Ведаеце, кожны, хто лічыць сябе беларусам, павінен пабываць у гэтым гарадку, на гэтым свяце. Галоўным яго героем з’яўляецца Конік, які і даў назву ўнікальным шчадроўкам, якія праходзяць тут штогод з 13 на 14 студзеня.
У час, калі ўсе «нармальныя» людзі рыхтуюцца адзначыць стары Новы год застоллем, гэтыя «швэндаюцца» з хаты ў хату, ды яшчэ ў якіх уборах! Бразільскі карнавал, не інакш!
Журналіст «ВБ» прыбыў сюды напярэдадні свята з удзельнікамі мiкрапраекта мiжнароднай тэхнiчнай дапамогi Праграмы трансгранiчнага супрацоўнiцтва «Польшча — Беларусь — Украiна 2007-2013» «Адраджэнне i захаванне народных традыцый у арганiзацыi i правядзеннi мясцовых свят i абрадаў» трансгранiчнага аб’яднання «Еўрарэгiён «Буг»» пры фiнансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Праект арганiзаваны i рэалiзуецца абласным аграпрамысловым саюзам. І гэта надало святу яшчэ больш каларыту.
А 19-й гадзіне «двіжуха», як кажа моладзь, пачалася. «Гарадчукі» (так называюць сябе мясцовыя жыхары) выходзяць шчадраваць.
Мы «прытуліліся» да адной групкі і крочылi за ёй. Увогуле ж такіх груп шчадроўшчыкаў ходзіць дзясяткі, і гэта ў гарадку, дзе пражывае менш чым 7 тысяч чалавек. І не проста груп, а менавіта падрыхтаваных, цікавых, касцюміраваных.
Тыя, хто шчадруюць, не так сабе хлопцы і дзяўчаты з торбай. У нас быў выдатны «конік» Сяргей, яго верны мушкецёр, індзеец, Дзед Мароз, Снягурка, Маша, санітарка і яшчэ Бог ведае хто, каго ў цемры адразу не распазнаеш. Ірванулі да першага катэджа, і ўмомант урэзаў гармонік, палiлiся песні, прыпеўкі. Конь рваўся ў пакоі і да стала, але гаспадары яму ўсё ж крыху адварочвалі морду. Наогул тыя, хто шчадруюць, усюды адчуваюць сябе ў гэты вечар поўнымі гаспадарамі. Усе ім рады, наўрад ці хто падумае не пусціць, такая ўжо тут завядзёнка. Горад не спіць амаль ўсю ноч, літаральна, як у нас на Новы год 31 снежня.
Першым баявым хрышчэннем неўзабаве стаў наш пераход цераз… раку Гарынь. Вось ніхто не думаў напярэдадні, што нам прыйдзецца яе «фарсіраваць» у гэты вечар. Мясцовыя хлопцы і дзяўчаты растлумачылі, маўляў, традыцыя такая, парушаць нельга. А тое, што лёд слабы, што «трымае толькі шапку», нікога не цікавіць. «Трэба рабіць усё хутка», — «жалезны» аргумент нашых праважатых. Або «пяройдзем мы, то пяройдзеце і вы, нічога страшнага, галоўнае не баяцца і хутка адскочыць ад берага», дзе, дарэчы, вада ўжо амаль злізала лёд… Дзякуй Богу, усе перабраліся цераз раку без надзвычайных здарэнняў. «Усе пайшлі, і я пайшоў…» — апраўдваўся пасля знаёмы паляк. Адна жанчына з нашай групы пасля саромелася расказаць пра такую прыгоду сваім дзецям, не хацела іх непакоіць.
Такі «подзвіг» ужо варты асобнага святкавання, але імкліва рушым наперад. Нас жа чакаюць гаспадары і парад конікаў а 21-й гадзіне на плошчы!
Па дарозе трапляецца нямала аўтамабіляў і бусаў, і ніводзін з іх не ўцёк ад пераследавання». «Людзі ў масках» спынялі кожнага, клаліся ледзьве не на капот, абы толькі прытармазіць тэхнiку. Зрэшты, ніхто асабліва ўцякаць не збіраўся. Усе прымалі віншаванні са святам і давалі неблагія грошыкі.
Затым мы «ўварваліся» ў шматкватэрны дом. Прабылі там доўгі час. Немаўляты на руках гаспадароў не плакалі і не баяліся, а тым больш старэйшыя дзеці. Тут наадварот: не павіншуеш, то могуць пакрыўдзіцца.
