25 сен / 2017
25 сен / 2017
БРЕСТ
13°
15°
БРЕСТ
13°
15°
БРЕСТ
13°
15°
Гугл у дапамогу, ці Дзякуй Скарыну

02 сентября 2017

Новости Бреста

Скарынава кніга прыйшла да нас 500 гадоў таму. Прынята лічыць, што гэта і ёсць той самы адлік узросту беларускай кнігі. Ішлі гады і мяняліся пакаленні, а прыгожае пісьменства набірала ход. Сёння ёсць шмат кніг, але не заўсёды знаходзіцца чытач. Іншы раз ён выбірае глянцавыя часопісы, а не класічную ці сучасную літаратуру або проста друкаванае слова на роднай мове.

Новости Бреста

Часта становіцца прыкра ад гэтага. Чаму так адбываецца – пытанне складанае і рознабаковае. Глабалізацыя, інтэрнэт-сеткі, двухмоўе… І прыярытэт далёка не заўсёды аддаецца роднай мове. Тым не менш многія лічаць, што «разняволены» працэс «прыцягнення» да беларускай мовы – куды больш важны і асэнсаваны, чым чарговыя хутка знікаючыя кампаніі па «мове».

Выхоўвае сапраўды асяродак. А ён пакуль далёкі ад беларускамоўнага. Заняткі ў школе, этнаграфічныя музеі і фальклорныя святы – добра, але не ў поўнай ступені. І мова знікае. Мы часта самі адмаўляемся ад яе, на вялікі жаль.

Але праблема і ў іншым. У той жа айчыннай літаратуры. Захапляльных кніг няшмат, пісьменнікі праводзяць сустрэчы, бібліятэкары - выставы, а нейкай адзінай беларускамоўнай прасторы, на мой погляд, няма.

Сітуацыя, хочацца верыць, мяняецца. Яшчэ колькі гадоў таму прыдбаць у Берасці ўпадабаных са школьных гадоў «Людзей на балоце» Івана Мележа, калі аднойчы спатрэбілася, не ўдалося. Хоць абышоў усе кніжныя крамы. Зараз з гэтым прасцей. З’явілася вядомая сучасная брэндавая кнігарня. Там заўсёды ёсць беларуская літаратура. Да выдавецкай справы руку прыклалі як Белкніга, так і вядомы беларускі інтэрнэт-партал. Адзін паход у магазін ці заказ па глабальнай сетцы, і кніга твая. Пра такое Скарына і марыць не мог.

У хуткім часе аддзел рэдкай кнігі абласной бібліятэкі імя Горкага ў Берасці папоўніцца зборам твораў у 20 тамах Францыска Скарыны. У наяўнасці ўжо ёсць першая пяцёрка выдатнага факсiмiльнага выдання. Там абсяг інфармацыі для тых, хто цікавіцца беларушчынай. І не толькі. І гэта досыць радасна.

«Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае… гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць…» – пісаў знакаміты ўраджэнец старажытнага Полацка. Гэты ўнікальны гарадок – калыска беларускай дзяржаўнасці і бацька гарадоў беларускіх, сёлета прымае гасцей свята беларускага пісьменства. Будзе там і берасцейская «дыяспара» паэтаў і пісьменнікаў. Полацк увогуле той горад, дзе павінен пабываць кожны. Святая Еўфрасіння, Сафійскі сабор, крыж, да якога мае непасрэднае дачыненне берасцейскі майстар-ювелір Мікалай Кузьміч… Аўры, падобнай да полацкай,  у нас больш няма нідзе.

У  апошні час напісана шмат добрых кніг на беларускай мове. Гісторык-палачанін Уладзімір Арлоў сёлета рэпрэзентаваў у Берасці чарговую – «Айчына. Маляўнічая гісторыя». Цудоўна ілюстраванае мастаком-графікам берасцейцам Паўлам Татарнікавым выданне выклікала сапраўдны фурор. Добра раскуплялася, нягледзячы на адносна немалы кошт.

