Скарынава кніга прыйшла да нас 500 гадоў таму. Прынята лічыць, што гэта і ёсць той самы адлік узросту беларускай кнігі. Ішлі гады і мяняліся пакаленні, а прыгожае пісьменства набірала ход. Сёння ёсць шмат кніг, але не заўсёды знаходзіцца чытач. Іншы раз ён выбірае глянцавыя часопісы, а не класічную ці сучасную літаратуру або проста друкаванае слова на роднай мове.
Часта становіцца прыкра ад гэтага. Чаму так адбываецца – пытанне складанае і рознабаковае. Глабалізацыя, інтэрнэт-сеткі, двухмоўе… І прыярытэт далёка не заўсёды аддаецца роднай мове. Тым не менш многія лічаць, што «разняволены» працэс «прыцягнення» да беларускай мовы – куды больш важны і асэнсаваны, чым чарговыя хутка знікаючыя кампаніі па «мове».
Выхоўвае сапраўды асяродак. А ён пакуль далёкі ад беларускамоўнага. Заняткі ў школе, этнаграфічныя музеі і фальклорныя святы – добра, але не ў поўнай ступені. І мова знікае. Мы часта самі адмаўляемся ад яе, на вялікі жаль.
Але праблема і ў іншым. У той жа айчыннай літаратуры. Захапляльных кніг няшмат, пісьменнікі праводзяць сустрэчы, бібліятэкары — выставы, а нейкай адзінай беларускамоўнай прасторы, на мой погляд, няма.
Сітуацыя, хочацца верыць, мяняецца. Яшчэ колькі гадоў таму прыдбаць у Берасці ўпадабаных са школьных гадоў «Людзей на балоце» Івана Мележа, калі аднойчы спатрэбілася, не ўдалося. Хоць абышоў усе кніжныя крамы. Зараз з гэтым прасцей. З’явілася вядомая сучасная брэндавая кнігарня. Там заўсёды ёсць беларуская літаратура. Да выдавецкай справы руку прыклалі як Белкніга, так і вядомы беларускі інтэрнэт-партал. Адзін паход у магазін ці заказ па глабальнай сетцы, і кніга твая. Пра такое Скарына і марыць не мог.
У хуткім часе аддзел рэдкай кнігі абласной бібліятэкі імя Горкага ў Берасці папоўніцца зборам твораў у 20 тамах Францыска Скарыны. У наяўнасці ўжо ёсць першая пяцёрка выдатнага факсiмiльнага выдання. Там абсяг інфармацыі для тых, хто цікавіцца беларушчынай. І не толькі. І гэта досыць радасна.
«Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае… гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць…» – пісаў знакаміты ўраджэнец старажытнага Полацка. Гэты ўнікальны гарадок – калыска беларускай дзяржаўнасці і бацька гарадоў беларускіх, сёлета прымае гасцей свята беларускага пісьменства. Будзе там і берасцейская «дыяспара» паэтаў і пісьменнікаў. Полацк увогуле той горад, дзе павінен пабываць кожны. Святая Еўфрасіння, Сафійскі сабор, крыж, да якога мае непасрэднае дачыненне берасцейскі майстар-ювелір Мікалай Кузьміч… Аўры, падобнай да полацкай, у нас больш няма нідзе.
У апошні час напісана шмат добрых кніг на беларускай мове. Гісторык-палачанін Уладзімір Арлоў сёлета рэпрэзентаваў у Берасці чарговую – «Айчына. Маляўнічая гісторыя». Цудоўна ілюстраванае мастаком-графікам берасцейцам Паўлам Татарнікавым выданне выклікала сапраўдны фурор. Добра раскуплялася, нягледзячы на адносна немалы кошт.
Кнігі заўсёды дорага каштавалі. Некалі трэба было прадаць нямала збожжа ці скур, каб купіць іх. Сёння прасцей, што ні кажы. Толькі больш складана зрабіць уласны выбар, бо вочы разбягаюцца ад самай рознай інфармацыі. У тым ліку цікава аздобленай і рознакаляровай.
Сёння ў модзе вышыванкі – і дзякуй Богу. Але ці дастаткова гэтага, каб быць беларусамі, патрыётамі ў поўным сэнсе гэтага слова? Відаць, не. Да гэтага трэба расці. Усім нам, год ад году. Шукаць; магчыма, памыляцца, але ісці наперад.
Цяпер вывучаюць мову нанова. Гэта добра. Галоўнае, каб не «перабаршчылі». Каб бабулі на Пружаншчыне, Століншчыне ці Полаччыне яе, такую сучасную і «моладзевую», зразумелі. А парыў, задумка – выдатныя.
…І няхай грымне свята беларускага пісьменства, бо яно такое адзінае. Мы шмат ведаем традыцый іншых краін і нацый. На жаль, іншы раз забываемся пра свае. Добра, што берасцейскія дзеці будуць вывучаць кітайскую мову, добра, што ў нас з’явіўся амаль бразільскі карнавал… А яшчэ даўней цяперашні берасцейскі мэр Аляксандр Рагачук у сваім упраўленні абавязаў усіх у адзін з дзён гаварыць на беларускай мове. Выдатная ініцыятыва, якая магла пайсці ў народ. А чыноўнік няхай паварушыцца, калі не ведае. Як цяпер кажуць, Гугл у дапамогу. Сёння ў інтэрнэце ёсць цудоўныя руска-беларускія электронныя перакладчыкі.
У апошні час мала шлюбаў бярэцца на беларускай мове. Але яны ёсць! – паведамілі ў Доме грамадзянскіх абрадаў, што знаходіцца на Набярэжнай Францыска Скарыны ў Берасці.
Мы сталі бліжэй да Берасцейскага замка, у нас ёсць свой нобелеўскі лаўрэат – Святлана Алексіевіч. Чаго яшчэ не хапае? Здаецца, усё ёсць. Застаецца выбіраць беларускую мову, калі карыстаешся банкаматам, у безлічы іншых штодзённых сітуацый. Гэта не заклік, гэта нармальна.
500 гадоў таму Скарына пра гэта ўсё і не думаў, відаць. Але зрабіў больш, чым мог здзейсніць чалавек той эпохі Рэнесансу, што дала штуршок на стагоддзі наперад. І, хочацца верыць, на не меншую часавую адлегласць для будучых пакаленняў.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.