На выхадзе сустрэлі групы моладзі, яны таксама ішлі па хатах, па кватэрах, заходзілі ў гандлёвыя павільёны… Якіх толькі касцюмаў не было!
Зрэшты, карцела паспець на парад, таму неўзабаве крочылі ў адваротным кірунку. І хутка ўсе групы шчадроўшчыкаў сталі выходзіць на плошчу з усіх гарадскіх «шчылін». Дарэчы, адзін з персанажаў давыд-гарадоцкіх конікаў — Смерць! Як належыць, з касой. І іх тут было ў дастатку.
— Усе хочуць быць станоўчымі героямі, але патрэбны і адмоўныя, — прывяла свае довады сімпатычная бландзінка-школьніца і тут жа з дапамогай маскі ператварылася ў пачвару… Бр-р-р-р…
Дзякуй Богу, падышлі бабулі. Іх маскарадныя традыцыі шчадравання больш стрыманыя, але ад таго не менш цікавыя.
Ніна Шапецька расказала, што хадзіла шчадраваць мо з пятага класа. І робіць гэта цяпер, хоць даўно на пенсіі. Узгадала, як закрывалася хусткай, каб не пазналі, у гады атэізму. Каралi тады бацькоў і школьнікаў, але тыя ўсё роўна не адступалі ад свайго.
Што датычыць коніка, кажа субяседнiца, то ніхто яму не зайздросціць. Дакладней, яго гаспадару — «салдату». Насіць на сабе вечар і паўночы «збрую» — справа нялёгкая. «Наперадзе і ззаду» па кашы, шыя — валёнак — таксама традыцыя, якую не парушаюць дарослыя пры вырабе конiка. Толькi дзеці маюць крыху аблегчаны варыянт.
Конік жа на двух нагах, так бы мовіць. Канструкцыя вешаецца на чалавека — і наперад! Чаму менавіта салдат кіруе канём, нават дзядулі не ведаюць. Кажуць, так павялося. А вось конік чаму — дакладна вядома. Кажуць, даўней без яго ніводзін гарадчук не абыходзіўся, зямлі, гаспадаркі было процьма. Вось і вырашылі мясцовыя жыхары, што называецца, у стагоддзях славіць свайго карміцеля.
Пасля парада — канцэрт на плошчы. Пералічыць гурты — справа дарэмная. Да паўночы будзеш гэта рабіць, і нічога не атрымаецца. Свае мясцовыя, з навакольных вёсак, з Маларыты і Драгічына. А на гэты раз упершыню і з Польшчы. Дарафей Фіёнік з кампаніяй з Бельска-Падляшскага ўсё пашырае асваенне берасцейскіх прастораў.
На канцэрце была такая атмасфера, што некаторыя танцоры, здаецца, уваходзілі ў экстаз. І гледачоў сабралася вельмі шмат. Кажуць, з навакольных вёсак іх прыязджае штогод усё больш і больш.
Мэр Давыд-Гарадка Вячаслаў Стаднік віншаваў і даваў узнагароды, так сказаць, па сваёй лініі. Свята планавалася да гадзіны ночы, але разышлiся, можа, і пазней.
Работніца атэля казала ранкам, што да яе ў хату ў той вечар завітала 15 (!) груп шчадроўшчыкаў! І кожнага пусціла і ўзнагародзіла за вітанні. Кажа, нічога, што патрацілася, гэта ж раз у год! Адзін мужчына радаваўся за дзяцей, што нашчадравалі пару мільёнаў.
Але мне запомніліся словы аднаго «салдата», гаспадара «коніка», які казаў: «Калі некаторыя думаюць, што мы ходзім дзеля грошай, то гэта поўная лухта. Галоўнае — падтрымлiваць традыцыю. Зрэшты, тут не ўяўляюць, як можа быць інакш?!»
Аб чарговым традыцыйным свяце конікаў сёлета Брэсцкае абласное тэлебачанне зняло фільм. Ён з іншымі дакументамі будзе прадстаўлены ў адпаведныя інстанцыі, каб папоўніць спіс помнікаў нематэрыяльнай спадчыны па лініі ЮНЕСКА.
Што ж, няхай растуць давыд-гарадоцкiя конiкi да ўзроўню карнавала ў Рыо-дэ-Жанейра!
Сяргей МОШЧЫК
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.