27 лістапада вёска Лунін Лунінецкага раёна зноў вітала ўдзельнікаў абласнога свята майстроў слова. Пачалося яно з ускладання кветак да мемарыяльнай дошкі Мікалаю Елянеўскаму, выдатнаму пісьменніку, ураджэнцу Луніна, аўтару шматлікіх публікацый і кніг.
Фестываль увабраў у сябе таксама літаратурныя чытанні, мітынг-літмантаж ля помніка Якубу Коласу ў Лунінцы, кніжную выставу-продаж у гарадскім Доме культуры, дзе і адбылася ўрачыстая штогадовая цырымонія ўручэння літаратурных узнагарод.
Гэтым разам дыпломы лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка і адпаведныя грашовыя прэміі з рук віцэ-губернатара Леаніда Цупрыка атрымалі: Анатоль Шушко з Пінска за зборнік паэзіі «Шаны», Анатоль Брытун з Брэста за прозу «Пах мускусу», а таксама Уладзімір Сітуха (на жаль, пасмяротна, таму ўзнагароду атрымлівала ўдава Тамара Аляксандраўна з дачкой Алёнай) — за кнігу казак для дзяцей «Пра арэхі, сома і бабра». Гэтак жа ўрачыста былі ўручаны дзіцяча-юнацкія дыпломы маладым таленавітым паэтам і празаікам з розных куткоў Берасцейшчыны.
Дзмітрый ПАЙ
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.