У малой зале абласнога грамадска-культурнага цэнтра берасцейцы пазнаёміліся са старадаўнімі каравайнымі традыцыямі і паспрабавалі народных прысмакаў. 22 лістапада тут «давалі гастролі» пінчукі. «Чабатухі», «Дударыхі», «Грымата», «Церабяначкі» прыехалі з аддаленых вёсак. 70-гадовыя «з гакам» жанчынкі танчылі і спявалі. Найбольшую цікавасць яны выклікалі ў студэнтаў з… Кітая і Бангладэш.
«Грымата» дала сёлета 30 канцэртаў у вёсачках і магазінах
Бадзёрае выступленне палешукоў стала працягам этнаграфічных канцэртаў цыкла «Рух зямлі». Восень – пара збору ўраджаю і час вяселляў. Бо наперадзе Піліпаўскі пост. Замес галоўнага атрыбута вяселля – караваю — і «ўбіранне» яго маюць на Палессі надзвычай цікавыя традыцыі. Яны і былі прадэманстраваны. Асабліва бліснулі тут талентам і самабытнасцю валішчанцы (гурт «Дударыхі»).
Як расказала кіраўнік народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Чабатухі» Сташанскага СДФ Венера Папіціч, спявалі таксама песні ад матуль і бабуль. А ўвогуле шмат выступаюць па Беларусі, Польшчы, былі ў Літве і Расіі. І паўсюль чулі толькі апладысменты. А іх вясельны абрад «Скокі на лаўках» нікога не пакідае раўнадушным, дзе б ні былі. Летам «Чабатухам» споўнілася 60 год! Амаль 30 гадоў калектыў носіць званне народнага.
А вось фальклорнаму калектыву «Церабяначкі» толькі тры гады. Паводле слоў кіраўніка Еўдакіі Пташыц, удзельнікі аб’ядналіся ў невялічкай вёсачцы Церабень, каб разам бавіць час. У названым населеным пункце ўжо няма ні клуба, ні школы. Але бабулі сумаваць не збіраюцца, хоць ім ад 75 гадоў «усяго» (так яны кажуць).
Арганiзатары падзякавалі гасцям за незабыўны вечар, а гледачы папрасілі на «біс» упадабаны танец «Хената» з «палескіх балот»… З 28 лiстапада ў праваслаўных вернiкаў пачаўся Пiлiпаўскi пост.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.