Памятае хто-небудзь, як на самым пачатку 90-х на агароджах i ў вiтрынах там-сям красавалiся плакаты «Беларуская мова – мова Эўропы» (менавiта так, з лiтарай «э»). На хвалi адраджэнцкага iмпэту слоган здаваўся слушным. Але па той бок Буга ён так i не перабраўся. Больш таго, сярод родных бульбянiшчаў белмова засталася не ў пашане. Але ж так яно амаль заусёды i было…
Можа, таму i нам трэба аддаваць данiну павагi дню (не святу!), што адзначаецца ў свеце 21 лютага штогод. Гэтa Мiжнародны дзень роднай, альбо матчынай мовы. Гэта адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й канферэнцыi ЮНЕСКА па прaпанове Бангладэш у 1999 годзе. Мае на мэце заахвочванне моўнай разнастайнасцi i шматмоўнай адукацыi, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных i культурных традыцый. Дзень святкавання быў абраны таму, што менавiта дваццаць першага лютага 1952 года загiнулi пять студэнтаў, якiя змагалiся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакiстане.
ЮНЕСКА мае намер стварыць сiстэму адсочвання стану моў, якiя знаходзяцца пад пагрозай знiкнення i, вядома, садзейнiчаць выпраўленню становiшча. Паводле ацэнак ЮНЕСКА, не менш як палова з шасцi тысяч моў свету знаходзяцца пад пагрозай знiкнення. Беларускай мовы ў тым сумным спiсе пакуль што няма, але адпаведная камiсiя Арганiзацыi аб’яднаных нацый лiчыць сучасны стан адной з дзяржаўных моў Беларусi далекiм ад iдэалу.
У гэты дзень, пачынаючы з 2000 года, праводзяцца масавыя дыктоукi, iншыя культурна-асветнiцкiя мерапрыемствы. У тым лiку i ў Беларусi. Але зразумела: разавыя акцыi зусiм не тое, што паўсядзённае ўжыванне роднай мовы i да таго ж не «па прыколу», але таму, што душа патрабуе. У тыя ж дзевяностыя гады аўтар дыскутаваў з лiтаратарам пiнскiх каранёў Анатолем Сiдарэвiчам пра будучыню беларускай культуры. Спадар Сiдарэвiч быў упэунены – пасля сканчэння камунiстычнага кантролю расквiтнее мова нiбы першацвет. Я меркаваў трохi iнакш – спачатку трэба наталiць першасные патрэбы насельнiцтва. Потым у свабодную часiну чалавек i насамрэч можа зацiкавiцца ўласнымi нацыянальнымi каранямi. Вiдаць, памылялiся i ён, i я. Чалавечыя зносiны асаблiва сёння падпарадкоўваюцца прагматычным разлiкам. Для iх трэба валодаць хоць крышачку шмат якiмi мовамi. Акрамя, прабачце, беларускай.
Выбiтны, еурапейскага маштабу таленту беларускi паэт Алесь Разанаў, што скончыў калiсь Брэсцкi педагагiчны iнстытут iмя (чамусьцi) А. С. Пушкiна, напiсаў так:
Час –
калi адна мэта
слухаецца другую.
Бясчассе –
калi замiнае
кожная кожнай.
Iван АРЛОЎ
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.