Кнігі заўсёды дорага каштавалі. Некалі трэба было прадаць нямала збожжа ці скур, каб купіць іх. Сёння прасцей, што ні кажы. Толькі больш складана зрабіць уласны выбар, бо вочы разбягаюцца ад самай рознай інфармацыі. У тым ліку цікава аздобленай і рознакаляровай.

Сёння ў модзе вышыванкі – і дзякуй Богу. Але ці дастаткова гэтага, каб быць беларусамі, патрыётамі ў поўным сэнсе гэтага слова? Відаць, не. Да гэтага трэба расці. Усім нам, год ад году. Шукаць; магчыма, памыляцца, але ісці наперад.

Цяпер вывучаюць мову нанова. Гэта добра. Галоўнае, каб не «перабаршчылі». Каб бабулі на Пружаншчыне, Століншчыне ці Полаччыне яе, такую сучасную і «моладзевую», зразумелі. А парыў, задумка – выдатныя.

…І няхай грымне свята беларускага пісьменства, бо яно такое адзінае. Мы шмат ведаем традыцый іншых краін і нацый. На жаль, іншы раз забываемся пра свае. Добра, што берасцейскія дзеці будуць вывучаць кітайскую мову, добра, што ў нас з’явіўся амаль бразільскі карнавал… А яшчэ даўней цяперашні берасцейскі мэр Аляксандр Рагачук у сваім упраўленні абавязаў усіх у адзін з дзён гаварыць на беларускай мове. Выдатная ініцыятыва, якая магла пайсці ў народ. А чыноўнік няхай паварушыцца, калі не ведае. Як цяпер кажуць, Гугл у дапамогу. Сёння ў інтэрнэце ёсць цудоўныя руска-беларускія электронныя перакладчыкі.

У апошні час мала шлюбаў бярэцца на беларускай мове. Але яны ёсць! – паведамілі ў Доме грамадзянскіх абрадаў, што знаходіцца на Набярэжнай Францыска Скарыны ў Берасці.

Мы сталі бліжэй да Берасцейскага замка, у нас ёсць свой нобелеўскі лаўрэат – Святлана Алексіевіч. Чаго яшчэ не хапае? Здаецца, усё ёсць. Застаецца выбіраць беларускую мову, калі карыстаешся банкаматам, у безлічы іншых штодзённых сітуацый. Гэта не заклік, гэта нармальна.

500 гадоў таму Скарына пра гэта ўсё і не думаў, відаць. Але зрабіў больш, чым мог здзейсніць чалавек той эпохі Рэнесансу, што дала штуршок на стагоддзі наперад. І, хочацца верыць, на не меншую часавую адлегласць для будучых пакаленняў.

