17 окт / 2019
17 окт / 2019
Подать рекламу
БРЕСТ
11°
БРЕСТ
11°

Кто есть кто

Латушко Павел Павлович

 

Генеральный директор Национального академического театра им. Янки Купалы (с 6 марта 2019), ранее - Чрезвычайный и Полномочный Посол Беларуси во Французской Республике, в 2009-2012 - министр культуры РБ.

 

Міністр культуры Павел Латушка – самы малады з кагорты беларускіх міністраў. З ім звязваюць надзею на росквіт сучаснай беларускай культуры. Адзін з нешматлікіх чыноўнікаў, хто размаўляе выключна па-беларуску.

Вам, як нікому іншаму, вядома, у якім стане сёння знаходзіцца родная мова. Што робіць Міністэрства культуры для таго, каб змяніць гэту прыкрую сітуацыю?

– У гэтай справе мы не можам дзейнічаць адны. Павінны быць сумесныя намаганні розных устаноў, якія звязаны з выхаваннем моладзі.

Я думаю, што сумесная праца Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры можа прынесці плён. Мне вельмі прыемна адзначыць, што новы міністр адукацыі Сяргей Маскевіч ужывае беларускую мову і, наколькі мне вядома, праводзіць на ёй пасяджэнні міністэрства. Старшыня Дзяржаўнага пагранкамітэта Ігар Рачкоўскі таксама публічна карыстаецца роднай мовай. Гэта з’яўляецца як бы працай «праз прыклад». Я вельмі цешуся, што сёння на пасяджэнні Брэсцкага абл-выканкама на разглядзе пытанняў па культуры ўсе без выключэння, у тым ліку і старшыня аблвыканкама, размаўлялі па-беларуску. Бо важна паказваць сваім уласным прыкладам, што беларуская мова вартая, каб на ёй размаўляць, што яна зразумелая ў Беларусі. І праз гэты прыклад людзі, кіраўнікі будуць карыстацца ёю. Зразумела, гэта справа не аднаго дня. Гэта справа нашай ментальнасці, нашай адукацыі, нашага стаўлення. Важна, па-першае, паважаць нашу мову, па-другое – разумець нашу мову, па-трэцяе – мець магчымасць размаўляць на ёй. І гэтую апошнюю ўмову трэба пашыраць. Каб больш і больш людзей на тваю беларускую мову адказвалі родным словам.

Некаторыя СМIІ распаўсюдзілі так званы «чорны спіс» музыкаў, выступленні і нават імёны якіх непажаданыя ў эфіры. Большасць выканаўцаў з гэтага спіса – беларускамоўныя. І нават у Брэсце ці не паводле гэтага спіса ўжо адменены канцэрт Змітра Вайцюшкевіча...

– Міністэрства культуры не мае такога спіса. І факты, пра якія вы гаворыце, мне не вядомы. Паўтараю: Міністэрства культуры не мае такога спіса.

Сёння ў нас шмат гавораць пра беларускае кіно. На нацыянальнай кінастудыі з’яўляюцца новыя цікавыя імёны, напрыклад, рэжысёр з Брэста Андрэй Кудзіненка. Але беларускія фільмы не прадаюцца...

– Праблема ў тым, што эканамічныя механізмы павінны кіраваць і ў такой галіне, як кінавытворчасць. Сістэма прадзюсіравання кіно існуе ва ўсіх краінах. Безумоўна, павінна захавацца і аўтарскае кіно, і нацыянальнае кіно, якое, як правіла, фінансуецца на 100 % дзяржавай. Але большасць стужак, што з’яўляюцца на еўрапейскім, амерыканскім або расійскім рынках, прадзюсіруюцца. Гэта значыць, што фінансавыя сродкі ўкладваюцца з разуменнем таго, як яны вернуцца. Мы ўжо распрацавалі адпаведны праект нарматыўнага акта і спадзяёмся, што ў бліжэйшы час ён будзе разгледжаны і ўзгоднены. Паводле гэтага дакумента ўводзіцца абмежаванне фінансавання з боку дзяржавы: не больш за 70 % бюджэту фільма. Такім чынам, рэшту грошай павінна шукаць прадзюсарская кампанія. Гэта створыць канкурэнцыю. Прэтэндаваць на дзяржаўныя сродкі змогуць не толькі нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», не толькі беларускі відэацэнтр, але і прыватныя прадзюсарскія кампаніі. Мы спадзяёмся, што ў выніку ў нашай краіне будзе развівацца рынак кінапракату, вырасце цікавасць да беларускіх стужак з боку нашых тэлеканалаў. Будуць пашырацца магчымасці сумесных праектаў з Расіяй, Польшчай, Германіяй.

Апошняе пытанне. Мне падаецца, што культура – гэта рэклама краіны...

– Гэта імідж краіны.

– Няхай будзе так. Але замежны турыст не едзе ў Беларусь. Як Вы лічыце, якім чынам можна прывабіць да нас турыстаў?

– Я думаю, тут таксама трэба весці сістэмную работу, накіраваную на развіццё турыстычнай галіны ўнутры краіны. Перш за ўсё, гэта створыць умовы для наведвання тых або іншых культурна-гістарычных аб’ектаў, па-другое, дасць развіццё інфраструктуры, у гэтым накірунку ўжо праводзіцца адпаведная праца. Трэцяе – гэта шырокая рэклама культурна-турыстычных магчымасцей па-за межамі Беларусі; стварэнне спрыяльных умоў для наведвання краіны замежнымі грамадзянамі – гэта чацвёртае. Калі запрацуюць названыя чатыры элементы, то колькасць наведвальнікаў гісторыка-культурных аб’ектаў павялічыцца. Але давайце спачатку будзем працаваць над унутраным турызмам. Нельга сказаць, што тут зрухаў няма – зрухі ёсць. Зразумела, мы б хацелі большых. Але вось вам жывы прыклад – адкрыццё Мірскага замка пасля рэстаўрацыі. За першыя два месяцы пасля аднаўлення комплексу даходы ад продажу білетаў павялічыліся ў шэсць разоў. Пры гэтым мы не лічым ускосныя даходы рэстаранаў, што кармілі турыстаў, транспартных кампаній, што іх перавозілі, тураператараў. Сёння мы маем намер за 6-7 гадоў аднавіць усе замкі Беларусі. Пасля гэтага, спадзяюся, аб’ём унутраных турыстычных паслуг узрасце, адначасова павялічыцца зацікаўленасць намі турыстаў з замежжа.

Дзякую за размову.