У выставачнай зале па вул. Савецкай Берасця па 13 кастрычніка ладзіцца незвычайная экспазіцыя. Так бы мовіць два ў адным: юбілейная выстава прац Анатоля Туркова з Камянца, прысвечаная яго 70-годдзю, і вернісаж да 10-годдзя творчага грамадскага аб’яднання «Тур». Набралася больш за пяцьдзясят неблагіх твораў — карцін, вырабаў з дрэва. Ёсць на што паглядзець.
У першую чаргу гэта «Святое сямейства» на біблейскі сюжэт нараджэння Ісуса. Народны майстар, разьбяр Анатоль Туркоў працаваў над гэтай кампазіцыяй з дуба па 14 гадзін на дзень. Прычым, даволі працяглы час.
— Я вельмі люблю паказваць характары ў сваіх работах, — падзяліўся Анатоль Савельевіч. — Бо інакш нельга, калі працуеш, напрыклад, над вобразамі Еўфрасінні Полацкай ці каралевы Польшчы і вялікай княгіні літоўскай Цэцыліі Рэнаты Аўстрыйскай. Абавязкова трэба паказаць святасць адной і ўладарнасць другой. Так і ў гэтай кампазіцыі «Святое сямейства». Малады пастушок, панна Марыя і святы Іосіф мусяць глядзець на боскае немаўля па-рознаму.
На юбілейную выставу майстра сабралася ці не палова Камянца — родныя, блізкія, сябры, выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў, раённае і абласное начальства ў сферы культуры. Прысутныя адзначалі, што Анатоль Туркоў ва ўсім шукае прыгажосць і цеплыню. Карацей, важныя чалавечыя каштоўнасці. Расказвалі пра яго вялікую сям’ю, у гонар якой бацькі і дзеці штогод падымаюць сцяг і ладзяць свята.
Вялікую колькасць работ майстра нельга даставіць на выставу па аб’ектыўных прычынах, бо яны ўстаноўлены ў многіх гарадах. У тым ліку ў суседняй Польшчы. Гэта малыя архітэктурныя формы, паркавыя скульптуры, паклонныя крыжы.
Па словах загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларысы Быцко, юбілейная выстава Анатоля Туркова паказвае яго творчы шлях у некалькі дзесяцігоддзяў. «Савельевіч», як называюць яго ў Камянцы, таксама адказны куратар абласных пленэраў, старшыня грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў рэгіёна «Белавежская пушча» і Брэстчыны «Тур». Яго сябры — дванаццаць мастакоў таксама прадставілі свае творы: роспіс па шкле, разьба па дрэву, выцінанка, ткацтва, саломапляценне.
Рэгіён пушчы і Берасцейшчыны яшчэ раз падкрэсліў, як багата тут народных талентаў. І як важна захоўваць традыцыі, каб яны не зніклі як продак зубра — першабытны тур.
Хотите оставить комментарий? Пожалуйста, авторизуйтесь.