ФОТО: Сяргея МОШЧЫКА
Сергей Мощик

1413
8
Меня это радует (16.7%)
Мне все равно (16.7%)
Мне это интересно (66.7%)
Меня это злит (0%)
Станислав
11.09.2017 10:46
ответить ответить с цитатой
Пора уж на латиницу переходить и все дела - спорить не о чем будет.
Ігнат
08.09.2017 12:02
ответить ответить с цитатой
«Вас лягчэй бяздзейсна сядзець у псiхалагiчным гета i "апантана" сумаваць…» - пішаце Вы. – глупства несусветнае. Адкуль такія, мягка кажучы, неабгрунтаваныя і незразумелыя вывады робіце?.. Зусім слабы з Вас псіхолаг, калі так. З рыцыяналізмам я сапраўды вырашу сам, Ваша меркаванне тут для мяне зусім не важнае. У сваёй норцы сядзяць якраз усякія там аматары сацыялінгвістыкі, якія вераць, што робяць самую вялікую справу для іншых. А вось не трэба вырашаць за іншых, гэта і ёсць тут галоўная думка. А Вашы здагадкі, гэта ўсяго толькі незразумелая спробы пацешыць свае нейкія амбіцыі. А чалавек без эмоцый – мярцвяк. Вашы думкі, зразумела кожнаму, ніякі не толькі не верагоднасны шлях вырашэння праблемы, а цалкам незразумелыя і ні на чым не абгрунтаваныя, калі меркаваць з напісанага тут. І дыскусія, тут вядзецца не толькі для таго, каб менавіта Вы тут нешта ДЛЯ СЯБЕ пачулі. Манія велічы, нейкая, прабачце.
Аматар сацыялiнгвiстыкi
06.09.2017 17:59
ответить ответить с цитатой
Пра што спрачаемся? Я пiшу не пра эмоцыi, а пра верагоднасны шлях вырашэння праблемы. На Вас, на жаль, рацыяналiзм не дзейнiчае нiяк. А пiшам жа мы, па сутнасцi, пра адно i тое ж. Толькi я прапаную рацыянальны механiзм вырашэння пытання, а для Вас лягчэй бяздзейсна сядзець у псiхалагiчным гета i "апантана" сумаваць. Так што заставайцеся пры свaiм "меркаваннi". Новага i цiкавага для сябе я ад Вас ужо не пачую.
Ігнат
06.09.2017 12:22
ответить ответить с цитатой
Паважаны, аматар сацыялінгвістыкі, тэма цікавіць многіх. «Досвед 20-х і 90-х гг. сведчыць, што любы ўціск у гэтым напрамку прыводзіць да абсалютна процілеглых наступстваў…» - пішаце Вы. Пра што тут гаворка? Ніякага ўціску не было, ва ўсякім разе ў 90-я, якія я цудоўна памятаю. Наадварот, людзі пацягнуліся тады да яе, сталі вывучаць ў школах, бо экзамен па бел. мове і г.д. Тады ж раптам з мовы зрабілі палітыку, сказалі, відаць, такія як Вы, што яна нікому не патрэбна, вось і ўсё. Пра рэферэндум застануся пры сваім меркаванні. У нас так і за павышэнне ўзросту пенсіянераў усе “ЗА”, як быццам, і па многіх іншых пытаннях.
Менавіта “пісьмовая беларускамоўная традыцыя” атрымала шырокае распаўсюджванне, паважаны, але гэтага, відавочна, недастаткова.
Пра які “адкат” Вы, паважаны, кажаце? Адбыўся наадварот усплёск цікавасці да мовы, у моладзі, напрыклад.
Ніхто за нікога не вырашае, але і інтарэсы зацікаўленых таксама трэба ўлічваць. Вы ведаеце, напрыклад, што значыць сёння ў Берасці адкрыць беларускамоўны клас і чаго гэта каштуе бацькам?.. Ні ў адной краіне свету такога няма.
Аматар сацыялінгвістыкі
05.09.2017 20:07
ответить ответить с цитатой
