Аматары беларускага слова атрымаюць асалоду ад яшчэ адной сустрэчы з творчасцю паэта, якога справядліва лічаць асобай неардынарнай і загадкавай. Ён быў абсалютна шчыры суразмоўца («Які я ёсць у жыцці, такі я і ў паэзіі»). І кніга «Кругабег», назву якой даў ён сам, адпавядае яго прынцыпу: кожны наступны зборнік павінен пераўзыходзіць папярэдні па мастацкіх якасцях, інакш няма чаго аддаваць яго ў выдавецтва.
Каб кніга паэта-інтэлектуала пабачыла свет, рупіліся яго родныя і землякі. Фінансавую падтрымку выданню аказалі ПМК-19 і ПМК-10 (г. Жабінка), раённая сельгастэхніка, фермерская гаспадарка «Улас», Брэсцкае абласное і Жабінкаўскае раённае аддзяленні Фонду міру.
Замовіць кнігу можна па тэлефоне: 8029 525 79 29
Змешчаныя ў ёй вершы хочацца перабіраць, як чоткі, і смакаваць па глытку, як добрую каву:
Матуля! Холадна душы.
Не ноч за вокнамі, а пустка.
Ты зорных крошак пакрышы
ў густую цемру белым птушкам.
Матуля, холадна мне спаць.
Сваё асенняе вяртанне
я зноўку змушаны аддаць
на смутак, роздум і літанне.
Матуля! Холадна жыву,
хоць вершы — пра цяпло складаю.
Ці шмат шчаслівых мною?.. Вунь
пісаць табе нат забываю.
Матуля, золак настае,
а немачы ніяк не здужаць.
Не птушкі белыя мае —
халодны пух над хатай кружыць.
Матуля, чым і як, скажы,
мне птушак адкупіць у неба?
Ты ж ведаеш, як трэба жыць,
а я ўсяго — як жыць не трэба.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.