22 сен / 2018
22 сен / 2018
БРЕСТ
14°
16°
БРЕСТ
14°
16°
БРЕСТ
14°
16°
Група NaviBand: «Пацалунак без рэпетыцыі – самы авантурны ўчынак»

09 января 2018

16 лютага ў Брэсце, у абласным грамадска-культурным цэнтры, упершыню з вялікім сольным канцэртам выступіць група NaviBand. Фіналісты «Еўрабачання-2017» напярэдадні Новага года выпусцілі новы альбом «Адной дарогай»: чацвёрты па ліку і другі - поўнасцю на беларускай мове.

Новости Бреста

Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка аднолькава арганічныя на канцэрце ў андэграўндным клубе, тэлевізійным праекце і на рок-фестывалі. Новы кліп на песню «А дзе жывеш ты?» з гэтага альбома вельмі лёгкі, шчыры і натуральны. «Прыходзьце на канцэрт - і пераканаецеся, што мы ўмеем не толькі ўсміхацца і дарыць пазітыў», - кажуць Ксюша і Арцём. Аб чым яшчэ музыканты расказалі «Вячорцы» напярэдадні прэзентацыі новага альбома ў нашым горадзе (дарэчы, квіткі ўжо ў продажы)?

Нечакана: гэтыя песні ствараліся на хутары, у 300 кіламетрах ад Мінска, адразу пасля «Еўрабачання». Такі быў прыліў натхнення пасля конкурсу?

- Так, мы паехалі на хутар пасля конкурсу. Для нас было важна захаваць атмасферу яднання і напісання новых песень. Таму пасля конкурсу на тыдзень з'ехаліся групай, працавалі і атрымлівалі задавальненне ад таго, што адбываецца. Гэта было цудоўна. Музыку да 9 песень напісалі мы самі, аранжыроўку рабілі разам, групай. Саунд-прадзюсар нашага альбома - Аляксандр Табольскі, гукарэжысёр - Андрэй Баброўка, які працуе з групамі «Brutto» і «Ляпіс-98».

Чый гэта хутар? І як ладзілі быт?

- Гэта хутар нашага сябра. Мы хацелі пабыць без людзей і без тлуму - толькі побач з прыродай. Гатавалі ежу на вогнішчы, спалі на вуліцы. Апроч рэпетыцый проста хадзілі па палях і лясах.

...А ці маглі б вы жыць у вёсцы, як некаторыя маладыя людзі з творчага асяроддзя, Дзмітрый Карась, напрыклад?

- Мы - асобы найперш сацыяльныя, і нам трэба быць у горадзе, быць мабільнымі, таму пакуль што мы не можам уявіць сабе, як будзем жыць у вёсцы.

А я пакрысе ўяўляю, - дадае Арцём. - Я хацеў бы жыць усё ж такі ў доме за горадам.

Якую нерухомасць маеце самі - кватэру, дачу, хутар?

- У нас яшчэ ўсё наперадзе. (Усміхаюцца.)

У кліпе на песню «А дзе жывеш ты?» прачытваецца жыццёвая філасофія датчан - хюгге. Здаецца, вам блізкае гэтае радаснае светаўспрыманне: фізічная актыўнасць, смачная ежа, кола сяброў, дамашняя ўтульнасць, натуральныя тканіны, прырода...

- Так, нам гэта блізка, - адказвае Арцём. - Вы пералічылі тое, што для нас сапраўды важна. Любім, напрыклад, смачна паесці. І калі знаходзімся ў розных краінах, любім паспытаць нацыянальную страву - самую яскравую, якая ёсць. Я вельмі люблю прыязджаць да сваёй бабулі, яна вельмі добра гатуе. І Ксенія таксама добра гатуе. І натуральныя тканіны, прырода - гэта сапраўды тое, што нас натхняе. Калі ёсць жаданне і магчымасць (а жаданне ёсць заўсёды), стараемся паехаць за горад.

Як не спытацца: у маладой сям'і сапраўды чакаецца прыбаўленне? Заінтрыгавалі ж. Кліп на песню «А дзе жывеш ты?» вы назвалі пачаткам новай гісторыі: не толькі творчай, але і сямейнай. І Арцём у фінале робіць красамоўны жэст - гладзіць жонку па жываце...

- Так, мы чакаем прыбаўленне, - гаворыць Ксюша. І дадае: - Гэты маленькі чалавечак дзе толькі не пабываў з намі на гастролях! Я прыслухоўваюся да незвычайных адчуванняў: быццам знаходжуся ў космасе. Усе думкі аб гэтым. Асабліва калі слухаеш песню, і дзіця напамінае пра сябе знутры, як быццам хоча паказаць, што яму падабаецца. Мне здаецца, ён ужо ведае, калі я пяю.

Пра ваша вяселле - калі і як згулялі, здаецца, ніхто не ведае. Інтрыга застаецца?

