Юрый Зялевіч працаваў дырэктарам музея-сядзібы «Пружанскі палацык» 20 гадоў. У снежні 2020 года ён, як і шмат хто з інтэлігенцыі, вымушаны быў пакінуць працу «па дамоўленасці бакоў».
Палацык, здаецца, быў яму «наканаваны». Побач прайшло юнацтва: кватэра, дзе яны жылі з бацькамі, — за 500 метраў ад гэтага цуду архітэктуры, адзінай на сёння, як паведамляе Вікіпедыя, адноўленай сядзібы стылю мадэрн у Беларусі.
У 1980-х падлеткамі лазілі з сябрамі ў вежу за галубамі, даследавалі скляпенні. Адсюль толькі што з’ехала стаматалагічная паліклініка, якая тут месцілася на час рамонту.
Пасля заканчэння ўніверсітэта будучы настаўнік геаграфіі і біялогіі вярнуўся на Пружаншчыну. І раптам: «Набіраюць людзей у музей». Паўстаўкі мастака з далейшай перспектывай, праца навуковым супрацоўнікам, а з 2001 года – дырэктарам музея-сядзібы. Калі сябры зараз прапаноўваюць: «Паехалі ў Маскву, будзе ў цябе свая выставачная зала», адказвае: «Якая Масква?.. Я тут патрэбны».
Ён расказвае пра палацык, які не хоча яго адпускаць…
Пра феномен палацыка
«Пабудаваць такі палац у сярэдзіне XIX ст., ды яшчэ ў такім горадзе, як Пружаны, які выглядаў тады заштатным (хоць насамрэч і не быў такім) – гэта выклік грамадству і пануючай шэрасці. Выклік гаспадара Валенція Швыкоўскага, маршалка Пружанскага павета, які выбраў праект італьянскага архітэктара Францішка Ланцы. У той час усё будавалася панура. А тут – наватарскі праект з элементамі неарэнесансу, мадэрну. Культура такіх палацыкаў пайшла з Нямеччыны, але чамусьцi не затрымалася на архітэктурным «алiмпе». Швыкоўскi яе нiбы «ухапіў за хвост» і пабудаваў.
Гэта быў смелы крок насуперак культурнаму асяродку, і не толькі Пружанаў. Такое ўражанне, што горад не прымаў палацык. Ментальна. Так, ён удала спалучаецца з рэльефам і забудовай горада і застаўся такім, якім яго пабудаваў гаспадар: яго не бамбілі, не зносілі вежу… Але стаўленне заўсёды было дзіўнае.
Калі апошнія гаспадары Клейнміхелі з’ехалі, яны аддалі яго ў арэнду павятоваму стараству. Мы бачым на фотаздымках, што яго не даглядалі, проста эксплуатавалі. Увогуле, ставіліся як да «буржуазнай архітэктуры». Пасля вайны некалькі гадоў (1944 – 47) будынак стаяў без шыбаў, нехта часова жыў там. І гэтая сітуацыя з незразумелым выкарыстаннем будынка захоўвалася недзе да пачатку 60-х гадоў: інтэрнат агратэхнічнай школы, сталоўка… Дзіўна, бо «перліну Пружан» можна было выкарыстоўваць як аб’ект адукацыі, выхавання людзей прыгажосцю.
Дзесьці за пяць гадоў да развалу Савецкага Саюза ўладам прыйшла думка зрабіць там Дом піянераў. Калі ў 1989 годзе пачалася рэстаўрацыя, большая частка праектаў (размеркаванне пакояў, электрычнасць і г.д.) была зроблена менавіта пад піянерыю.
У 90-я гады на хвалі адраджэння мясцовая супольнасць адстаяла палацык для іншых мэтаў.
…І толькі зараз разумею: калі я прыйшоў у палацык, ён з уласцівай энергетыкай наклаў на мяне адказнасць працягваць гэтую справу. І сапраўды, усё, што мы там рабілі, было для горада, для людзей».

Пра Уладзіміра Арлова, «Рэха ДАХу» і пленэры
«У Палацыка адметная духоўная акустыка, энергетычны струмень унутры. Людзі, якія прыязджаюць, хочуць сюды вярнуцца.
