У выставачнай зале на Савецкай у Брэсце наладжаны вернісаж аб’яднаў шмат выдатных майстроў на чале з патрыярхамі берасцейскага народнага мастацтва. На жаль, народнага майстра ганчарнай справы Антона Такарэўскага і адраджальніцы беларускага саломапляцення Веры Гаўрылюк няма з намі тры дзясяткі гадоў, але зробленае імі жыве ў творах, якія захоўваюцца цяпер у розных музеях, у тым ліку ЗША, Японіі, Канады. Сёлета споўнілася 110 гадоў з даты іх нараджэння.
Экспанаты везлі з Мінска, бралі ў краязнаўчым музеі Брэста. Выстаўленае ўражвае: вырабы быццам жывыя, цёплыя, над імі не ўладны час. Назва выставы «Ад зямлі да сонца» гучыць сімвалічна. «Залатым сонцам» называюць Веру Ільінічну тыя, хто меў шчасце вучыцца ў яе, разам працаваць. Аднойчы адкрыўшы ў сабе талент, ураджэнка Беласточчыны няспынна працавала да самага сталага ўзросту. Яшчэ больш, у 62 гады паступіла ў Маскоўскі завочны інстытут выяўленчага мастацтва і скончыла яго на выдатна! Кажуць, яе сціплая хата ў Брэсце цалкам была ў саломцы. Жанчына іншы раз забывала прыгатаваць паесці, а вось любімай справай займалася з вялікай ахвотай. Не дзіўна, што дзеці і ўнукі працягваюць яе справу. З Мінска прывезлі саламяных конікаў, што не падняць — такія вялікія, што не толькі дзіцяці, даросламу пакатацца можна… Вера Ільінічна займалася таксама ткацтвам. Яшчэ ў 1930-я гады ўдзельнічала ў выставах як ткачыха. Распрацавала ўзоры з выкарыстаннем саламяных сцёблаў. З такіх тканін на фабрыцы сувеніраў вырабляліся падарункавыя наборы сурвэтак, сумкі. У 1965 годзе арганізавала на прадпрыемстве ўчастак па вырабу саламяных рэчаў і сама працавала там. Ёй было прысвоена званне «Народны ўмелец-майстар» I класа. Яшчэ ў 1960-1970-я гады творы Веры Гаўрылюк экспанаваліся ў Балгарыі, Югаславіі, Маскве.
Нямала цёплых слоў было сказана пра народнага ганчара Антона Рыгоравіча Такарэўскага з Пружаншчыны. Яго посуд высока цаніўся, бо кожны выраб быў выдатнай якасці. Форму, лініі ён адчуваў бездакорна, у чым можна пераканацца на выставе. Што дапамагала? Зоркасць вока, чуйнасць пальцаў, пачуццё прапарцыянальнасці? А можа, усё разам — гэта і называецца прыроджаным талентам? Вядомасць яму прынесла менавіта чарнаглянцавая кераміка. Памятаеце вясковыя гладышы, з якіх у маленстве пілі нагбом?..
Майстра казаў, што гліна, якую ён бярэ ў рукі, пахне, што ён адразу ведае, што з яе зробіць… І рабіў, а дакладней, тварыў нават на зайздрасць сучасным майстрам. У яго засталося шмат вучняў, кажуць, ніколі нікому не адмаўляў у падказках. А калі пыталіся, навошта выдае сакрэты, заўсёды тлумачыў: хачу, каб пасля мяне з’явіўся яшчэ адзін ганчар. І яго мара спраўдзілася. Гэта пацвярджаюць работы Васіля Логвіна, які вучыўся ў Такарэўскага.
Ведаеце, постаці гэтых творцаў аб’ядналі многіх — мастацтвазнаўцаў, сучасных майстроў, моладзь. Усе яны з задавальненнем прынялі ўдзел у мерапрыемстве.
А яшчэ свой малюсенькі юбілей у гэты дзень адзначыла Ларыса Быцко, загадчык аддзела традыцыйнай культуры абласного грамадска-культурнага цэнтра, натхняльнік і арганізатар гэтай і шмат якіх іншых выстаў і сустрэч на ніве беларускай культуры, адраджэння таго, што яшчэ не страчана і чаго ніколі нельга страціць, як сваю радзіму, бо яна ў нас адна.
…Сталічны музыка Алесь Лось і дзіцячы фальклорны калектыў «Вясковая табала» з Маларытчыны паддалі дыхту шыкоўнаму вечару-святу. Гучалі цымбалы, плакала скрыпка, на розныя лады заходзілася валынка… Нацешыцца даўнімі і сучаснымі вырабамі на выставе можна да 31 кастрычніка.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.