- У нас вяселле было 5 верасня 2014 года. Мы сабралі чалавек 30-40 самых блізкіх людзей. Атрымалася вельмі крута. Не было ніякіх запрошаных музыкантаў, спявалі самі: гэта быў вельмі эмацыянальны момант, наш падарунак і падзяка тым, хто сабраўся.

Новости Бреста

Як бы вы ацанілі свой вопыт на «Еўрабачанні» зараз, калі прайшло ўжо колькі часу?

- Гэта цікавы і вельмі важны вопыт для любога артыста. А такой падтрымкі ад людзей нават не чакалі. Вядома, праца каласальная: паўгода ты практычна не належыш сабе - толькі конкурсу. Але, калі ты трапіў туды, трэба аддаваць усяго сябе. Мы так і рабілі. Мы былі шчырымі на сцэне. Лічым, зрабілі ўсё, што ў нашых сілах.

Чаму ўсё ж рашыліся праспяваць на беларускай мове?

- Для нас важна, што гэта наша культура і наша мова. Зараз беларуская мова, згодна з ЮНЕСКА, знаходзіцца ў групе ўразлівых моў. Для нас важна было паказаць на такой пляцоўцы, што наша мова жывая, і яна павінна жыць далей.

Хто з вас дваіх лепш ведае сваю мову?

- Мае бацькі вучыліся ў педагагічным універсітэце, удзельнічалі ў тэатральнай трупе «Жывое слова» ўніверсітэта, бацькі заўсёды бралі мяне з сабой, там і пазнаёмілася з беларускай песняй, - гаворыць Ксюша. - Арцём удакладніў маё веданне мовы. Ён памагае мне, калі я сама пішу песні па-беларуску. Яго таксама можна лічыць маім настаўнікам.

Кліп з Coca Cola - больш чым проста рэклама прадукту. Будзеце яшчэ ўдзельнічаць у рэкламных праектах?

- Калі будуць добрыя прапановы. З Cocа Cola мы змаглі дамовіцца ў творчым плане: зрабіць песню ў сваім стылі і менавіта на беларускай мове.

Якія гастролі адбудуцца ў бліжэйшы час?

- Наперадзе ў нас тур па гарадах Беларусі з прэзентацыяй новага альбома (у Берасці мы таксама будзем), канцэрты ў Кіеве і Львове і, магчыма, у Маскве.

Чым, па-вашаму, Брэст адрозніваецца ад іншых беларускіх гарадоў?

- Раней гэта быў для нас пераважна такі перавалачны пункт, калі мы ездзілі ў Польшчу (можна сустрэцца з сябрамі). У нас было некалькі цудоўных выступленняў, у бары «Карова», напрыклад. Крута, што ў Берасці адкрываюцца такія месцы, куды можна прыйсці і адчуць сябе ў цэнтры Еўропы, гэта сапраўды так... Шчаслівыя, што мы прыедзем у горад і будзем граць не менш за дзве гадзіны.

Узгадайце самыя неверагодныя выпадкі, якія з вамі адбыліся ў мінулым годзе.

- У мінулым годзе іх было так шмат! Самы фантастычны - гэта авантурнае рашэнне: пацалавацца ў фінале «Еўрабачання» без рэпетыцый.

Новы год у прыхільнікаў дацкай філасофіі «маленькіх радасцей» ці папросту ў жыццярадасных Ксюшы і Арцёма: які ён?

- У нас ёсць традыцыя: кожны год едзем у якую-небудзь краіну, у іншы горад. Так будзе пяты год запар. У гэты раз выбралі Адэсу.

Што вы самі сабе пажадалі б у новым годзе?

- Хацелася б, каб новы год быў не менш насычаным і плённым, чым 2017-ы. Зробім усё, каб у нас не было ні дня перадыху. Жыхарам Брэста таксама пажадаем рухацца наперад, ніколі не спыняцца. Не толькі ездзіць на закупы ў Польшчу, а часцей гуляць па любімых мясцінах. Памяняць універсал (у каго ён ёсць) ці іншую нерухомасць на красовер. (Смяюцца.)

Дзякуй. І да сустрэчы на канцэрце!


2316
0
Меня это радует (50%)
Мне все равно (0%)
Мне это интересно (0%)
Меня это злит (50%)

Отзывы отсутвуют. Вы можете первым оставить свой комментарий.
Принципиальный композитор, автор знаменитых песен «Малиновка», «Потолок...
611
Классические гитары, скрипки, арфы, гусли, колесные лиры, контрабасы, балалайки,...
1412
Дань памяти одному из символов советской и российской эстрады, ушедшему из жизни 30...
2429
Лето - время ярких и необычных приключений. LIDBEER предлагает белорусам отправиться в...
2564
usd 2.07 2.1
eur 2.44 2.47
rur 3.09 3.15
+выбрать лучший курс
Авторизация
E-mail:
Пароль:
Заказать звонок
Ваше имя:
Телефон:
Удобное время для звонка:
Отправить