У Палацыку заўсёды былі рады ўсіх сустракаць, там пастаянна ладзіліся творчыя сустрэчы. Мы падтрымлівалі цесныя сувязі з рэдакцыяй часопіса «Аrche». З задавальненнем адклікаўся на нашы запрашэнні і пісьменнік Уладзімір Арлоў.
Дзякуючы сяброўству са Зміцерам Назаравым («Зала чакання») быў некалькі разоў Зміцер Вайцюшкевіч, выступаў з акустыкай мегакруты беларускі гурт «Re1ikt». Падчас імпрэзы, прысвечанай Дню роднай мовы, спяваў у нас бард Андрэй Мельнікаў.
І, безумоўна, трэба ўзгадаць пра знакавае мерапрыемства – штогадовы фэст эксперыментальнага мастацтва «Рэха ДАХу», на які збіраліся творцы з усіх куткоў Беларусі. Мы яго ладзілі разам з арт-суполкай «Механёры культуры» на чале з мастакамі Алесем Родзіным і Зміцерам Юркевічам.
З 2015 года мы праводзілі пленэры. Я вельмі ўдзячны лёсу за знаёмства з цудоўнымі людзьмі з арт-суполкі «Абуджэнне» – прафесарам Акадэміі мастацтваў Яўгенам Шумейкам, вядомымі беларускімі мастакамі Андрэем Лычкоўскім, Фёдарам Ладуцькам, Васілём Грыневічам, Казімірам Кулешам і сям’ёй Стацэнкаў са Слоніма, Таццянай Зданевіч, Анатолем Маразюком… Яны прыехалі першы раз менавіта «на Жукоўскага»: пяць год таму, да юбілею мастака, у нас ладзілася выстава з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Мастакі прыехалі, зладзілі майстар-клас і адразу — пленэр на вуліцы. Палацык іх вельмі ўразіў.
Летась у анлайн-пленэры бралі ўдзел восем мастакоў. Цудоўная выстава атрымалася, толькі, на жаль, з-за каранавірусу ўрачыстае адкрыццё не праводзілі.
Пленэр – гэта падзея, і не толькі для горада, бо пленэраў, насамрэч, праводзіцца не так шмат у краіне. Уявіце толькі: мастак стаіць і малюе той будынак, міма якога ты, можа, тысячу разоў праходзіў і не звяртаў увагі. А мастак бачыць усё ў іншым колеры. Толькі дзякуючы яму ты разумееш: я ж жыву каля Белых радоў, гэта ж наша каштоўнасць!
З іншага боку, пленэр – гэта, даруйце, альтэрнатыўны варыянт папаўнення мастацкіх фондаў: некаторыя мастакі перадавалі нам увогуле ўсё, што паспелі намаляваць (за што ім сардэчная падзяка). Мастацтва заўсёды можна паказаць, і пераход на ступень пленэраў — важны музейны крок».
Пра рамонт
«Рэстаўрацыя ў 1989-98 гг. – гэта насамрэч не рэстаўрацыя, а я б сказаў (не хачу нікога пакрыўдзіць, але…) – неахайны рамонт: прыступкі лесвіцы былі пафарбаваны проста па плямах тынкоўкі, са сцен адвальваліся кавалкі, столь у трэшчынах, з праблемамі розных камунікацыяў «ваявалі» штогод.
У 2003 г. Палацык рамантавалі, але пераважна звонку. У будынку няма гідраізаляцыі. Цокальны паверх не выкарыстоўваецца, там толькі ў двух месцах ёсць скляпенне. Вільгаць разбурае тынкоўку, спробы скарыстаць розныя матэрыялы не далі належнага выніку. А каб зрабіць гідраізаляцыю будынка, патрэбны дзясяткі тысяч даляраў.
Палацык і цяпер у чаканні капітальнага рамонту. Дах апошні раз фарбавалі ў 1996 годзе. За чвэрць стагоддзя фарба паспела ўся аблезці. Знаёмыя часам прапаноўвалі зняць прэзентацыйны фільм з квадракоптэра. Але ж сорамна было…
Пяць гадоў таму было праведзена абследаванне будынка для рамонту: мы хацелі ўключыцца ў трансгранічны праект. На жаль, заяўка не прайшла, бо, як растлумачылі на афіцыйным узроўні, не былі выкананы некаторыя ўмовы: узніклі нечаканыя праблемы з праектна-каштарыснай дакументацыяй, экалагічнымі экспертызамі… Але ўласна я бачу прычыну ў іншым: праект праігнаравалі людзі, якія маглі дапамагчы. Атрымалася, што рэалізацыя праекта засталася патрэбнай толькі дырэктару музея.