Па-першае, відавочна, што тэма цікавіць нямногіх. Як я сказаў, мяне прываблівае сацыялінгвістыка, а не ідэалогіі. У разважаннях Ігната, на жаль, толькі ідэалогія і эмоцыі. Па-другое, двухмоўе - гэта выбар нашага грамадства. Калі правесці новы рэферэндум на гэты конт, хіба вынікі будуць іншымі? Тады навошта чапляцца да двухмоўя, замест таго, каб напоўніць яго жывым зместам? Досвед 20-х і 90-х гг. сведчыць, што любы ўціск у гэтым напрамку прыводзіць да абсалютна процілеглых наступстваў. Любыя выказванні супраць двухмоўя - гэта, на справе, нож у беларускую мову. Тут трэба глядзець глыбей, а не засяроджвацца на ўласных эмоцыях. Хочацца трэцяй серыі звужэння сферы выкарыстання бел. мовы? Калі так, то працягвайце кідацца словамі накшталт "дурні", "трызненне" і да т. п. Папярэдні досвед Вас, Ігнат, і Вашых аднадумцаў, на жаль, так нічаму і не навучыў. Па-трэцяе, Вы сказілі мае думкі. Культурным праектам з'яўляецца ЛЮБАЯ кадыфікаваная літаратурная мова. Любому культурнаму праекту неабходна прайсці шлях да прызнання. Што да Роднай Мовы, то для кагосьці яна можа такой быць не толькі ў літаратурным увасабленні, але таксама на ўзроўні безпісьмовага дыялекта або сацыялекта. Калі пісьмовая беларускамоўная традыцыя не атрымала шырокага распаўсюджвання, то тут і трэба шукаць шляхі яе пашырэння. Вось я і пісаў, што ЛІТАРАТУРНУЮ мову можна прасоўваць не толькі як ужо прынятую людзьмі Родную Мову (чаго, як бачым, амаль не адбылося ні сёння, ні ў часы адпаведных палітычных кампаній, іначай адкат такім масавым не быў бы), а і як культурны праект. Так-так, паважаны Ігнат, літаратурную мову можна любіць і ў якасці культурнага праекта, нічога страшнага ў гэтым няма. А вось вырашаць за іншых, якая мова для іх родная, - а ў чым практычны сэнс? Па-чацвёртае, не кожны праект, што на нашай зямлі нарадзіўся і, як Вы пішаце, "цікавы ўсяму свету", многім цікавы на месцы. Дык я ж і пішу пра тое, як гэты практ зрабіць больш цікавым і прывабным. А Вы на мяне так груба наязджаеце. Па-пятае, а калі б я быў да згаданага праекта абыякавы, па-Вашаму, я б уключыўся ў спробу гэтага асэнсавання? Ды яшчэ і ў рамках самога гэтага праекта.
Ігнат 2
03.09.2017 12:04
ответить ответить с цитатой
(прабачце, працяг) "Некаторыя імкнуцца навязаць"... ну, дурні заўсёды ёсць, а хто і адпрацоўвае замежныя праекты і гранды, і гэта сапраўды так. Не трэба звяртаць увагу на крайнасці, а лепш пастарацца зразумець, што мы сапраўды БЕЛАРУСЫ і толькі гэтым цікавыя ўсяму свету. А мову трэба любіць, а не разважаць пра яе. З гэтага пачынаецца веданне, выкарыстанне ў паўсядзеным жыцці. На мой погляд, так.
Ігнат
03.09.2017 11:57
ответить ответить с цитатой
Не ведаю, як у Вас там з сацыялінгвістыкай, а наконт роднай мовы зусім не згодны. Беларуская мова, як культурны праект (недарэчны нейкі тэрмін) з'яўляецца такой, магчыма, толькі для тых, хто ведае і адносіцца да яе павярхоўна. Калі слухае радыё ці нават выконвае службовыя абавязкі. Для такіх закончылася праца (канцэрт, фестываль, навуковая работа і г.д.) і ўсё, "закончылася" родная мова. Такіх, на жаль, шмат. Тут гаворка ідзе пра больш сур'ёзныя рэчы.

