Дзяніс Марціновіч па адукацыі гісторык, але кніжны дэбют яго месціцца на мяжы гісторыі і літаратуразнаўства. Нічога дзіўнага – працуе ў штотыднёвіку «ЛІМ», сын вядомага беларускага крытыка Алеся Марціновіча. Малады даследчык выбраў для першай кніжкі, так бы мовіць, бяспройгрышную асобу: легенда, інтэлектуальны сімвал Беларусі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Вядома, назву, на мой погляд, не ўхваліў бы і сам герой кніжкі. Караткевіч не быў анёлам і манахам, але і калекцыянерам спадніц яго таксама не назавеш. Умеў радавацца жыццю, і не сказаць, каб цураўся жыццёвых радасцяў, толькі ўсё ж стаўленне да жанчыны ў Караткевіча было шляхетнае. Прычым з тэксту кніжкі яно так і вынікае, ну і аўтар далікатна бярэ спіс у двукоссе.
Даследчык вывучыў шмат архіўных матэрыялаў, тое-сёе мае быць змешчана ў новым 25-томным зборы твораў Караткевіча. Такім чынам спіс склаўся з дзесяці асоб. Чатыры з іх належаць юнацкаму перыяду і студэнцтву Караткевіча. Геаграфічна гэта Орша ды Кіеў – як вядома, Уладзімір Сямёнавіч скончыў гістарычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Адну з першых дам сэрца таго перыяду, сведчаць дзённікі і ўспаміны сяброў і сучаснікаў, Караткевіч апісаў у адной з першых сваіх аповесцяў – «Чазенія».
Цікава, што найбольшы спіс жанчын прыходзіцца на невялічкі перыяд жыцця пісьменніка. Масква, Вышэйшыя літаратурныя курсы – два-тры гады навучання. А жанчын, між тым, пяць. Але ў літаратуры адбілася толькі адна асоба – гераіня з рамана «Нельга забыць», больш удалую назву якому даў калісь сам аўтар – «Леаніды не вернуцца да зямлі».
Ну і, вядома, самыя пранікнёныя радкі прысвечаныя жонцы пісьменніка Валянціне, з якой ён пазнаёміўся ў Брэсце. Дзесяць год, што аказаліся падораны ім лёсам, Валянціна была для пісьменніка, як успамінае Мікола Чарняўскі, і жонкай, і сябрам, і медсястрой. Але памерла ў 1983 годзе. Праз год не стала і самога Караткевіча.
Акрамя працы пра «спіс» у кніжку ўваходзяць колькі артыкулаў пра стан гістарычнай і біяграфічнай беларускай прозы. Цікавасць у прыхільнікаў творчасці Караткевіча выклікае артыкул пра працяг рамана «Каласы пад сярпом тваім». Вядома, што аўтар меў намер напісаць трэцюю і чацвёртую часткі, дзе апавядалася б непасрэдна пра паўстанне Каліноўскага. Але не ўдалося пакуль што знайсці якіх-небудзь чарнавікоў. Ёсць версія, што рукапіс быў страчаны ў 1982 годзе. Тады ўлетку Караткевіч з жонкай адпачывалі ў Сімферопалі, а ў гэты час іх мінскую кватэру абрабавалі невядомыя злачынцы. Жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча чакаюць свайго стараннага даследчыка. Напрыклад, такога, якім стаў для Васіля Быкава Сяргей Шапран.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.