Па-гаспадарску, думаю, сёння трэба штогод укладваць мінімум 10 тысяч даляраў толькі ў падтрыманне будынка. Не кажу ўжо пра іншае. Дарэчы, напрыканцы 2020 года музею нечакана было выдаткавана на рамонт 29 тыс. руб. астаткавых сродкаў з бюджэту. Сёння там робіцца рамонт выставачных залаў, лесвіцы, мяняецца асвятленне. Што цікава, мы знялі аварыйную столь на другім паверсе, а там — трухлявыя дошкі і саламяныя джуты XIX стагоддзя – вось вам, зноў жа, тая «рэстаўрацыя».

Пра шляхецкую сядзібу і вясковую хату
«У 1999 годзе музей-сядзіба «Пружанскі палацык» адкрыўся экспазіцыяй дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народнай творчасці Кітая. І гэта стала падзеяй. У нас можна было паглядзець у мікраскоп на парк, намаляваны на рысавым зярнятку. Дэманстраваліся творы кітайскіх мастакоў з асабістай калекцыі пасла Кітая ў Беларусі: акварэлі, кераміка, ліццё, камяні… У дзень да дзесяці экскурсій, сотні наведвальнікаў.
Потым адкрылі залу ікон (сёння іх – больш за 40), этнаграфічную залу… Дзеля апошняй ездзілі ў Лінова, дзе нам далі дазвол разабраць і перавезці хату 1923 года пабудовы. Вясковую хату склалі на другім паверсе. Спытаеце, ці ўдалае гэта спалучэнне: шляхецкая сядзіба і хата, вясковы побыт? На сённяшні дзень, вядома, спрэчнае пытанне, якое заслугоўвае ўвагі.
Зараз аснова экспазіцыі – «Шляхецкі побыт сядзібы XIX ст.»: Салон, Кветкавая зала, Зімовы сад, Паляўнічы кабінет. Гэта погляд мастака на экспазіцыю, бо фотаздымкаў інтэр’ераў сядзібы няма, вядома толькі колькасць люстраў, прадметаў мэблі. Затое зараз мы ведаем, як выглядаў Валенцій Швыкоўскі. Яго партрэт знайшлі ў далёкіх родзічаў Швыкоўскіх. Дарэчы, у бліжэйшых планах было адкрыццё экспазіцыі, прысвечанай вядомаму земляку Юзэфу Крашэўскаму і залы пра гаспадароў сядзібы.
Хачу заўважыць, што аса блівая цеплыня будынка «на падкорцы» адчуваецца і дзякуючы вялікай колькасці комінаў. Хаця ніводнай печы, на жаль, не захавалася. А калісьці яны былі ў кожным пакоі. Застаўся толькі адзін камін. Ёсць апісанне, што перад рэстаўрацыяй захавалася тры каміны ў здавальняючым стане: два чыгунных і адзін керамічны (які, дарэчы, я сам яшчэ памятаю). Але ж, «зарэстаўрыравалі»…
Пра Швыкоўскага-натураліста
«Цудоўнай агранкай палацыка былі аранжарэя і парк. Аранжарэя месцілася ў флігелі, паўднёвы схіл даху якога быў калісьці са шкла. Сябар гаспадара Міхаіл Федароўскі ў навуковым часопісе пісаў, што ў аранжарэі Швыкоўскіх раслі тысячы раслін, у тым ліку стогадовыя фікусы, пладаносілі цытрусавыя, персікі. Падобнай аранжарэі не мелі нават Радзівілы ў Нясвіжы.
Спадар Валенцій Швыкоўскі быў вядомым у рэгіёне наватарам, натуралістам і даследчыкам. Рэшткі некалі вялікага парка — два моцныя дубы перед будынкам, некалькі лістоўніц, ліпавая алея, клёны — яшчэ памятаюць цяпло рук першага гаспадара…
Адшліфаваць такую «перліну», як Палацык, і надаць ёй бляск – гэтая праца, вiдаць, яшчэ наперадзе».
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.