Наш сённяшні суразмоўца — вядомы дзяржаўны дзеяч, дыпламат, пісьменнік, перакладчык, крытык Анатоль Бутэвіч. Апошні час Анатоль Іванавіч адышоў ад дзяржаўнай і дыпламатычнай работы, заняўся грамадскімі справамі. Сёння ён абараняе помнікі гісторыі і культуры як член Беларускай рэспубліканскай навукова—метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрствекультуры Рэспублікі Беларусь,піша кнігі па гісторыі роднага краю.
Ён родам з хутара Язавец Нясвіжскага раёна. Як кажа сам, па сусветных мерках Нясвіжчына — усяго толькі невялічкая кропка на карце. Але якая! Нясвіж, Радзівілы, сотні іншых улюбёных у сваю зямлю людзей. Не пра ўсіх яшчэ паспелі расказаць, раскрыць іхнія дзеянні, адгадаць загадкі гісторыі. Значыць, працы хопіць на дзесяцігоддзі. Мо таму і А. Бутэвіч так актыўна далучаецца да гэтай справы сваёй пісьменніцкай дзейнасцю.
«Мяне па жыцці вялі лёс і сустрэчы з добрымі людзьмі»
Мы ўсе дзеці да той пары, пакуль мама і тата называюць нас «сынок» або «дачушка». Але надыходзіць час, калі няма каму сказаць гэтыя словы, і мы становімся дарослымі, адказнымі за свой род. Высокая адказнасць, скажу я вам.
Родам я з хутара, на якім не было ні радыё, ні электрычнасці, ні тэлебачання. Газеты таксама не прыходзілі. Але першыя кнігі я прачытаў менавіта там.
Я заканчваў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, аддзяленне беларускай мовы і літаратуры. На нашым курсе вучыліся дачка Івана Шамякіна, дачка Пімена Панчанкі, дачка Уладзіміра Карпава, дачка Міхася Калачынскага, Алесь Разанаў, Яўгенія Янішчыц, Лена Руцкая, Яўген Хвалей, Віктар Ярац…
Пасля навучання ва ўніверсітэце працаваў рэдактарам у БелТА, адказваў за прэсу ў ЦК камсамола, працаваў намеснікам рэдактара газеты «Чырвоная змена», быў дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», працаваў у сектары мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ, потым быў міністрам інфармацыі, міністрам культуры і друку, далей — пасада Генеральнага консула Беларусі ў Гданьску, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Румыніі.
Дзякуючы рабоце ў партыйным апараце пазнаёміўся з многімі беларускімі пісьменнікамі — Васілём Быкавым, Іванам Шамякіным, Піменам Панчанкам, Максімам Танкам, Янкам Брылём — усіх не пералічыць…
Мяне па жыцці заўсёды вялі лёс і сустрэчы з добрымі людзьмі. Гэтыя людзі заўважалі нейкія задаткі, якія ў мяне былі. Я ўдзячны ўсім гэтым людзям, яны зрабілі з Бутэвіча Бутэвіча. Не было б іх, і не быў бы я тым, кім ёсць.
Шануйце добрых людзей — і будзеце такімі ж шанаванымі: рабіце людзям тое, што б вы хацелі, каб яны рабілі вам.
«Беларусы раўнавартыя сярод іншых»
Давайце не будзем цешыць сябе ілюзіямі, быццам сёння за мяжой усе добра ведаюць нашу Беларусь. Калі я, будучы паслом у Румыніі, пачынаў расказваць пра Ігната Дамейку, напрыклад, то мне казалі: «Прабачце, пры чым нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка да вашай Беларусі?» А я казаў: «Вельмі проста, Ігнат Дамейка нарадзіўся на нашай зямлі. Так, ён з’яўляецца нацыянальным героем Чылі, у ягоны гонар названы горад, заліў, але ж ён беларус».
І тады я зразумеў, што мы, беларусы, — нацыя донараў, як ні дзіўна гэта можа гучаць. А донары — гэта, як вядома, здаровыя людзі. Ад хворага чалавека орган не возьмеш. А калі так, то нацыя беларусаў-донараў — гэта здаровая нацыя.
Калі я пачаў сам так разважаць, мне захацелася, каб са мной разам разважалі і спрачаліся тыя, з кім я буду кантактаваць. У нас былі сотні людзей, якія апынуліся ў іншых землях і зрабілі для іх шмат карыснага, сталі адкрывальнікамі ў розных сферах. Можна было б згадаць першага расійскага консула ў Японіі Іосіфа Гашкевіча, вынаходніка падводнай лодкі Казіміра Чарноўскага, Канстанціна Семяновіча, які распрацоўваў праект ракеты, і яшчэ дзясяткі, сотні прозвішчаў.
