У сераду, 4 снежня, у канферэнц-зале Брэсцкай гарадской бiблiятэкi iмя А. С. Пушкiна адбылося паэтычна-музычнае паседжанне, прымеркаванае до 30-годдзя выхаду на беларускай мове твора Антуана дэ Сэнт-Экзюперы «Маленькi прынц». Упершыню «фiласофская казка для дарослых» пабачыла свет у 1943 годзе. Гэта i год нараджэння Нiны Мацяш, берасцейскай паэткi, што ў 1989 годзе зрабiла пераклад з французскай мовы на беларускую.
Нiна Мацяш — чалавек цяжкага лёсу. Яшчэ ў маладыя гады цяжкая хвароба прыкавала яе да iнвалiднага крэсла. Але Нiна здолела скончыць Мiнскi iнстытут замежных моваў (цяпер — лiнгвiстычны ўнiверсiтэт), жыла ў Белаазёрску, доўга i плённа працавала ў лiтаратуры. Невялiчкая кнiжка лiтаратара i лётчыка даўно стала класiкай, яе пераклалi больш чым на трыста моў. Не было толькi беларускага варыянта. I вось напрыканцы iснавання Савецкага Саюза Нiна Мацяш зрабiла гэтую працу.
На iмпрэзе з нагоды першага выдання «Прынца» беларускай мовай было каля паўсотнi гледачоў. Вяла паседжанне кандыдат фiлалагiчных навук Марыя Новiк. Навучэнцы Брэсцкага музычнака каледжа iмя Р. Шырмы выконвалi кампазiцыi беларускага кампазiтара Яўгена Глебава з балета «Маленькi прынц». Вучнi школы № 15 прадэкламавалi ўрывак з кнiгi на мове арыгiнала.
Сама паэтка ўспамiнала, што некалi бачыла сон: яна ў Парыжы, шпацыруе па набярэжнай Сены. Праз многа год сябры зрабiлi Нiне падарунак — тыдзень у Парыжы. Нiна Мацяш пайшла ад нас у снежнi 2008 года. Але напiсанае застаецца з намi.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.