На канале «Беларусь 3» ужо даўно выходзіць тэлевіктарына «Размаўляем па-беларуску», у якой могуць паўдзельнічаць усе знаўцы роднага слова. У гэтым годзе ў праграме ўпершыню ўдзельнічалі прадстаўнікі нашай вобласці. Запіс ужо адбыўся, ўбачыць землякоў можна будзе на канале «Беларусь 3» 9 студзеня 2016 года.
За лепшае веданне роднай мовы змагаліся каманда «Партызаны» з Мінска і каманда «Пінская шляхта», у склад якой увайшлі Галіна Стаскевіч з Івацэвічаў, пінчанкі Святлана Шаламіцкая і Алена Дземідзенка (дарэчы, Алена нарадзілася ў Століне). Іх аб’ядноўвае яшчэ юначае сяброўства з часоў вучобы ў Пінскім педвучылішчы, а потым на завочным аддзяленні Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна.
Цяпер Алена Рыгораўна працуе настаўніцай пачатковых класаў сярэдняй школы № 10 Пінска, Галіна Адамаўна — дырэктар вылічальнага цэнтра аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама, па сумяшчальніцтву — настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 3 г. Івацэвічы, Святлана ж пасля некалькіх гадоў педагагічнага шляху працуе ў сферы аптовага гандлю.
Ідэя паўдзельнічаць у перадачы прыйшла Галіне Стаскевіч. Менавіта яна адправіла заяўку на ўдзел у праграме, што называецца, падбіла сябровак на такую прыгоду. Неяк адразу прыдумалася і назва «Пінская шляхта», а капітанам абралі Святлану Шаламіцкую, дарэчы, пастаянную падпісчыцу «Вячоркі».
— Першая гульня з нашым удзелам запісвалася яшчэ летам у Гомелі, — расказвае Святлана. — Мы нават рыхтаваліся. Напрыклад, Галіна выпісала многа рэдкаўжывальных слоў, мы разбіралі іх значэнне. Едучы ў Гомель, размаўлялі выключна па-беларуску, чым нямала здзівілі пасажыраў. Многія падумалі, што мы правяраючыя ад адукацыі.
Супраць «Пінскай шляхты» тады гуляла каманда маладых настаўнікаў з Гомельскай вобласці «Леаніды». І хоць хлопцы дасканала валодалі роднай мовай, нашы «шляхцянкі» былі мацнейшымі. Нягледзячы на тое, што ім трапіўся фразеалагізм «запраўляць арапа», з якім сяброўкі ніколі не сустракаліся. Але інтуітыўна правільны адказ быў знойздены.
— Прыемна , што праграму «Размаўляем па-беларуску» народ глядзіць, — працягвае гутарку Святлана Шаламіцкая. — Пасля выхаду перадачы ў эфір, а адбылося гэта на пачатку восені, нас сталі пазнаваць на вуліцы. Нядаўна ўступіла бабулі месца ў автобусе і пачула ад яе: «Дзякуй, дачка. Нездарма цябе па тэлебачанні паказваюць». Аўтарытэт маіх сябровак у вачах калег і вучняў таксама вырас.
«Пінская шляхта» набрала патрэбную колькасць балаў, таму і была запрошана на запіс каляднага выпуска праграмы. Іх папярэдзілі, што гуляць прыйдзецца з самай моцнай мужчынскай камандай 2015 года, ды яшчэ з назвай «Партызаны», так што перад запісам другой перадачы хваляваліся больш, чым першы раз. У апошні момант у камандзе мінчан адбыліся змены, і за гульнявым сталом аказаліся два «партызаны» і «партызанка». Рэзультат гутаркі па-беларуску пінчанак з «партызанамі» паглядзім ужо у новым годзе 9 студзеня на канале «Беларусь 3».
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.