13 красавіка ў «Пружанскім палацыку» іх правядуць выкладчыкі з Брэста Іна Хоміч і Максім Хлябец.
Гэта нефармальныя і бясплатныя курсы беларускай мовы для дарослых, папулярныя не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі. Наведвальнікі задаволеныя нестандартным падыходам, нязмушанасцю і цудоўнай атмасферай, хутчэй характэрнай для сяброўскай сустрэчы. На «Мове Нанова» можна «падцягнуць» граматнасць і ўзбагаціць тэматычны слоўнік, пагуляць у квіз і паслухаць добрую музыку, абмяняцца навінамі. Часта заняткі наведваюць вядомыя ў беларускамоўным асяроддзі госці. У Брэсце, напрыклад, апошнім часам пабывалі пісьменнікі Уладзімір Арлоў і Міхась Скобла, мастак Павел Татарнікаў і інш. Менавіта ў Брэсце «Мова Нанова» пачалася ў 2014 годзе. Дзякуючы папулярнасці і запатрабаванасці курсаў з’явілася ідэя зацікавіць і жыхароў маленькіх гарадоў, неабыякавых да беларускай мовы і культуры. Першыя з выязных заняткаў «Мова Нанова» пройдуць менавіта ў Пружанах. Пажаданая аўдыторыя — дарослыя, пачынаючы со старэйшага школьнага ўзросту. Пачатак а 18-й гадзіне. Уваход свабодны.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.