў на пэўным музычным інструменце і меў бы вышыванку з пэўнымі ўзорамі… А так я сучасны чалавек. У сваім спектаклі паказваю ўвесь гадавы цыкл народнага календара. «Праходжу» ўсё жыццё чалавека ад яго нараджэння да смерці. Мне хочацца паказаць тую дарожку, па якой ідзе кожны з нас. На ёй ёсць святы. Але ці прымаем мы ўдзел у гэтых святах? Ці прытрымліваемся піліпаўскага посту? У гэты час людзі не ладзілі вяселляў. Толькі ваўкі маглі сабе такое дазволіць… Таму я хачу, каб гэтая «Дарожка» прайшла праз кожнага. Напрыканцы кажу: «Мая «Дарожка» на сёння скончылася, а ваша пачынаецца. Вы прыйдзеце дадому і пацікаўцеся ў сваіх бабуль і дзядуль, як яны жылі, чым займаліся?» Гэта трэба для таго, каб нешта пакінуць сваім дзецям. Я думаю, тады і моладзь па-іншаму будзе да ўсяго гэтага ставіцца.
Чаму гэта важна?
— Я — дарослы чалавек. Але раблю тое, што рабіў мой бацька. Калі я быў маленькі, мне здавалася, што ён займаецца не тым. Напрыклад, ён загартоўваў свой арганізм, лячыўся вадою. Але і я пасля дзесяць гадоў маржаваў. І дзеці мае будуць рабіць так, як раблю я. Гэта нібы праграма, якая закладзена родам. І калі мы паважаем традыцыі роду, яны дапамагаюць нам жыць. У майго дзеда Томаша было 14 дзяцей. І я вось у 61 год гадую яшчэ двух малых дзяцей. Відаць, праграма цалкам не выканана.
«Дарогу даў Юрый Шаўчук»
Ці былі асобы, якія паўплывалі на вашу творчасць?
— Быў час, калі Юрый Шаўчук разам з вядомым гуртом «ДДТ» прасіў касеты музыкантаў, якія працавалі ў тым ці іншым горадзе, дзе ён выступаў. Так у Мінску сярод запісаў, якія яму прынеслі, ён абраў «Троіцу». Нам патэлефанавалі і сказалі, што сёння выступаем у КЗ «Мінск» з… Юрам. Мы спачатку нават не зразумелі, пра каго ідзе гаворка… На канцэрце ён дазволіў выканаць нам некалькі песень «ДДТ», а пасля прадставіў нас. Сказаў, што ёсць такі капітальны класны гурт. Канечне, гэта запомнілася. Пасля Юрый Шаўчук запрасіў нас на рок-фестываль у Пецярбург, а Стас Намін у Маскву на Чырвоную плошчу. Шмат гадоў працавалі ў Галандыі на буйных фестывалях этнамузыкі. Гэта вялікая і цікавая гісторыя этна-трыа «Троіца».
У вас ёсць сольны альбом «Спадчына загінуўшых вёсак». І ў монаспектаклі «Дарожка мая…» ваш лірычны герой кажа: «У нашым раю жыць весела, толькі некаму». Не сакрэт, вёска старэе. Што трэба рабіць?
— Гэта вельмі балючая тэма. З сярэдзіны 1980-х гадоў я збіраў таксама посцілкі, ручнікі, саламяныя вырабы. Шмат праехаў. Ведаеце, едзеш удзень — стаіць хатка ў полі, едзеш увечары — хаткі няма. Не паспеў зайсці — і ўсё. У той час ніхто не глядзеў, не думаў, захаваць яе ці не? Беларускія куточкі ўжо пасля сталі з’яўляцца ў вёсачках. Атрымліваецца, пакуль зверху не дадуць па галаве, ніхто не будзе варушыцца.
Мяркуючы па ўсім, вам удалося шмат сабраць і захаваць?
— Я называю гэта этналабараторыяй. Мяне шмат гадоў цікавіць батлейка. Зрабілі лялькі, а віфлеемскую зорку інкруставалі беларускай саломкай. Да «Троіцы» дзесяць гадоў існаваў гурт «Дзіва». У нас былі дудкі, жалейкі, гуслі… На сённяшні дзень сабралася вялікая колькасць музычных інструментаў. У тым ліку акарыны (свісцёлкі) ды шмат іншых.
Здаецца, у вас ёсць і костка ваўка?
— Сапраўды! (усміхаецца. — Аўт.) Такое не прадаецца ў крамах. Костку ваўка мне падараваў адзін майстар. Ён вырабіў з яе… флейту! Па яго словах, гэта такі рытуальны музычны інструмент. Кажа, што калі падзьмеш (зайграеш. — Аўт.), то прыйдуць ваўкі. Але нашто яны тут? А можа і жарт. Галоўнае, каб людзі не станавіліся ваўкамі… Ёсць капыты казы, музычны інструмент, зроблены з арэхаў. Усё гэта шумавыя музычныя прыстасаванні. Яны надзіва цікавыя і дзецям, і дарослым.