"Што на псіхалагічным узроўні стрымлівае распаўсюджванне беларускай літаратурнай мовы" - вядома што - двухмоўе.

"Яе абсалютна неадэкватны статус, які некаторыя імкнуцца навязаць усім астатнім.." "Неадэкватны статус", прабачце, трызненне нейкае Ваша. Вышэй гаворка ўжо ішла менавімта пра статус. На жаль, сёння ён такі. А былі іншыя часы, я гэта памятаю. І нічога дрэннага ў гэтым не было. "
Аматар сацыялінгвістыкі
03.09.2017 00:53
ответить ответить с цитатой
Карысна найперш разабрацца з вызначэннямі. У прыватнасці - "маўленне" і "літаратурная мова". Маўленне таго ці іншага чалавека, жыхароў пэўнай мясцовасці, людзей дадзенага ўзросту, прафесіі і да т. п. - гэта рэчаіснасць. А вось кадыфікаваная літаратурная мова на падставе маўлення людзей - гэта культурны праект. Ён можа дарасці да ўзроўню Роднай Мовы, а можа так і застацца культурным праектам, застылым у ажыццяўленні. Існуюць некалькі версій беларускай літаратурнай мовы - "тарашкевіца" на кірыліцы, "тарашкевіца" на лацінцы, "наркамаўка", сучасная афіцыйная мова (спадкаеміца "наркамаўкі", але ад яе ўсё ж такі адрозніваецца). Гэта стварае пэўную блытаніну. Сапраўды Роднай Мовай можа стаць толькі той культурны праект, які прыняты стыхійна. Уплыў зверху гэтаму можа спрыяць або перашкаджаць, але яго ролю не варта перабольшваць. А цяпер давайце вызначымся, што на псіхалагічным узроўні стрымлівае распаўсюджванне беларускай літаратурнай мовы. Яе абсалютна неадэкватны статус, які некаторыя імкнуцца навязаць усім астатнім. Хто яе прыняў і палюбіў, для тых яна, насамрэч, Родная Мова, для ўсіх іншых - толькі культурны праект. Яго першапачатковая выпрацоўка адбывалася, у асноўным, па-за межамі сучаснай Брэсцкай вобласці, сюды ён быў прынесены ў гатовым выглядзе. Літаратурная руская мова таксама прыйшла ў наш край ужо ў распрацаваным выглядзе. Але гэты, для нашага краю, культурны праект быў засвоены стыхійна. Хто прыняў яго як Родную Мову, тыя, як правіла, не ўспрымаюць любыя разважанні, што іхняй роднай мовай нібыта з'яўляецца іншая. Трасянка - гэта сучаснае маўленне, якое стыхійна выпрацавалася на падставе мясцовага традыцыйнага маўлення і двух культурных праектаў - літаратурных рускай (у большай ступені) і беларускай (у меншай ступені) моў. Хто хоча, можа сказаць: "Беларуская мова - мая родная". Але астатнім карыстанне ёю можна прапаноўваць на сённяшні дзень толькі ў якасці культурнага праета. Напрыклад: "А давайце сёння ў нашай кампаніі скарыстаемся культурным праектам пад назвай беларуская [літаратурная] мова". Або: "Я буду гаварыць сёння на сваёй роднай беларускай мове. Хацелася б, каб гэты культурны праект выклікаў у вас станоўчыя эмоцыі". Але прасоўванне дадзенага культурнага праекта ў якасці непасрэднай Роднай Мовы - шлях у нікуды, нават калі камусьці гэта па-чалавечаму прыкра. Літаратурная беларуская мова адбылася як мова-сімвал. Але каб стаць сродкам нефармальных зносін, ёй неабходна замацавацца ў свядомасці хаця б некаторых патэнцыйных носьбітаў у якасці культурнага праекта, які, пры жаданні, можна прыняць і ў якасці Роднай Мовы. "Дагонім і перагонім Заходнюю Украіну", як сведчыць гісторыя, нам гэта падыходзіць мала. [Хто хоча паспрачацца з пункту гледжання не сацыялінгвістыкі, а любой з ідэалогій, - гэта не да мяне.]
15 сентября библиотекари и, можно сказать, все читатели отмечают профессиональный...
394
0
И показали высокие результаты в республиканском конкурсе юных чтецов «Живая...
508
0
Дзень беларускага пісьменства 2-3 верасня святкуюць ў Полацку. Удзел у ім прымаюць і сябры...
571
0
А всего через несколько дней в знакомом ивацевичским книголюбам здании на ул....
739
0
Средний размер пенсии на Брестчине – 285 рублей. Это:






Ответить
usd 1.93 1.94
eur 2.3 2.32
rur 3.35 3.39
+выбрать лучший курс
Авторизация
E-mail:
Пароль:
Заказать звонок
Ваше имя:
Телефон:
Удобное время для звонка:
Отправить
Вы используете устаревший браузер.
Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:
mozilla chrome opera safari