Сёння не стаіць пытанне: аддайце іх нам, мы павінны проста самі зразумець, што на нашай зямлі нарадзіліся многія выдатныя асобы, якія шмат карыснага зрабілі для іншых народаў і краін. І жыхары тых краін павінны таксама ведаць, што гэтыя людзі паходзілі з нашай зямлі. Тады будзе тая раўнавага, той парытэт, які засведчыць: так, нашы землякі зрабілі нямала карыснага і для беларускай зямлі, і для тых зямель, дзе яны працавалі.
Але з гэтага не вынікае, што беларуская нацыя вышэйшая за іншыя. Гісторыя сведчыць, што беларусы раўнавартыя сярод іншых, яны мелі такія ж гістарычныя дасягненні, як і іншыя еўрапейскія народы. А роўнаму заўсёды прасцей размаўляць і кантактаваць з роўным.
«Навошта падганяць гісторыю пад нейкую мэту?»
І вось калі я вярнуўся з Румыніі, мне захацелася ўвасобіць хоць крышку нашай мінуўшчыны ў серыю кніг «7 цудаў Беларусі». Выйшла шэсць такіх кніжак. Я хацеў адшукаць невядомае нават у вядомым, заклікаць чытача здзіўляцца тым падзеям, фактам, з’явам, якія адбываліся ў кожным куточку нашай зямлі, шанаваць іх і ганарыцца імі. Нашымі гістарычнымі помнікамі, нашымі выдатнымі асобамі, нашай здольнасцю жыць годна і дастойна ў сусветным людскім хаўрусе.
Мне хацелася зацікавіць чытача і незвычайнымі прыроднымі з’явамі нашай зямлі. Напрыклад, возера Нарач. Вугры, якія водзяцца там, плывуць на нераст ажно ў Саргасава мора, за тысячы кіламетраў. Плывуць нават не па рэках, якія не выцякаюць з Нарачы, «плывуць» па начной роснай траве, але дабіраюцца да сваёй сапраўднай радзімы. Там нараджаюць дзетак, якія пасля вяртаюцца такім жа шляхам у Нарач. Хіба гэта не прыклад сапраўднай прывязанасці да роднага?
А тэма кахання? Гэта бяздонная тэма ў нашай гісторыі. І дагэтуль мала кранутая. Напрыклад, Кейстут, ягоная жонка-язычніца Бірута і іхні сын Вітаўт. Пакахаў князь жрыцу-вайдэлотку, якой не толькі замуж нельга было ісці, а нават з капішча адлучацца надоўга не можна — вечны агонь Зніч, які яна аберагае, патухне. Але хіба для князя могуць быць перашкоды? Загадаў — і ўкралі Біруту, стала яна жонкай Кейстута. А хіба менш прыгод у каханні меў іхні сын Вітаўт, ягоная дачка Соф’я? Дык гэта ж толькі адно сямейства. А колькі незвычайных і загадкавых каханняў схавана за наміткай беларускай гісторыі!
Ёсць «цёмныя» старонкі і ў біяграфіях вядомых людзей. Напрыклад, кароль польскі Ягайла, рэзідэнцыя якога як вялікага князя літоўскага знаходзілася ў Крэве. Калі ў Брэсце рыхтавалі помнік 1000-годдзя, сярод іншых, кажуць, павінна была быць фігура Ягайлы. На жаль, няма. Нехта знайшоў віну — нібыта здраднікам яго лічылі. ВКЛ здрадзіў, праваслаўю. Але ж Княства ад Крэўскай (1385 год) і да самай Люблінскай уніі (1569 год) не было інкарпаравана ў Рэч Паспалітую, як таго хацелі некаторыя польскія магнаты. Разам з вялікалітоўскімі дзеячамі Ягайла не дапусціў гэтага. Некалькі іншых фактаў. Сёння ў Любліне ёсць капліца, цалкам распісаная ў візантыйскім (праваслаўным, значыць) стылі. Зроблена тое па загаду Ягайлы майстрам Андрэем, які, не выключана, паходзіў з беларускіх зямель. У вавельскай спальні Ягайлы былі і праваслаўныя абразы, а ў іншых польскіх касцёлах меліся праваслаўныя капліцы. Ягоная чацвёртая жонка каралева Соф’я Гальшанская яшчэ пры жыцці Ягайлы загадала збудаваць у кафедральным касцёле Кракава капліцу з візантыйскімі абразамі, дзе яе пахавалі па праваслаўнай традыцыі. Як і іхняга сына Казіміра, капліца якога таксама існуе ў тым жа касцёле.