Былі экзотыкай у Малайзіі
У складзе «Троіцы» вы часта выступалі за мяжой? Чым «чапляе» народная спадчына іншаземцаў?
— Яна іх вельмі кранае. Вы нават не ўяўляеце як! Вось былі мы на фестывалі ў Іспаніі. На ім можна выступіць толькі адзін раз. Але калі мы праз перакладчыка ўсё распавялі, арганізатары зрабілі выключэнне. Запрасілі нас яшчэ раз, да таго ж — на галоўную сцэну. Сказалі, што такога не чулі. Іспанцы былі ўражаны — ўважліва слухалі, скакалі пад тэмпавыя песні. Вельмі добра нас прымалі ў Малайзіі. Успрымалі наша выступленне як экзотыку. Мы для іх таксама былі нейкімі незвычайнымі з лірай, гуслямі, домрай.
Фальклор на сцэне ёсць. Яго паказваюць многія калектывы. Але ці магчыма захоўваць беларускія народныя традыцыі на вёсцы, зацікавіць моладзь?
— Я зараз працую ў інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў… Прыязджаюць культработнікі, кіраўнікі мастацкіх калектываў, дырэктары клубаў. Усе яны кажуць адно — трэба займацца адраджэннем. Але бывае такое, што ў нейкай мясцовасці не ладзілі свята Купалля, а ім сказалі, каб было. Ёсць рэгіёны, дзе не было Масленіцы. А там сказалі, што гэта выгадна. Маўляў, будуць бліны, коні, дзеці будуць катацца, а значыць, будуць грошы. Мне здаецца, што трэба займацца адраджэннем таго, што існавала на вашай зямлі. Тады яно мае моц і сілу.
«Трэба пачынаць!»
У Берасці вы выступалі ў рамках курса «Мова нанова». Як увогуле ацэньваеце стан беларускай мовы?
— Калі шчыра, то на працы, у сям’і больш гучыць руская мова. Напрыклад, у нашым інстытуце раз на тыдзень праводзіўся дзень беларускай мовы. І некаторыя хаваліся, бо не ўмеюць размаўляць. Але прыедзь ты ў Літву ці ў Кітай і скажы: «У вас будзе адзін дзень на вашай мове». Будуць смяяцца з цябе! Гэта значыць, усё залежыць ад нас. Калі хочаш размаўляць — размаўляеш. Я хачу, каб быў адзін дзень на тыдзень без беларускай мовы, а ва ўсе астатнія гаварылі толькі на ёй. Нескладана сказаць: «добры вечар», «дзякуй» ці «да пабачэння». Няхай гэта будуць першыя словы на мове, няхай яны прагучаць як калыханка для малога дзіцяці. Потым самому будзе цікава пайсці далей — чытаць, слухаць, вывучаць.
Іван Іванавіч, якія творчыя планы?
— Работа, якой займаюся 35 гадоў, працягваецца. Праўда, не ўсе запісы паддаюцца апрацоўцы. Для мяне беларускі фальклор — гэта закадзіраваная, зашыфраваная інфармацыя, якая не адразу адчыняе свае брамы. Ёсць песні, якія не гучаць. Здаралася, мы год падбіралі патрэбны акампанемент, але не ішло. Выходзіць, некаторыя рэчы можна выконваць толькі акапэльна.
Можа мы, сучасныя людзі, перасталі нешта разумець?
— І гэтага выключаць нельга. Калі б мы жылі на вёсцы і спявалі гэтыя песні 20-30 гадоў, то, напэўна, разумелі б іх лепш. Не патрэбна была б апрацоўка. А так мы «пакуем» іх у нейкія музычныя інструменты, а яны супраціўляюцца (усміхаецца. — Аўт.). Дарэчы, буду таксама дапаўняць мой монаспектакль, рыхтаваць лялькі, якія танчаць. Шмат іншых задумак. Цікавы майстар зрабіў мне новыя духавыя інструменты. Так што збор папаўняецца, ёсць новы матэрыял. І яго трэба абавязкова паказаць.
А ўвогуле навучыцца спяваць народныя песні можа кожны чалавек?
— Мае бацькі спявалі, і я гэта раблю. У маім дзяцінстве за сталом гучалі беларускія, літоўскія, польскія песні. Мы, малыя, іх слухалі, пераймалі. Таму гэта таксама паўплывала. Ну, а сам я пачаў спяваць са студэнтамі. Таму ўсім раю: калі хочаце спяваць — пачынайце! І вынік абавязкова будзе.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.