Інфармацыя пра невядомы раней помнік археалогіі з’явілася ў 2015 годзе. Адкрыццё можна назваць выпадковым – на месцы распрацоўкі пясчаных кар’ераў жыхар Іванава Юрый Селязнёў некалькі гадоў запар знаходзіў крамянёвыя рэчы. Краязнаўцу падалося, што на іх маюцца сляды апрацоўкі. Каб упэўніцца ў гэтым, ён звярнуўся да супрацоўнікаў сталічнага Інстытута гісторыі, а таксама да навукоўцаў з Пецярбурга. Усе яны пацвердзілі, што гэта сапраўды апрацаваныя рэчы. Беларускія археолагі накіраваліся на месца і зафіксавалі ўжо знойдзеныя знаходкі, а таксама зрабілі новыя. Сумневаў амаль не было – гэта прылады працы альбо іх фрагменты, якія створаны старажытнымі людзьмі. Пытанне было ў іх датаванні, а таксама ў падрыхтоўцы экспедыцыі для прафесійнага даследавання помніка.
– Яшчэ тады мы сумесна з геолагамі зрабілі першыя апісанні сценак разрэзаў кар’ера, якія дазволілі казаць пра датаванне знаходак, а ў 2022 годзе дайшла справа да археалагічнай экспедыцыі, – кажа Аляксандр Вашанаў. – Унікальнасць дадзенага аб’екта заключаецца ў тым, што гэта найбольш старажытны з усіх помнікаў археалогіі, выяўленых на тэрыторыі Беларусі. Да нядаўняга часу лічылася, што такімі з’яўляюцца стаянкі Бердыж і Юравічы на Гомельшчыне. Яны датаваны як 26-23 тысячы гадоў да новай эры, то бок эпохай Верхняга палеаліту. Былі таксама вядомыя асобныя выпадковыя знаходкі прылад працы, якія сягаюць у Сярэдні палеаліт (250-40 тысяч гадоў таму). Што датычыцца артэфактаў, знойдзеных ля Агова, то, па папярэдніх ацэнках геолагаў, ім можа быць каля 250 тысяч гадоў, а то і болей. Асаблівая каштоўнасць помніка яшчэ і ў тым, што тут мы маем справу не з адзінкавымі знаходкамі, а з цэлым комплексам – на сённяшні дзень колькасць выяўленых артэфактаў перавышае некалькі тысяч. Адзначу, што гэтыя рэчы знаходзіліся пад тоўшчай пяску, якая вагаецца ў розных месцах кар’ера ад 6 да 15 метраў.


Сёлетнія раскопкі праводзіла каманда супрацоўнікаў аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі ў другой палове жніўня. Акрамя мяне ў іх прымалі ўдзел супрацоўніца нашага аддзела Марыя Ткачова і некалькі валанцёраў з Мінска. Разам з намі працаваў і Юрый Селязнёў – той самы краязнаўца, які звярнуў увагу на гэты аб’ект і фактычна адкрыў яго. Мы заклалі два раскопы – на 10 і 3 квадратныя метры – і ў рэшце рэшт здолелі зафіксаваць непашкоджаны верх аднаго з культураўтвараючых гарызонтаў. Менавіта там былі выяўлены рэчы, якія дакладна звязаны з дзейнасцю чалавека – адшчэпы крэмню і абломачны крамянёвы матэрыял. Акрамя таго мы правялі паверхневыя зборы ўздоўж бартоў кар’ера, падчас якіх знайшлі адзін нуклеус, форму, якая нагадвае нарыхтоўку ручнога рубіла, адно скрэбла і крамянёвыя адшчэпы рознай ступені захаванасці.
– Якім чынам навукоўцы могуць датаваць такія знаходкі?
– Перш за ўсё мы карыстаемся метадамі, распрацаванымі ў геалогіі. Першапачатковыя даследаванні ў 2018 годзе тут праводзіліся пры ўдзеле геолага Аляксандра Матузка. Менавіта з яго дапамогай мы вызначыліся з тым, што нашы артэфакты знаходзяцца ў водна-ледавіковых адкладах дняпроўскага аледзянення. Тут трэба патлумачыць, што Палессе ў старажытнасці цалкам пакрывалася ледавіком аднойчы – гэта быў так званы дняпроўскі ледавік, адыход якога пачаўся каля 250 тысяч гадоў таму. Але трэба разумець, што ледавік – структура нетрывалая, здараліся перыяды пахаладання і пацяплення. Верагодна, менавіта тады, калі клімат рабіўся больш спрыяльным, людзі і прыйшлі сюды.


– Што далей будзе адбывацца з гэтым помнікам?
– У наступным годзе мы плануем зладзіць сумесную з геолагамі экспедыцыю, якая дазволіць больш дэталёва вывучыць напластаванні і датаваць іх. Важна разумець, што кар’ер, дзе былі зроблены знаходкі, зараз рэкультываваны – тэхніка змяніла яго ландшафт, сюды прывезлі дадатковы грунт для ўмацавання сценак кар’ера, а таксама ўрадлівую глебу, каб тут аднаўлялася расліннасць. Можна працягваць працу навукоўцаў. З аднаго боку, без кар’ера не было б магчымасці зрабіць важнае навуковае адкрыццё, з іншага – разам з пяском тэхніка вывозіла адсюль артэфакты. Таму неабходна надалей кантраляваць такія працы і на іншых такіх аб’ектах на поўдні Беларусі. Недалёка адсюль якраз пачалася распрацоўка новага кар’ера, мы ўжо сочым за працэсам і чакаем новых знаходак, якія пашыраць тэрыторыю ўнікальнага помніка археалогіі.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.