Навошта падганяць гісторыю пад нейкую мэту? Так мы можам пазбавіцца таго, што маем. Не дай Бог, можам сказаць, што і Кастусь Каліноўскі — не герой зусім, таму што ён рабіў тое, тое і тое. Але назавіце хаця б адно паўстанне, якое б было мірным. Ва ўсе часы любая ўзброеная сутычка мела і пазітыўны бок для адных, і негатыўны для іншых. Трэба глядзець на гісторыю аб’ектыўна, бачыць усе яе складнікі, інакш у нас не будзе ні сваёй гісторыі, ні сваіх герояў.
Сёння некаторыя кажуць, што Радзівілы, колішнія некаранаваныя каралі, гэта польскія крывасмокі, якія здзекаваліся з нашага народа. Выбачайце, але скажыце, дзе, у якім краі знайсці магнатаў, якія гнулі б спіны на полі? Розныя былі і Радзівілы. Але зноў жа — трэба бачыць найперш рэальную гісторыю, а не ярлыкі. Не варта забываць тую ж радзівілаўскую звычку быць мецэнатамі. Прыкладаў колькі хочаш. Касцёлы, цэрквы, палацы, вучэльні, друкарні, тэатры, карцінныя галерэі — усяго і не пералічыць. Шмат чым са створанага імі мы (і не толькі мы) карыстаемся і дагэтуль, многае стала нашым нацыянальным набыткам. Дык не трэба знарочыстага шальмавання, трэба без цёмных акуляраў пазіраць на нашу гісторыю.
«Руіны могуць расказаць больш, чым адбудаваны замак»
Мара? Я мару дажыць да таго часу, калі ўсе мы будзем свабодна размаўляць як мінімум на дзвюх мовах — беларускай і рускай.
Як утульна ўсім нам пад небам беларускага слова. Як бы хто ні ставіўся да беларускай мовы, яна жыве. І жыць будзе. Таму што гэта мова нашай нацыі. Няма мовы — няма нацыі. А матчына мова, матчына песня, матчына ласка не можа быць дрэннай альбо непатрэбнай.
Цяпер працую над «замкавай» серыяй кніг — «Таямніцы Мірскага замка», «Таямніцы Нясвіжскага замка», здадзена ў друк кніга «Таямніцы Крэўскага замка». Збіраю матэрыял для чарговай — «Таямніцы Гальшанскага замка».
Упэўнены, што Гальшанскі замак трэба захаваць такім, якім ён сёння ёсць. Гэта руіны, але якія! У гэтых руінах такая рамантычная аўра, што не трэба выдумляць новае збудаванне замка, выяў якога не захавалася. Як і Крэўскага, Навагрудскага. Часам руіны могуць расказаць не менш, чым адбудаваны замак.
На жаль, многія помнікі архітэктуры мы знішчаем самі. Напрыклад, была школа ў якім-небудзь гістарычным будынку, альбо дзіцячы садок, альбо нешта яшчэ. Потым школа з’ехала. І пачалося — адзін ададраў плітку, другі — ліштвы, трэці дастаў акно… І замест помніка засталіся руіны, створаныя намі, сённяшнімі. Таму, з выхаваўчай найперш мэтай, варта аб’яўляць грамадскі збор сродкаў на аднаўленне нашых помнікаў. Дасі рубель на адзін помнік і падумаеш, ці варта бурыць пустуючы, яшчэ і іншага «ахвотніка пажывіцца» спыніш. Адным словам, тэма аховы помнікаў сёння надзвычай балючая.
Маладым будаваць краіну. Наша Беларусь уяўляецца мне магутным дрэвам. Трымаюць яго карані, над імі — магутны ствол, вянчае які густалістая крона. Карані — гэта наша гісторыя, ствол — наш сённяшні дзень, крона — гэта моладзь, заўтрашні дзень нашай зямлі. І адно без другога не можа расці. Дык не варта псаваць ніводзін з гэтых складнікаў. Асабліва варта дбаць пра крону. Бо якая яна сёння, такім будзе наш заўтрашні дзень.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.