Сам фестываль будзе доўжыцца тры дні. 3 і 4 чэрвеня з 9 гадзін раніцы на вуліцы Савецкай і ў парку Жылібера разгорнецца выстава-кірмаш «Горад майстроў», у Культурным цэнтры «Фестывальны» (вул. Тэльмана, 4) будзе працаваць рэтраспектыўная фотавыстава «Фестываль адзінства». Далей падрабязнасці кожнага дня святкаванняў.
ПЯТНІЦА, 3 ЧЭРВЕНЯ
Асноўнымі святочнымі пляцоўкамі у гэты дзень будуць плошча Леніна і Савецкая плошча. На першай а 18-й гадзіне выступіць заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь народны эстрадна-сімфанічны аркестр «Nota Band» з праграмай «Мелодыі розных народаў». У 20:00 з плошчы Леніна да Савецкай плошчы накіруецца тэатралізаванае шэсце нацыянальна-культурных аб’яднанняў «Вянок нацыянальных культур». Там у 21:00 чакаецца афіцыйнае адкрыццё фестывалю, гала-канцэрт «Агонь адзінства», а ў 23:00 – феерверк.
На іншых пляцоўках таксама распачнуцца святочныя мерапрыемствы. Так, у выставачнай зале на вул. Ажэшка, 38, на працягу дня будзе працаваць выстава Саюза мастакоў «Гродна – дарог скрыжаванне», у Парку Жылібера разгорнецца мабільны комплекс Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны «Дарога памяці», а 15-й гадзіне там жа пройдзе цырымонія ўскладання кветак і вянкоў «Агонь памяці».
На вул. Ажэшка, 9, адкрыюць «Паштовы падворак». На вул. Замкавай, 12, у 12:30 адкрыецца пасля рэканструкцыі камяніца «Дом рыбака». У Лютэранскай царкве св. Іаана а 18-й гадзіне распачнецца канцэрт арганнай музыкі, а ў дворыку кінатэатра «Чырвоная зорка» на вул. Сацыялістычнай, 4, з 22:00 можна будзе паглядзець кіно пад адкрытым небам.
СУБОТА, 4 ЧЭРВЕНЯ
Самай насычанай у другі дзень фестывалю будзе праграма ў Парку Жылібера. Там з 10 гадзін пачнуцца канцэртныя праграмы ў выкананні розных творчых калектываў, а таксама адкрыюцца інтэрактыўныя пляцоўкі ад дзяржаўных установаў і грамадскіх арганізацый.
На плошчы Леніна а 12-й гадзіне адбудзецца адкрыццё другога дня фестывалю «Карагод адзінства», там на прыцягу дня будзе працаваць беларускі падворак, які прэзентуе некалькі канцэртных праграм. Іншыя нацыянальныя падворкі разгорнуцца на вуліцах: Ажэшка, Савецкая, Замкавая, Калючынская і Найдуса.
На Савецкай плошчы а 13-й гадзіне выступіць ансамбль «Песняры», пасля чаго там пройдзе свята творчасці, грацыі і прыгажосці. У 16:30 чакаецца ўрачыстая цырымонія закрыцця фестывалю, а ў 18:30 – канцэрт Аляксандра Саладухі.
Асобныя пляцоўкі ў гэты дзень будуць працаваць таксама на плошчы Тызенгаўза, у Доме-музеі Элізы Ажэшка, кінатэатры «Чырвоная зорка», Новым замку, на панарамнай пляцоўцы на вул. Дарвіна і іншых.
НЯДЗЕЛЯ, 5 ЧЭРВЕНЯ
Апошні фестывальны дзень збярэ гасцей на Аўгустоўскім канале (шлюз Дамброўка). Там а 13-й гадзіне распачнецца шэсце ўдзельнікаў фестывалю, пасля якога адбудзецца канцэрт калектываў Гродзенскай вобласці «Нацыянальны каларыт у фарбах адзінай краіны». На працягу дня на пляцоўцы адбудуцца фестываль рыбалоўства, «Бітва лесарубаў», майстар-класы па прыгатаванні страў беларускай кухні, шоу асілкаў. Завершыць дзень дыска-шоу ад кавер-бэнда «Ваяж», якое пачнецца а 18-й гадзіне.
У праграме магчымы змены, папярэджваюць арганізатары.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.